Вобшук у Андрэя Кудзіненкі адбыўся з-за кінашколы «КінаКалайдар», уласнікам якой ён нядаўна стаў, — пра гэта рэжысёр распавёў «Белсату».
Кінашкола «КінаКалайдар» працавала каля трох гадоў. Спачатку Кудзіненка быў яе ініцыятарам і выкладчыкам, пазней стаў суўладальнікам. Калі ў былой дырэктаркі ўзніклі праблемы з сілавікамі, рэжысёр выкупіў яе долю, перарэгістраваў установу на сябе і стаў адзіным уласнікам і дырэктарам.
Праз дзень пасля завяршэння рэгістрацыі да яго прыйшлі сілавікі.
Паводле яго, апошнім часам праблемы ўзніклі і ў іншых недзяржаўных кінашколаў. Частка з іх закрылася, перайшла ў онлайн або адмяніла свае праграмы.
«Мы ўжо заставаліся апошнімі», – сцвярджае рэжысёр.
У пастанове на ператрус гаварылася пра пошук «экстрэмісцкіх дакументаў» і сімволікі. Супрацоўнікі КДБ таксама распытвалі пра магчымае фінансаванне школы з-за мяжы. Рэжысёр сцвярджае, што «КінаКалайдар» існаваў выключна за кошт аплаты навучэнцаў, афіцыйна заключаў дамовы і плаціў падаткі. «Мы працавалі чыста, усё па-беламу. Выжывалі толькі за кошт тых, хто плаціў за навучанне. Ніякага замежнага фінансавання ў нас не было», – кажа ён.
Аднак цяпер, на ягоную думку, у Беларусі нават непалітычная культурная дзейнасць успрымаецца дзяржавай як пагроза. «Займацца проста мастацтвам ужо нельга без дазволу. На ўсё трэба мець дазвол і вока назіральніка», – кажа Кудзіненка.
У супрацоўнікаў КДБ выклікала падазрэнне ўжо тое, што школа называла сябе незалежнай.
«Галоўная прэтэнзія была такая: вось вы лічыце сябе незалежнымі. Незалежнымі ад каго? Для іх усё незалежнае адразу азначае дрэннае і экстрэмісцкае», – расказвае Кудзіненка.
Сілавікі адразу далі зразумець, што школа больш працаваць не будзе. Яны казалі, што яму можа пагражаць ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
