«Тэрміновы заклік аб вызваленні беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта» — Еўрапейская кінаакадэмія падтрымала зварот Беларускай незалежнай кінаакадэміі да сербскіх уладаў з патрабаваннем неадкладнага вызвалення беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта. «Мы заахвочваем кіна- і культурныя інстытуцыі па ўсім свеце далучыцца да гэтай кампаніі салідарнасці», — звярнулася да супольнасці еўрапейская інстытуцыя.
Заява Беларускай незалежнай кінаакадэміі была апублікавана ўчора на сайце арганізацыі — сёння да паслання далучылася Еўрапейская кінаакадэмія, а гэтаксама яе заўважыла вядучае амерыканскае выданне Variety.
«У сваёй заяве Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) заклікала міжнародныя арганізацыі і праваабарончыя групы звярнуцца да сербскіх уладаў, падкрэсліваючы неабходнасць прадухілення экстрадыцыі Гнёта і забеспячэння яго вызвалення, — напісала медыя. — Еўрапейская кінаакадэмія падзяліла заклапочанасць BIFA, выказаўшы салідарнасць з беларускімі калегамі […]».
«Андрэй Гнёт вядомы тым, што здымаў дакументальную хроніку падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі і запісваў заклікі спартоўцаў да свабодных і справядлівых выбараў, — адзначаецца ў звароце Беларускай незалежнай кінаакадэміі. — За гэтыя дзеянні ён пераследуецца беларускім рэжымам. Андрэя арыштавалі ў Сербіі, бо Інтэрпол задаволіў запыт беларускіх уладаў на яго вышук. Пазней Інтэрпол адмяніў запыт на вышук, аднак Сербія не вызваліла Андрэя, і небяспека ў тым, што ён можа быць экстрадаваны ў любы момант».
«Андрэй Гнёт прызнаны міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі палітычным вязнем», — інфармуюць супольнасць беларускія незалежныя кінематаграфісты.
«Гадамі беларускі рэжым працягвае пераследаваць актыўных грамадзян пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, каб знішчыць любыя праявы іншадумства. У Беларусі няспынна працягваюцца ператрусы, арышты і катаванні.
Ніякая цывілізаваная краіна ці міжнародная арганізацыя не супрацоўнічаюць з Беларуссю ў пошуку і экстрадыцыі палітычна актыўных уцекачоў.
Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і праваабарончыя групы звярнуцца да ўладаў Сербіі з просьбай не дапусціць экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь і дамагчыся яго неадкладнага вызвалення. Час мае важнае значэнне, мы павінны дзейнічаць зараз, каб выратаваць Андрэя Гнёта», — «б’е ў званы» BIFA.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram