Сёння ўначы ў Beverly Hilton у Лос-Анджэлесе прайшла 80-я цырымонія прэміі «Залаты глобус». Найбольшую колькасць узнагарод на ёй узяла стужка «Баншы Інішэрына» брытана-ірландскага рэжысёра і сцэнарыста Марціна МакДоны з Колінам Фарэлам у галоўнай ролі. Але беларусам сёлета «Залаты глобус» можа быць цікавы яшчэ з іншай прычыны: упершыню сярод сябраў яго журы працавала прадстаўніца Беларусі — кінакрытык, амбасадарка Беларускай Рады культуры Ірэна Кацяловіч. Reform.by звязаўся з нашай суайчынніцай, каб распытаць яе пра персанальных кінафаварытаў, цікавосткі ўнутранай «кухні» журэння ў «Залатым глобусе» і амерыканскае кіно.
– Ірэна, ці супалі твае фаварыты і пераможцы прэміі?
– Я вельмі парадавалася за сапраўды варты ўсялякіх узнагародаў фільм “Баншы Інішэрына” Марціна МакДоны, які перамог у катэгорыях “Найлепшы фільм (мюзікл ці камедыя)” і “Найлепшы сцэнар”, а Колін Фарэл стаў найлепшым акцёрам. Сама галасавала і за стужку, і за Фарэла. Таксама супала ў выбары найлепшых актрыс – у драме для мяне гэта Кейт Бланшэт за фільм “Тар”, у мюзікле/камедыі – Мішэль Ео за фільм “Усё паўсюль і адразу”. Але я не ўдзельнічала, напрыклад, у тым, каб найлепшым фільмам у драме сталі “Фабельманы” Спілберга, хаця ў фільме ёсць цудоўная ў сваёй нечаканасці сцэна з легендарным Дэвідам Лінчам. Дзякуй, што хаця б не “Аватар” перамог. У мяне былі іншыя фаварыты ў “найлешым фільме на замежнай мове”, “найлепшым рэжысёры” і анімацыі. Але тое, што ў выніку абранае сярод намінаваных стужак, мне падаецца задавальняючым вынікам, хоць гэта, напэўна, гучыць па-снобску.
– Што было самым захапляльным падчас судзейства? Ці звяралася ты з калегамі?
– Самае захапляльнае – сам факт таго, што ты маеш эксклюзіўны доступ да некалькіх сотняў фільмаў, а чаканыя рэлізы можаш глядзець у ліку першых. На маёй пошце цэлая “картатэка” спасылак на новыя кінаадкрыцці, што маюць не тое каб лічаныя, але далёка не ўсе людзі, – гэта тое прыемнае, што мне дало журэнне ў “Залатым глобусе”.
Таксама ўпіваешся тым, што свае веды і свой густ можаш ужыць для таго, каб адна з галоўных, прынамсі, гучных кінапрэмій свету схілялася да менш глядацкага, маніпулятыўнага кіно, што б гэта ні значыла. Я ўсё думала, няўжо ў ліку пераможцаў акажацца, напрыклад, “Чорная пантэра: Ваканда назаўжды”, і з абвяшчэннем вынікаў троху выдыхнула: фільм адзначаны толькі ў катэгорыі “Найлепшая актрыса другога плана”.
З калегамі я магла абмеркаваць толькі нейкія арганізацыйныя моманты, але не свае перавагі: такія правілы любога кінажурэння, ты можаш абмеркаваць фільм, але не можаш нейкім чынам выяўляць, як будзеш галасаваць, бо такім чынам апасродкавана ўплываеш на чужы выбар.
– Што можа распавесці «Залаты глобус» пра амерыканскае кіно? У якім яно стане?
– «Залаты глобус» не раскажа пра амерыканскае кіно нічога цэльнага. Ён, канечне, пацвердзіць трэнд на азіяцкае, пакажа, што сярод аўтараў “прамаваных” стужак усё больш рэжысёраў-жанчын, а ў глядацкім кіно быццам бы рухаюцца ў бок так званай diversity і роўнасці ў аспектах, якія сёння турбуюць амерыканскае грамадства. Але намінаванае на прэмію, і тым больш абвешчаныя пераможцы – толькі маленькая частка тысяч фільмаў. Сярод заяўленых на прэмію карцін я бачыла такія файныя экзэмпляры, якія, я разумела, ніколі не трапяць у лік намінантаў такой прэміі, як “Залаты глобус”. Аднак гэтыя фільмы вартыя быць прааналізаванымі са шмат якіх пунктаў гледжання – што турбуе грамадства, як яно працуе з выбухнымі тэмамі, чаго прагне, наколькі гэтая рэальнасць увогуле цікавіць рэжысёраў, якой яны бачаць сваю краіну, колькі ў іх магчымасцяў працаваць не толькі з надзённым, але і з глабальным, асабістым, чымсьці ўвогуле адарваным ад кан’юнктуры.
– На якіх рэжысёраў варта звярнуць увагу ў гэтым годзе?
– Адным з самых гучных фільмаў у сёлетняй падборцы быў “Вавілон” Дэм’ена Шазэла, спрэс свята і карнавал з чарадой кіназорак. Я помню, як глядзела ягоную “Апантанасць” на “Лістападзе” ў Менску, гэта быў другі фільм рэжысёра, але ўжо тады хацелася чакаць наступных. На нашых вачах Шазэл выпусціў суперпаспяховы “Ла-ла-лэнд”, цяпер мы маем “Вавілон” – усё ж цікавая кар’ера. Я такім жа чынам буду сачыць за бельгійцам Лукасам Донтам, яго фільм “Блізка” быў намінаваны як “Найлепшы фільм на замежнай мове”. Сярод ненамінаваных, але і не навічкоў у кіно, адзначыла для сябе Алі Абасі, аўтара іранскага фільма “Святы павук”, і Мары Кройцар, якая зняла надзвычайны “Карсаж”.
– Ці пагадзішся быць ў журы «Залатога Глобуса» зноў, калі прапануюць?
– Трэба ўжо ў журы “Оскара” ісці (усміхаецца).
***
Нагадваем, што ўзнагароды «Залатога глобуса-2023» размеркаваліся наступным чынам:
Найлепшы фільм (драма) — «Фабельманы»;
Найлепшы фільм (камедыя/мюзікл) — «Баншы Інішэрына»;
Найлепшы рэжысёр — Сцівер Спілберг, «Фабельманы»;
Найлепшы акцёр (драма) — Осцін Батлер, «Элвіс»;
Найлепшая актрыса (драма) — Кейт Бланшэт, «Тар»;
Найлепшы акцёр (камедия/мюзікл) — Колін Фарэл, «Банші Інішэрына»;
Найлепшая актрыса (камедыя/мюзікл) — Мішэль Ео, «Усё паўсюль і адразу»;
Найлепшы акцёр другога плана — Ке Хюі Куан, «Усё паўсюль і адразу»;
Найлепшая актрыса другога плана — Анджэла Басэт, «Чорная Пантэра: Ваканда назаўжды»;
Найлепшы сцэнар — Марцін МакДона, «Банші Інішэрына»;
Найлепшы фільм на замежнай мове — «Аргенціна, 1985» — Аргенціна;
Найлепшы анімацыйны фільм — «Пінокіа Гільерма дэль Тора»;
Найлепшы саўндтрэк — Джасцін Гурвіц, «Вавілон»;
Найлепшая песня — «Naatu Naatu», «RRR: Побач раве рэвалюцыя»;
Найлепшы серыял (драма) — «Дом Дракона»;
Найлепшая актрыса на ТВ (драма) — Зендэя, «Эйфарыя»;
Найлепшы акцёр на ТВ (драма) — Кэвін Костнэр, «Йеллоустоун»;
Найлепшы серыял (камедыя/мюзікл) — «Пачатковая школа «Эбат»;
Найлепшая актрыса на ТВ (камедыя/мюзікл) — Куінта Брансан, «Пачатковая школа «Эбат»;
Найлепшы акцёр на на ТВ (камедыя/мюзікл) — Джэрэмі Ален Уайт, «Мядзведзь»;
Найлепшы міні-серыял — «Белы лотас»;
Поўны спіс узнагарод глядзець тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram