Міжнародны дэкламатарскі конкурс-2025. Фота: tutaka.org
Ужо заўтра, 24 лютага, у Беластоцкім тэатры лялек можна будзе трапіць на выступленні фіналістаў V Дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы, які аб’ядноўвае дзяцей, моладзь і дарослых. Чытаць вершы і ўрыўкі з твораў класікаў будуць 25 удзельнікаў урачыстага фіналу.
Нагадаем, што геаграфія сёлетняга конкурсу дэкламатараў, які ладзяць фонд Tutaka і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, вялікая: каля сотні заявак прыйшло з Польшчы, Беларусі, Літвы, ЗША, Ізраіля і Іспаніі. Сярод удзельнікаў — як 5-гадовыя дэбютанты, так і 82-гадовыя знаўцы слова.
Спаборніцтва адбываецца ў пяці намінацыях: катэгорыя 5-8 гадоў, катэгорыя 9–12 гадоў, катэгорыя 13–17 гадоў, катэгорыя 18+ (Дарослыя) і катэгорыя «Мастацкае відэа», у якой змагаюцца за перамогу прафесійныя артысты.
Заўважым, што на конкурсе вітаецца беларуская мова на самых розных дыялектах.
Ацэньваць выстуленні дэкламатараў будзе журы ў складзе: Аляксея Дзікавіцкага — журналіста і медыяменеджара, аўтара кніг на палескай мове і цыкла дзіцячых вершаў для Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва»; Антона Ільіна — рэжысёра, стваральніка спектакляў «Граніца», «Млявасць», які ў «Тэатральнай майстэрні» займаецца адукацыйнымі і творчымі праектамі; Марыі Чыквін — акторкі тэатра і кіно, рэжысёркі, прадзюсаркі праектаў на стыку мастацтва і адукацыі і Ганны Кандрацюк-Свярубскай — журналісткі Тыднёвіка «Ніва», рэдактаркі рубрыкі для дзяцей і моладзі «Зорка», аўтаркі кніг і лаўрэаткі прэміі Гедройця.
Вядоўца імпрэзы — Крысціна Дробыш, дыктарка, выдаўца аўдыякніг, прафесійная актрыса тэатра і кіно. Яна падарыла свой голас дзясяткам персанажаў дзіцячай літаратуры.
На завяршэнне вечара гасцей чакае спектакль «Brydkie kačenia» («Брыдкае качаня») у выкананні Тэатра Czrevo.
Для тых, хто не здолее трапіць на ўрачысты фінал, арганізатары конкурсу зладзілі найпроставую трансляцыю.
Адзначым, што сёлета і гледачы могуць выбраць свайго фаварыта: у конкурс вяртаецца прыз глядацкіх сімпатый.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram