Валянціна Андрэева. Фота: скрыншот.
Сёлетняя Прэмія імя Ежы Гедройця адзначылася не толькі інтрыгай вакол зашыфраваных пераможцаў, але і з’яўленнем хвалі новых аўтараў. Тэндэнцыя прыходу ў літаратуру людзей з іншых прафесій дала канкрэтны плён: раман у жанры посткіберпанк «Пентаквантар» Арцёма Шуканава атрымаў III Прэмію Гедройця, а «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха ўвайшлі ў кароткі спіс фіналістаў. Абедзве кнігі былі выдадзеныя і высунутыя на конкурс выдавецтвам «Gutenberg Publisher».
Спецыяльна для Reform.news заснавальніца і кіраўніца выдавецтва «Gutenberg Publisher» Валянціна Андрэева пракаментавала, ці з’яўляецца прыход новых аўтараў выпадковасцю, і растлумачыла прычыны гэтага літаратурнага буму.
На думку Валянціны Андрэевай, поспех новых аўтараў складаецца з двух ключавых фактараў. Першы — гэта гатоўнасць самаго выдавецтва працаваць з новымі імёнамі і ствараць для іх зразумелыя і эфектыўныя правілы гульні.
«Мы прыцягваем новых аўтараў. Мне здаецца, яны бачаць у нашым выдавецтве новы штуршок, магчымасць працаваць эфектыўна, выдаваць творы і не баяцца прапаноўваць іх — не баяцца той „бурбалкі“, якая так ці інакш, хочаш-нехочаш, утварылася вакол беларускай літаратуры», — зазначае кіраўніца «Gutenberg Publisher».
Другі — і найбольш глыбокі — фактар палягае ў суровых сацыяльных рэаліях беларускай эміграцыі. Для многіх культурных і інтэлектуальных дзеячаў пераезд стал выпрабаваннем праз страту прафесійнага і сацыяльнага статусу.
«Беларусы, якія выехалі за мяжу, многія былі вымушаныя змяніць прафесію, панізіўшы свой узровень. Адбыўся своеасаблівы даўншыфтынг, і людзям трэба дзесьці самарэалізоўвацца, бо назапашаны вялікі інтэлектуальны і культурны патэнцыял. Літаратура — гэта хіба самы эфектыўны і просты шлях самавыразіцца ва ўмовах, калі ты згубіў сацыяльную пазіцыю пры пераездзе, вымушаны працаваць на больш простай рабоце, але не можаш адключыць свой мозг і перастаць рэфлексаваць наконт падзей», — падкрэслівае Валянціна Андрэева.
Паводле яе слоў, гэта стварае магутны аўтарскі матэрыял, з якім выдаўцам важна старанна працаваць, каб «не згубіць гэтых людзей і гэтыя творы».
Выдавец падкрэслівае, што сучасны літаратурны поспех — гэта не проста напісанне тэксту, а супольная цяжкая праца над прамоцыяй і камунікацыяй з чытачамі.
«Я асабліва ганаруся тым, што аўтары прыходзяць у „Гутэнберг“ выдаваць свае кнігі. Як мы цяжка працуем над іх кнігамі, так і яны самі працуюць над сваімі творамі, над сустрэчамі з чытачамі, над прамоцыяй. У такой звязцы ў нас і атрымліваецца вынік. Я асабліва ганаруся, што Арцём Шуканаў з «Пентаквантарам» і Аляксандр Карнаўх з «Халоднымі землямі» ўвайшлі ў спіс фіналістаў літаратурнай прэміі — для мяне гэта ўжо перамога», — падсумоўвае кіраўніца выдавецтва. (Адзначым, што наша размова адбылася за некалькі хвілін да абвяшчэння вынікаў Прэміі — Reform.news).
Нагадаем, што цырымонія ўручэння Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця адбылася на гэтых выходных, 7 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску. Першае і другое месцы журы прысудзіла зашыфраваным творам — кнізе пад псеўданімам Аляксандр Касцюковіч («Лірнік») і твору пад псеўданімам Сяргей Дубаўцэвіч («Цесля жыцця»). Трэцяе месца здабыў раман «Пентаквантар» Арцёма Шуканава.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram