У Гродна да Дня горада, які будуць адзначаць 9 верасня, адкрылі мурал плошчай больш за 430 кв. м. У 12 арках размешчаны сюжэты, прысвечаныя гісторыі Гродна і паляванню, піша Hrodna.life.
Аўтар мурала — гродзенскі мастак Уладзімір Качан.
Ініцыятар стварэння мурала ў дворыку на Маркса, 11 — уласнік прыватнай галерэі халоднай зброі «Арсенал» і былы шматгадовы дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук.
За прыклад былі выкарыстаны гравюры старажытных майстроў. Да іх дадалі віды горада. На выявах можна ўбачыць Каложскую царкву, Францішканскі касцёл, пажарную каланчу, вуліцу Замкавую, а таксама аленя святога Губерта. Стары замак выявілі ў сучасным выглядзе, а таксама так, як ён выглядаў на гравюры Цюнта.
Каля сцяны ўсталявалі металічную скульптуру аленя, якую Грышуку падаравалі на 50-годдзе, скульптуры каваля, які куе меч, і чалядніка, які распальвае агмень.
«Гэтую ідэю мы прыдумалі разам з маімі сябрамі, сярод якіх былі творчыя асобы. Спачатку былі думкі паклікаць дзяцей і размаляваць сцяну графіці, але потым вырашылі зрабіць па-іншаму», — сказаў Анатоль Грышук «Вячэрняму Гродна».
Дарэчы, чытачы Hrodna.life расказалі, што постаць вершніка на мурале аўтар увасабляў з ініцыятара роспісу. Спачатку персанаж меў абсалютнае партрэтнае падабенства з Анатолем Грышуком, але ў самым канцы яму дамалявалі бараду, і падабенства стала не такім відавочным.
Hrodna.life. адзначае, што мастак Уладзімір Качан любіць выяўляць на сваіх муралах і іншых працах рэальных асоб: чыноўнікаў, знаёмых, вядомых гродзенцаў. Напрыклад, на мурале ля пажарнай каланчы, які Качан стварыў у 2009 годзе, можна пазнаць некалькіх чалавек, сярод якіх — вядомы каваль Юрась Мацко.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram