На канале Сашы Івуліна «ЧестнОК-LIVE» выйшла інтэрв’ю са Змітром Дашкевічам, дзе былы палітвязень адказваў на пытанні, якія часта ставяць перад сабой эмігранты.
Па-першае, што цяпер рабіць, калі прыйшло разуменне, што «ўсё надоўга». Трэба жыць сённяшнім днём, тут і цяпер рабіць усё, што залежыць ад цябе, каб была Беларусь, упэўнены Дашкевіч.
«Дзе я, хто я, дзе Беларусь? Калі я вярнуся ў Беларусь?». Дашкевіч адказвае на гэтыя эмігранцкія пытанні па-багушэвіцку проста: «Беларусь там, дзе беларуская мова».
Мова — гэта тое, што трымае Беларусь жывой, нават калі тэрыторыя пад акупацыяй і рэпрэсіямі.
«Што будзе адбывацца, калі вы не будзеце размаўляць на роднай мове? Вы будзеце рыць акопы і гінуць», — адказвае Дашкевіч на пытанне Івуліна, што рабіць з Расіяй. Таму што «руский мир», там дзе «русская речь».
«Кожны чалавек, які размаўляе па-расейску, ён свядома ці несвядома дапамагае Расеі нічшчыць Украіну і Беларусь», — катэгарычна заяўляе былы палітвязень.
Падчас размовы Дашкевіч пачынае разважаць пра «сілу слабых». Вызначыўшы сваю слабасць, мы робім тое, што цяпер нам дасягальна. У свой час, распачаўшы абарону Курапат, людзі зрабілі немагчымае – перамаглі. Хоць сілы былі няроўныя.
Суразмоўцы закранулі пытанне, як у турме ставіліся да беларускай мовы.
Дашкевіч згадвае, што сутыкаўся з агрэсіяй і збоку адміністрацыі, і з боку зэкаў. «Але калі ты пераадольваеш гэтую канфліктную сітуацыю, то потым людзі, якія цябе абражаюць за беларускую мову, самі пачынаюць размаўляць па-беларуску».
Галоўнае быць верным таму, што ты абраў. У турме, дзе ўсё накіравана на тое, каб зламаць чалавека, мова становіцца формай супраціву.
Тых, хто біў яго за беларускую мову, называе адэптамі «рускага міра»: «У палове ці большасці сілавых кабінетах – расейскія сцягі. У галаве ў іх Расія. Яна не ідэнтыфікуюць сябе беларусамі, калі б’юць цябе за беларускую мову».
Таму няма вялікага падзелу ўнутры беларускага грамадства, мяркуе Дашкевіч. Ёсць беларусы і адэпты «русского мира».
Напрыканцы Івулін задае суразмоўцу пытанне, якое заўсёды задаваў сваім суразмоўцам Мікіта Мелказёраў: «Жыццё — маліна?». Першае інтэрв’ю Дашкевіча пасля чарговага вызвалення яшчэ 23 снежня павінен быў запісаць Мікіта Мелказёраў. 21-га-Мікіты не стала. «Гэты выпуск — трыб’ют Мелказёраву», — тлумачыць Саша Івулін.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

