Дакументальная стужка брытанскіх рэжысёрак пра беларускую манашку стала пераможцай кінафэсту Festival dei popoli ва Фларэнцыі

«Матушка Вера» — поўнаметражная дакументальная карціна брытанскіх рэжысёрак Сесіль Эмблтан і Эліс Томлінсан пра беларускую манашку і яе пошук самаідэнтыфікацыі і духоўнай свабоды была ўганаравана першым прызам на 65-м Festival dei popoli («Народным фестывалі») ва Фларэнцыі.

Журы патлумачыла свой выбар наступным чынам: «Гэты фільм — тонка сканструяваная кінапраца, якая паважліва і паступова знаёміць нас з жанчынай, чые складаныя жыццёвыя рашэнні, здольныя глыбока змяніць яе, перадаюцца нам з дапамогай асноўных элементаў кінематографа: святла, гуку, часу і прасторы, дасягаючы тонкага балансу паміж формай і зместам, эстэтыкай і сутнасцю».

Стужка ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе форуму і з’яўляецца поўнаметражным дэбютам для абедзвюх рэжысёрак — французска-брытанскай дакументалісткі Сесіль Эмблтан, у чыім даробку — такія фільмы як «Гадзіншчык», «Такашы», «Вікторыя». А таксама для брытанскай фатографкі Эліс Томлінсан, чый фотапраект на рэлігійную тэматыку «Ex-Voto» (2019) і стаў адпраўной кропкай для далейшага даследавання тэмы.

Сусветная прэм’ера «Матушкі Веры» адбылася на французскім фестывалі Visions du Réel 2024. Фільм сабраў добрую прэсу і зараз працягвае сваю фестывальную гісторыю.

Фларэнтыйскі Festival dei popoli так прэзентуе карціну:

«У аглушальнай цішыні праваслаўнага манастыра ў Беларусі манашка хуткім крокам накіроўваецца да месца малітвы. Напалову прыхаваная шырокімі складкамі сваёй чорнай мантыі, яна апускаецца на калені і глыбока ўздыхае, пачынаючы распавядаць гісторыю нечаканага падарожжа, якое пачынаецца з адкуплення цёмнага мінулага і працягваецца займальным пошукам уласнай ідэнтычнасці.

Сесіль Эмблтан і Эліс Томлінсан асцярожна сочаць за зачаравальнай эвалюцыяй галоўнай гераіні, апісваючы заняткі, якія задаюць рытм яе паўсядзённаму жыццю, і паступова раскрываючы самыя інтымныя і таемныя аспекты яе гісторыі. Зняты ў вытанчаных чорна-белых танах, са строгай і збалансаванай фармальнай структурай, «Матушка Вера» ўяўляе сабой унікальны, дзіўны жаночы партрэт, у якім даследуюцца ўніверсальныя тэмы, у тым ліку адкупленне і пошук свабоды».

«Візуальна ўражваючая і цяжкая гісторыя асабістага выратавання», — такую адзнаку даў кінатвору Journey into Cinema.

65-ты Festival dei popoli — адзін са старэйшых міжнародных фестываляў дакументальнага кіно ў Італіі і Еўропе, прайшоў з 2 па 10 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!