Да канферэнцыі «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні» засталіся лічаныя дні

У Варшаве 21 студзеня пройдзе канферэнцыя, прысвечаная праблемам існавання беларускамоўнай кнігі — «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні». Арганізатарамі падзеі выступаюць Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета, Беларускі ПЭН, грамадская кампанія Budzma Belarusami, платформа ІнБелКульт 2.0.

«Мы знаходзімся ў драматычным і нестабільным свеце, дзе будучыня нас і нашых дзяцей выглядае вельмі няпэўна. Але няпэўна сёння выглядае будучыня не толькі асобных людзей, але цэлых краін, моў і культур. Беларуская кніга сёння як ніколі знаходзіцца пад пагрозай знішчэння і можа сама сябе ўжо запісваць у Чырвоную кнігу. Ці можна сёння нешта зрабіць для падтрымкі выдання кніг на беларускай мове і распаўсюджання з яе дапамогай нацыянальнай культуры?», — пазначаюць поле для працы і дыскусіі арганізатары.

На канферэнцыі будуць абмяркоўвацца наступныя пытанні:

  • Якія сістэмныя крокі трэба зрабіць, каб дапамагчы выдаваць кнігі па-беларуску?
  • Як папулярызаваць чытанне кніг і перакладаў на беларускую сярод беларусаў?
  • Што зрабіць для падвышэння заўважнасці і прэстыжнасці беларускіх кніг і аўтараў на
    міжнародным узроўні?
  • Якім павінен стаць твар беларускага кніжнага рынку ў бліжэйшыя часы?

Мяркуецца, што канферэнцыя можа стаць устаноўчым сходам па стварэнні грамадскай ініцыятывы Інстытут беларускай кнігі.

Сёння, 18 студзеня, апошні дзень, калі можна далучыцца да падзеі ў якасці выступоўцы, арганізатара дыскусіі, зацікаўленага назіральніка. Падаць заяўку можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!