Кадр з фільму. Правы: Courtesy of DocEdu Foundation.
Дакументальная карціна беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы «Лісты» (Letters from the Silenced Country) намінаваная на прэстыжную прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі (European Film Awards 2026) у катэгорыі «Найлепшы еўрапейскі дакументальны фільм» (Best European Documentary).
Стужка, стварэнне якой падтрымалі Польшча, Літва і Германія, азнаменавала сабой чарговы прарыў незалежнага беларускага кінематографа на міжнароднай арэне.
«Лісты» — гэта партрэт сучаснай Беларусі, аповед пра людзей, якія прайшлі праз турмы, рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю. У цэнтры сюжэта — гісторыі палітвязняў і іх блізкіх, аб’яднаныя праз асабістыя лісты, архіўныя матэрыялы, фатаграфіі і анімацыю, створаную паводле малюнкаў, зробленых у няволі. Стужка дае голас тым, каго рэжым спрабуе прымусіць да маўчання, распавядаючы пра годнасць, салідарнасць і імкненне заставацца чалавекам у самых цёмных абставінах.
Карціна ўжо атрымала міжнародны рэзананс: яе сусветная прэм’ера адбылася на 83-м Венецыянскім кінафестывалі, дзе праект быў адзначаны прэстыжнай узнагародай The Golden Globes Impact Prize for Documentary. Цяпер фільм працягвае фестывальны шлях — у бліжэйшы час яго пакажуць у межах міжнароднага конкурсу на вядучым еўрапейскім фестывалі дакументальнага кіно DOK Leipzig, а таксама на знакамітым амстэрдамскім фестывалі IDFA.
Трапленне ў шорт-ліст European Film Awards — галоўнай кінапрэміі кантынента, якую часта называюць «Еўрапейскім Оскарам» — замацоўвае статус стужкі як адной з найбольш значных і моцных дакументальных прац года ў Еўропе.
Сёлета ў дакументальным шорт-лісце «Еўрапейскага Оскара» прадстаўлены 15 стужак. Канкурэнцыю беларускаму фільму складуць такія рэзанансныя еўрапейскія працы, як украінска-польскі праект «Traces» Алісы Каваленкі і Марысі Нікіцюк, новая стужка польскага рэжысёра Міхала Марчака «Closure», а таксама гучныя фестывальныя хіты «Amazomania» Нэтана Гросмана і «NAZA» Юваля Абрагама і Рахэль Сор.
Адзначым, што гэта не першы выпадак, калі стужкі беларускіх аўтараў або прысвечаныя Беларусі трапляюць у поле ўвагі Еўрапейскай кінаакадэміі.
«Пад шэрым небам» (Pod szarym niebem, 2024) — гульнявы дэбют Мары Тамковіч, натхнёны гісторыяй журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, быў вылучаны ў адбор на прэмію кінаакадэміі ў катэгорыі «Еўрапейскае адкрыццё» (Prix FIPRESCI).
«Радзіма» (Motherland, 2023) — дакументальная стужка Ганны Бадзяка і Аляксея Міхалковіча пра дзедаўшчыну ў беларускім войску і гвалт у грамадстве ўвайшла ў шорт-ліст European Film Awards у катэгорыі «Найлепшы еўрапейскі дакументальны фільм».
«Метадычка» (Handbook, 2022) — дакументальная кароткаметражка Паўла Можара пра жорсткасць і сістэму гвалту беларускіх сілавікоў у жніўні 2020 года атрымала намінацыю EFA ў 2022 годзе.
«Возера радосці» (2019) — кароткаметражны фільм рэжысёра Аляксея Палуяна быў намінаваны на European Film Awards у катэгорыі «Найлепшы кароткаметражны фільм».
European Film Awards («Еўрапейскі Оскар») — галоўная кінапрэмія кантынента, заснаваная ў 1988 годзе Еўрапейскай кінаакадэміяй (EFA) на чале з выбітным кінарэжысёрам Інгмарам Бергманам. Мерапрыемства праводзіцца штогадова для падтрымкі і прасоўвання еўрапейскага кінематографа. Сёння кінаакадэмія аб’ядноўвае больш за 4600 кінапрафесіяналаў са звыш 50 краін Еўропы, якія шляхам галасавання вызначаюць пераможцаў у ключавых намінацыях. Цырымонія ўручэння ўзнагарод чаргуецца паміж Берлінам і іншымі буйнымі еўрапейскімі гарадамі. Гэтым разам цырымонія ўручэння 39-й прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі адбудзецца 16 студзеня 2027 года ў Афінах, дзе і будуць абвешчаныя пераможцы ва ўсіх намінацыях.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram