Сцэна са спектакля "Казка аб мёртвай царэўне" ў Купалаўскім тэатры. Фота: сайт тэатра.
У Сусветны дзень тэатра, першы намеснік міністра культуры Беларусі Дзмітрый Шляхцін агучыў пазітыўную статыстыку: 150 новых пастановак у год і мільёны гледачоў. Супаставілі цытаты чыноўніка з рэальнай карцінай у беларускіх тэатрах.
Пра грошы: «Асноўны матыў — не зараблянне»
«Фестывальны рух — адзін са складнікаў развіцця тэатральнага мастацтва ў Беларусі […], — заявіў першым намеснік міністра культуры ў інтэрв’ю для Першага інфармацыйнага. — Але асноўная праца ладзіцца ў будынках саміх тэатраў, і ўлічваючы тую сістэму фінансавання, якая ўжо некалькі гадоў працуе для тэатральна-відовішчных арганізацый, гэта перш за ўсё — зрабіць штосьці новае, што прыцягне больш гледачоў у сам тэатр. Асноўны матыў — не зарабатванне грошай, а знаходжанне новых форм, падыходаў, змены ў рэпертуарнай палітыцы, каб прыходзіла як мага болей і болей гледачоў. Тыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія мы бачым, паказвае, што праца ў гэтым кіранку актыўна ідзе».
Што насамрэч:
З 1 студзеня 2025 года беларускія тэатры пераведзены на схему 50/50. Дзяржава аплачвае толькі палову расходаў, астатняе калектывы мусіць зарабляць самі.
«У выніку тэатры вымушаныя займацца «чым заўгодна», каб завабіць гледача, што прыводзіць да засілля таннай забаўляльнай прадукцыі. Творчасць замяняецца камерцыяй, а якасць спектакляў імкліва падае», — канстатаваў намаганне тэатраў выжыць у выніковым аглядзе ад Беларускай Рады культуры тэатральны крытык.
Пра «не цэнзуру»: «Мы не саромеемся пытацца»
«Мы ўдзельнічаем у прыёмцы спектакляў, калі ёсць нейкія пытанні, мы гэтыя пытанні не саромеемся задаваць, і нам на гэтыя пытанні, вядома, адказваюць. Гэта не цэнзура ні ў якім разе… Мы павінны разумець, наколькі гэта апавядае важнымі падзеямі ў жыцці краіны», — адзначае Дзмітрый Шляхцін.
Што насамрэч:
Менавіта ў рамках такой «прыёмкі» летась быў забаронены спектакль Ігара Карняга «Сёстры Грым». Камісія Мінкульта палічыла занадта «чорным» для беларускага гледача. Гэты выпадак паказаў: нават калі спектакль ішоў на сцэне 10 гадоў (папярэднік «Сёстры Грым» «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі» быў хітом РТБД), сёння пастаноўка можа трапіць пад нож з-за «неадпаведнасці моманту».
Пра моладзь і «новае гучанне»
«Можна прыдаць і класічным творам новае гучанне, якое прыцягне новую публіку, і перш за ўсё — моладзь. Каб змянілася стэрэатыпнае меркаванне, што моладзь установы культуры не наведвае», — разважае чыноўнік.
Што насамрэч:
Пакуль міністэрства марыць пра моладзь, у Акадэміі мастацтваў ліквідаваны асобны тэатральны факультэт — яго далучылі да факультэта кіно і ТБ.
Русіфікацыя праз класіку
«Класіка — ёсць класіка… але можна прыдаць ёй новае гучанне», — можна зноў звярнуцца да гэтай тэзы спадара Шляхціна.
Што насамрэч:
Новае гучанне» ўсё часцей набывае расійскі акцэнт.
Усё больш на месца звольненых рэжысёраў, актораў, мастацкіх кіраўнікоў у беларускія тэатры прыходзяць расійскія адмыслоўцы. Тут можна ўзгадаць прыклад Операнага тэатра, дзе мастацкі кіраўнік — народны артыст Рэспублікі Башкартастан дырыжор Арцём Макараў, галоўны балетмайстар — заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб, і ўсё болей і болей у штаце з’яўляецца расійскіх артыстаў. Нават Купалаўскі тэатр — (былы) найгалоўны беларускі тэатр краіны ў сакавіку ўзначаліў расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў.
Тут жа можна дадаць дзейнасць Рассупрацоўніцтва, якое праз сетку «Расійскіх цэнтраў навукі і культуры» (вядомых як «Рускія дамы») прасоўвае каштоўнасці рускай культуры.
Менавіта праз Рассупрацоўніцтва праходзяць прыстойныя бюджэты на камандзіроўкі расійскіх рэжысёраў, пастаўку абсталявання ў беларускія тэатры і арганізацыю лабараторый, падчас якіх расійскія рэжысёры ставяць спектаклі па рускай класіцы. Калі ў беларускай установы няма грошай на дэкарацыі, Рассупрацоўніцтва можа «дапамагчы» — але ўзамен у рэпертуары з’явіцца патрэбны ідэалагічны кантэнт.
Кіраўнік Рассупрацоўніцтва Яўген Прымакоў адкрыта называе гэта «прасоўваннем рускай тэатральнай школы» і захаваннем «гісторыка-мемарыяльнай спадчыны».
Адначасова з гэтым таксама ідзе русіфікацыя: нават знакавы віцебскі тэатр «Лялька», які заўсёды быў беларускамоўным, пачаў ставіць спектаклі на рускай мове.
Лічбы «поспеху» ад Мінкульта:
150 новых пастановак кожны год.
1200 спектакляў на дзяржаўных сцэнах.
2 млн 300 тысяч наведвальнікаў штогод.
Статыстыка выглядае прыгожа, але яна не ўлічвае галоўнага — мастацкай вартасці. Тэатр, пастаўлены ў жорсткія фінансавыя рамкі і абмежаваны ідэалагічнай «прыёмкай», губляе сваё развіццё, ператвараючыся ў бяспечную і аплачаную самім гледачом дэкарацыю. Сённяшнія 2 мільёны гледачоў — гэта людзі, якіх паступова прывучаюць глядзець на свет праз прызму «рускага тэатра за мяжой».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram