Раман-антыўтопія амерыканскай пісьменніцы Айн Рэнд у перакладзе на беларускую мову выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч».
Асноўная ідэя рамана заключаецца ў тым, што свет трымаецца на таленавітых творцах-адзіночках, якіх аўтарка параўноўвае з міфічным тытанам Атлантам, які трымае на плячах нябесны звод. Калі гэтыя людзі перастануць тварыць («трымаць неба на плячах»), свет абрынецца.
Над выданнем перакладу рамана працавала цэлая каманда адмыслоўцаў. Пацікавіліся ў аднаго з іх пра ўражанні ад кнігі.
«Гэта твор, пра які адгукаюцца хто з захапленнем, хто са знішчальнай крытыкай – асабліва за літаратурныя якасці. Кніга вялізная, лёгкім чытвом яе наўрад ці назавеш, хоць элементы масавых жанраў у ёй ёсць. Для сябе лічу знаёмства з гэтым раманам карысным, — тлумачыць наш ананімны эксперт.
«Атлант…» – вынік перапрацоўкі аўтаркай досведу, атрыманага «па абодва бакі»: у раннесацыялістычным Савецкім Саюзе (а папярэдне і ў царскай Расіі) і ў нашмат больш сімпатычным ёй, але не ідэальным грамадстве Злучаных Штатаў.
«Сацыялістычны інтэрнацыянал» імкнуўся да пашырэння, і Айн Рэнд змадэлявала сітуацыю, калі бадай увесь свет (на чале з Амерыкай) стаў кіравацца сумнеўным «калектывізмам»: і адказнасць за ўсе справы, і роля атрымальніка ўсіх даброт тут прыпісваюцца абстрактнаму «грамадству» (па сутнасці, няіснаму, бо гэта заўсёды «ўсе акрамя цябе» – той асобы, пра якую ў канкрэтны момант ідзе гаворка), а рэальны цяжар падтрымання жыцця ўскладзены на таленавітых дзейных прамыслоўцаў – яны, па сутнасці, аказваюцца рабамі паразітарнай грамадскай сістэмы. А што будзе, калі разумнікаў-прамыслоўцаў з гэтай карціны прыбраць? Так і робіць Айн Рэнд са сваімі «атлантамі», якія больш не хочуць цягнуць на сабе грамаду ірацыянальных дэмагогаў.
«Людзі розуму» адыходзяць у схаваную ад чужых позіркаў мясцовасць і там будуюць свой свет, рацыянальна арганізаваны, свабодны ад калектыўных абавязкаў, прыхільны да прадпрымальнасці і таленту, скіраваны на рэалізацыю індывідуальнага чалавечага шчасця. Дарэчы, для галоўнай гераіні адна з самых цяжкіх праблем – тое, што такі свет існуе толькі на вельмі абмежаванай прасторы, а большую частку планеты прыходзіцца пакінуць на руйнаванне «марадзёрам» – калектывістам. Менавіта гэта працяглы час замінае ёй аб’яднацца з блізкімі па духу «атлантамі».
У кнізе «зрасліся» разнастайныя жанравыя кампаненты. Вытворчы раман, эротыка, псіхалагічная сямейная калізія, утопія і антыўтопія, публіцыстыка, філасофская эсэістыка.
Перад яе перакладчыкамі і рэдактарамі паўстала цікавая задача, бо ў кожнай з гэтых жанравых сфераў ёсць калі не свой канон, то пэўная слоўная традыцыя, і Айн Рэнд быццам даволі паслядоўна іх вытрымлівае, хоць «зрастанне» гэтых жанравых кампанентаў адбываецца хутчэй па ўзоры хімерычнага жывога арганізму і яго мутацый, чым інжынернай схемы шматфункцыянальнага механізму.
Згадаем, што мастацкі твор у трактоўцы Арыстоцеля, у якога Айн Рэнд шмат пераняла і на якога яна наўпрост спасылаецца, утрымлівае ў сваёй аснове і эмацыйны, і інтуітыўны складнікі, неадлучныя і ад працэсу стварэння, і ад успрымання твора. У практыцы Айн Рэнд аўтарскі тэкст прарастае як жывое стварэнне, чым будуецца рацыянальна.
Чаму гэтае чытанне патрэбна сучаснікам? Кніга стваралася ў сярэдзіне XX стагоддзя, здавалася б, ужо даволі даўно. Аб’ектывізм у трактоўцы Айн Рэнд перастаў быць модным трэндам і шмат разоў быў раскрытыкаваны.
І тым не менш я гэтую кнігу раю. На мой погляд, аўтарцы ўдалося даволі дакладна змадэляваць важныя тэндэнцыі ў грамадстве, у якім эліты бачаць у высокай пасадзе самамэту і «мандат» на любыя, нават не надта адказныя дзеянні. У вобразах містара Томпсана і яго акружэння праскокваюць трапныя, часам нават пазнавальныя дэталі.
Думаю, праўдзівая і логіка нарастання ваяўнічасці і разбуральнасці ў ірацыянальным грамадстве. Аўтарка цвёрда верыць у сілу і перамогу розуму, хоць у кнізе яна здзяйсняецца па ўзоры «бога з машыны» (у сюжэт штучна ўмешваюцца сілы і абставіны, немагчымыя ці вельмі малаверагодныя ў рэальнасці). Нават самі героі амаль да развязкі не ўпэўненыя, што пры сваім жыцці змогуць убачыць пазітыўныя, з іх гледзішча, змены ў свеце.
Сучаснаму чытачу кніга можа паслужыць крыніцай цікавых назіранняў, нагодай для роздуму і своеасаблівым тэрапеўтычным сродкам – калі аўтарка здолее пераканаць, што і без магутнага Джона Голта чалавецтва можа вярнуцца на рэйкі «ўстойлівага развіцця». Ці хоць дапаможа памарыць, як яно магло быць, калі б «атланты расправілі плечы».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram