У Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася выстава беларускага фатографа Аляксандра Кот-Зайцава пад назвай «DOM».
Гэты праект — спроба зразумець і візуалізаваць ментальнае і эмацыйнае значэнне дому ўдалечыні ад радзімы. Фатограф шукае ўнутранае пачуццё дома і знаходзіць яго не толькі ў родных краявідах ці сямейных архіўных здымках, але і ў іншых нечаканых месцах, дзе ўлоўлівае асаблівы настрой ці адчуванне цеплыні. Можа, мы не заўсёды можам патрапіць у свой дом, але носім яго ў сабе, снім і бачым яго ў выпадковых дробязях і мімалётных імгненнях, дзе б ні знаходзіліся.
«Дом — гэта не будынак, прастора ці месца. Дом — гэта стан, памяць, пачуццё». Так пачынаецца тэкст, што суправаджае выставу.
Аляксандр пакінуў радзіму ў 2012 годзе. У Польшчы пачаў займацца фатаграфіяй. Яго фотакніга пад назвай «DOM» выйшла ў 2019. Пасля падзей 2020-га і пачатку вайны аўтар вярнуўся да фотапраекта, таму што гэта гісторыя перастала быць асабістай: у тысячаў беларусаў знікла магчымасць бяспечна вяртацца дадому, ім застаюцца толькі здымкі і сны.
У новы праект аўтар дадаў новыя фатаграфіі з сямейнага архіва. Яны зроблены яго бацькам, але ён змяшчае іх пад промні святла і пераздымае. Сапраўды, што можа быць больш няўлоўным і адначасова прыносіць столькі шчасця, як сонечныя промні. Гульняў са святлом і спробаў яго фіксацыі на выставе сапраўды шмат, як шмат і твораў з адметным пахмурным беларускім меланхалічным надвор’ем, што счытваецца адразу і пагружае ў асаблівы настрой.
Адмыслова да праекта кампазітар і музыкант Аляксандр Ясінскі стварыў гукавую сцежку, адлюстраваўшы тэму праекта ў музыцы.
Госцям адкрыцця стаў гурт Naviband з жывым акустычным выступам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram