«Ды ў вас тут вайб мінскіх пляцовак у іх лепшыя часы!»: Надзея Ількевіч — пра CreateCulture Space у Вільні, што зараз мае патрэбу ў дапамозе

1500 eўра — на рахунку Buy CreateCulture a coffee, новая афіша інвэнтаў на бліжэйшы час і спадзеў на лепшае. Першая хваля падтрымкі прыйшла да СreateCulture Space у Вільні — адной з актыўных культурніцкіх пляцовак у замежжы, якая апынулася ў крызіснай сітуацыі і звярнулася па дапамогу. Сузаснавальніца культурнай прасторы Надзея Ількевіч падзялілася, што 11 лістапада — на будучае двухгоддзе інстытуцыі — ёсць верагоднасць паклікаць усіх не на святочную, а на развітальную вечарынку ў сувязі з праблемамі культурнага хаба. Сітуацыя пакуль яшчэ толькі паварочваецца ў бок хэпі-энду (у лепшым яго значэнні), але расслабляцца не варта. Таму, каб ён адбыўся, Reform.news пагутарыў з адной найвядомейшых беларускіх менеджарак пра тое, у чым адметнасць праекта СreateCulture Space, і чаму так важна, каб пляцоўка працягвала працаваць.

«З верасня жывем за «свае» сродкі»

Надзея, што ўсё ж здарылася? Мы любім вашу пляцоўку і перыядычна даем анонсы на падзеі ў CreateCulture Space. Падавалася, што ў вас усё добра, столькі івэнтаў, а тут такія навіны і розгалас…

— Так, падавалася, што ўсё добра, але вось такія невясёлыя справы. Нагадаю, што CreateCulture Space — некамерцыйная пляцоўка, а гэта значыць, што асноўная наша функцыя — гэта некамерцыйныя паслугі, якія мы прапаноўваем пачаткоўцам у сферы культуры на мінімальнай — то-бок за данаты, альбо на бескаштоўнай аснове. Напрыклад, хтосьці хоча зрабіць выставу, правесці імпрэзу — мы прадастаўляем плошчы абсалютна бясплатна. У нас адкрыты каворкінг, куды прыходзяць працаваць беларусы з IT, праваабаронцы, медыйшчыкі, творчыя людзі — гэта не такая катэгорыя людзей, у якіх ёсць магчымасць аплочваць памяшканне. Сыходзячы з такіх пазіцый, складана стаць устойлівай арганізацыяй.

Але ў вас столькі ініцыятыў і праектаў. Ці падтрымліваюць вас фонды, культурныя інстытуцыі?

— Падтрымка, якую прапаноўваюць нам міжнародныя арганізацыя і фонды, ёсць, але яна датычыцца праектнай працы. Гаворка ідзе пра невялікія праекты на тры-чатыры месяцы. І мы рабілі іх вельмі шмат. Нагадаю пра ініцыятывы, якія зараз мае CreateCulture Space: гэта Майстэрня карысных праектаў, студыя Perfaratar, дзе музыканты могуць бясплатна запісаць «лайвы», Hidden Jam Session, кінаконкурс «КінаКаляды», і шмат, шмат іншых. Праектная дзейнасць забірае шмат рэсурсаў, увагі, высілкаў, а яшчэ жа застаецца сталая праца, якую не адменіш. Наша каманда невялікая — восем чалавек, а нагадаю, што за год у нас прайшло каля 600 івэнтаў. На жаль, зараз мы не маем 100-адсоткавага пацверджання фінансавання чарговых ініцыятываў. Таму перспектывы вымалёўваюцца не вельмі вясёлыя. Нам трэба плаціць камунальныя, арэнду. З верасня месяца мы жывем, як гаворыцца, за «свае» сродкі. Але на развітальную вечарыну ўсе могуць разлічваць (усміхаецца).

У прасторы СreateCulture Space ў Вільні.

«Мы не з’яўляемся палітычнай пляцоўкай»

Мне падабаецца, што вы ставіцеся да праблем з гумарам.

— Гэта нервовае (смяецца).

Надзея, ды ўсё ж, як так сталася, што пляцоўцы з такой колькасцю культурніцкіх ініцыятываў не ўдаецца стаць на «стабільныя рэйк»і. Гэта нястача — гэта праблема асяродку ці незацікаўленасці донараў у беларускай культуры?

— Тут шмат рэчаў.

— Па-першае, ёсць такая праблема, што не ўсе медыя, як цудоўны Reform.news, пішуць пра культуру і культурніцкія праекты. Напрыклад, мы рабілі канцэрт на самым папулярным даху у Вільнюсе, дзе выступалі беларускія і літоўскія музыканты, але асвятляў гэты івэнт толькі адзін журналіст — беларус Ілья Маліноўскі, які працуе на LRT. Праект «КінаКаляды», якія мы ладзім, таксама не трапляе ў поле зроку медыя, а гэта цікавы чэлендж, падчас якога за 48 гадзін кінематаграфісты здымаюць кароткаметражкі. І заўважу, што гэта наша беларуская эдыцыя глабальнага конкурсу 48 Hour Film Project.

То-бок падзей для асвятлення нямала, мы ўжо і не ведаем часам, які інфаповад зрабіць, каб да нас завіталі журналісты, але яны ўсё не ідуць. Вось толькі навіна пра наша закрыццё «выбухнула», усім стала цікава (смяецца). Натуральна, з-за адсутнасці медыйнай увагі нас часта не бачаць патэнцыйныя спонсары.

Так, адсутнасць увагі медыя — адзін момант.

— Па-другое, мы не з’яўляемся палітычнай пляцоўкай. Да нас прыязджаюць з выставамі, канцэртамі мастакі, музыканты з Беларусі — нам бы не хацелася б адсякаць гэту частку беларускага асяродку.

Таксама ў нас пакуль не развітая культура данатаў. Мы як пляцоўка забіраем з івэнту 30%. І калі музыканту, скажам, за выступ заданацілі 20 еўра, 6 еўра — ідуць да нас. Такая атрымоўваецца матэматыка.

То-бок усе гэтыя прычыны разам прывялі да таго, што, магчыма, 11 лістапада мы будзем выбіраць фармат вечарынкі — развітальная святочная ці проста святочная. Але, канешне, закрывацца б не хацелася.

У прасторы СreateCulture Space у Вільні.

«CreateCulture Space уваходзіць у European Creative Hub Network»

Надзея, тым не менш CreateCulture Space працуе ўжо два гады. Гэта значыць, што вакол вас фарміруецца пэўны асяродак. Ці вы адчуваеце, што ваша праца патрэбная? Адна справа, калі ў людзей няма грошай, каб пакінуць данат, а іншая — калі яны, скажам, не прыходзяць.

— Так у тым-та і справа, што акурат прыходзяць. Калі б людзі не прыходзілі, у нас не было б столькі івэнтаў. Гэта была б пустая пляцоўка, але ў нас часам месцаў няма ў каворкінгу. Людзі падаюць заяўкі на правядзенне івэнтаў, прыходзяць на лекцыі, мерапрыемствы, стасуюцца, робяць «калабы». Такая цікавая дэталь — дзякуючы «сарафаннаму радыё», што ў нас класнае месца, людзі часам прама з цягніка завітваюць да нас проста з валізкамі. Пакідаюць валізку, працуюць у каворкінгу, увечары застаюцца на івэнт, а потым — якія ў каго планы. Я лічу, што гэта слава (смяецца).

Ці не падумваеце для поўнага цыклу адкрыць гатэльчык?

— У нас, дарэчы, працуе душ — вельмі запатрабаваная паслуга (усміхаецца).

Калі без жартаў, то для нас важна не толькі рабіць івэнты для беларусаў, развіваць асяродак, а таксама ўключацца ў міжнародныя праекты. CreateCulture Space уваходзіць у European Creative Hub Network. Мы — адзіны беларускі хаб, які ўваходзіць у еўрапейскую сетку падобных інстытуцый. Таксама CreateCulture Space — у сябрах Cultural Action Europe — Асацыяцыі дзеячаў культуры ў Бруселі, у згуртаванні Усходняга партнёрства. Для нас важна не замыкацца ў сваім коле, а развіваць міжнародныя кантакты. Каб еўрапейскія эксперты ўдзельнічалі ў беларускіх праектах і наадварот. Мы робім працу па развіцці крэатыўных суполак, прасоўваем беларускую культуру на міжнародным полі. Мне падаецца, гэта важна — стварэнне міжнародных праектаў, калі супрацоўнічаем не толькі адзін з адным, а з літоўцамі, італьянцамі, французамі. Калі мы робім бачнымі культурных гульцоў Беларусі ў свеце.

Падчас выставы Анастасіі Рыдлеўскай.

Падсумоўваю. То-бок, для вас важна развіваць не толькі культурны асяродак у хабе, але і распавядаць пра беларусаў на міжнародным полі, так?

— Для нас важна развіваць і прафесійныя навыкі беларускіх культурных менеджараў, бо ў беларускай культурніцкай сферы моцная нястача менавіта менеджараў, прадзюсараў, тых, хто ўмее прасоўваць праекты, культуру.

Летась мы ладзілі даследаванне па працы беларускіх культурных менеджараў — для нас важна развіваць гэты напрамак, і ў будучыні, калі ў нас атрымаецца, мы хацелі б запусціць афлайн-майстэрню гэтых адмыслоўцаў.

То-бок, мы адчуваем, што нашу працу ўжо заўважылі — і беларусы ў Вільні, і культурная супольнасць, і замежныя арганізацыі, таму і не хацелася б спыняцца.

«Запусцім беларускую тэму ў космас»

Надзея, давайце ўявім, што ў вас з’явілася фінансавая падтрымка. Які ў вас план падзей, развіцця на гэты яшчэ год? Што вы будзеце рабіць?

— Па-першае, мы хочам зрабіць у гэтым годзе «КінаКаляды»…

Распавядзіце, калі ласка, тады падрабязней пра гэты праект.

— 48 Hour Film Project — гэта глабальны конкурс, які ладзіцца ў больш чым 100 гарадах. Мы праводзім гэты захапляльны чэлендж для беларусаў у Вільнюсе ўжо тры гады. Задача ўдзельнікаў конкурсу — за 48 гадзін сабраць каманду і зрабіць кароткую кінастужку на пэўную тэму. У нашай беларускай эдыцыі такая тэма — Каляды, бо мы лічым, што гэта тое адметнае свята, традыцыя, якая нас вылучае. У Вільні яшчэ неяк так атрымалася, што няма нейкага адмысловага святочнага івэнту на зімовыя дні, а хочацца адцягнуць людзей ад чарговага перагляду «Іроніі лёсу». Таму наш кіначэлендж -— гэта праява творчасці і спроба пераасэнсаваць вядомае беларускае зімовае свята ў сучасным кантэксце. Каманды з капелюша выцягваюць нататкі з пазначаным жанрам — і пачынаюць здымаць. Напрыканцы ўсе глядзяць, што атрымалася ў кожнай каманды, і святкуюць.

Выглядае як мінімум весела.

— Як мінімум. Сёлета мы плануем, калі, вядома, атрымаецца, зладзіць «КінаКаляды. Last edition». Мы хочам паказаць найлепшыя працы нашага конкурсу за тры гады, а таксама запусціць чарговую эдыцыю. Атрымалася так, што мяне на наступны год запрасілі стаць прадстаўніком Вільнюса ў глабальным конкурсе. То-бок налета я буду рабіць конкурс і для беларусаў, і для літоўцаў у межах франшызы. У мяне было інтэрв’ю з аўтарам, які прыдумаў гэта ўсё — і мы спадзяемся зрабіць «КінаКаляды», але ўжо ў межах міжнароднага конкурсу. То-бок мы запусцім беларускую тэму ў космас. Так што ў гэтым напрамку справы глабальныя.

Надзя Ількевіч і Leibonik.

Што яшчэ?

— Таксама мы хочам працягваць развіваць наш Perfaratar. Нагадаю, што гэта пляцоўка з адпаведным абсталяваннем, дзе беларускія музыкі могуць запісаць свой «лайв». У нас ужо запісваліся Света Бень, Сяргей Доўгушаў, Leibonik, Filamaty… Мы хацелі б, каб музыкі цяпер маглі б запісваць у нас не адну песню, а, скажам, тры, нават вялікі канцэрт, як гэта раней было на Belsat Music Live.

Таксама ў планах — развіццё CreateCulture Space як пляцоўкі для мастацкіх праектаў. Апошнім часам мы зрабілі больш за 30 выстаў, і 10 з іх — менавіта з мастакамі з Беларусі. Яны прыводзілі да нас свае працы і рабілі вернісажы. Для нас вельмі важна развіваць гэта кам’юніці, як і кам’юніці дызайнераў.

Бачу, што планаў хапае.

— Хапае. Калі ў нас з’явіцца магчымасць планаваць у доўгатэрміновай перспектыве, хоць бы на паўгады, то мы збяромся камандай, падумаем і распрацуем класны план — як мы можам быць яшчэ больш карысныя творцам-пачаткоўцам, як можам удзельнічаць у міжнародных праектах і упісваць Беларусь у сучасны еўрапейскі кантэкст.

«Вельмі натхняльна назіраць — як асяродак жыве»

Цяпер, калі вы не супраць, давайце зробім наадварот. Калі зрабіць такую рэтраспектыву за два гады вашай дзейнасці, якія б этапы, падзеі вы вылучылі б?

— Я нават вылучыла б не падзеі, а іншае — менавіта фарміраванне асяродку. Мне падабаецца, калі да нас прыходзяць новыя людзі, і іх становіцца ўсё болей і болей з кожным разам. Калі да нас звяртаюцца не толькі зоркі, а менавіта неафіты: «Прывітанне! Я першы раз раблю івэнт. Хачу зрабіць тое і тое». Ці «Можна я ў вас штосьці зраблю?».

Дзякуючы «КінаКалядам» у нас сфарміравалася кінасуполка. У нас была відэамайстэрня, а зараз нашы кінематаграфісты зрабілі ўжо сцэнарную майстэрню. Яны прыходзяць, самі займаюцца, штосьці робяць, мы іх не чапаем (усміхаецца).

Ці яшчэ такі прыклад — як мы пачалі сябраваць з Андрэем Буслом з Hutka Smaсhnaa. Ён спачатку таксама завітаў да нас свае рэчы пакінуць. Потым штосьці прынёс. А потым — раз! — і з’явілася Gallery Hutka Smaсhnaa! То-бок мы не замінаем ідэям, калі хтосьці з кімсьці пачынае супрацоўнічаць, прапаноўвае івэнты, праекты. Гэта вельмі натхняльна назіраць — як яно жыве. Даходзіць да вельмі кранальных рэчаў, калі хтосьці прыехаў з Беларусі і пакінуў для ўсіх цукеркі, зефіркі. Мы нават не ведаем хто, але яны з’явіліся.

Мастак Doctor Oy падчас лекцыі.

Літоўцы завітваюць у вашу прастору?

— І літоўцы, і іншыя замежнікі. Мы нядаўна рабілі музычны джэм, я прыйшла паглядзець-паслухаць і заўважыла, што на вечарыне абсалютна нікога не ведаю. То-бок сабраліся невядомыя музыканты і пачалі граць разам. 20 чалавек! Ніводнага знаёмага! Значыць, прыходзіць новая публіка і застаецца. Але я ўпэўнена, што нам яшчэ ёсць куды расці — яшчэ не ўсе пра нас ведаюць.

Надзя, вы распавядаеце пра дзейнасць вашай пляцоўкі, і ў мяне складваецца ўражанне, што нягледзячы на ўсе іспыты, якія беларусы перажылі ў апошнія гады, крэатыўны патэнцыял людзей не знік і мае патрэбу ў раскрыцці, падтрымцы, развіцці. Што вы скажаце на гэта як культурніцкі менеджар?

— Так і ёсць. Гэтаму патэнцыялу проста трэба даць магчымасць раскрыцца. І мы адчуваем, як гэты ток крэатыву пачынае ісці праз наш хаб. Часта многія, хто прыязджаюць з Беларусі, прыходзяць да нас і кажуць: «О, як дома! Ды ў вас тут вайб мінскіх пляцовак у іх лепшыя часы!». Многія згадваюць ОК16, праект Vulica Brasil — тым больш, што наш інтэр’ер распісвалі мастакі Bazinato і Doctor Oy. Мы намагаемся даць беларусам магчымасць быць такімі, якімі яны хочуць — практыкаваць свае каштоўнасці, дапамагаць, купляць працы ў беларускіх мастакоў, зрабіць сваю выставу, выступіць са стэндапам, прачытаць лекцыю.

Ведаеце, звычайна мы пакідаем сабе хаця б адзін выходны ў тыдзень, бо і так працуем 24/7. Але вось бываюць такія цікавыя івэнты, што не вытрымліваеш і прыходзіш. У гэту нядзелю ў нас была дэгустацыя піва ад беларускіх півавараў — і як было не прыйсці?

***

Падтрымаць CreateCulture Space можна, набыўшы кубачак кавы тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!