Да 95‑годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пакажуць «Ладдзю роспачы»

27, 28 і 30 снежня на сцэне РТБД адбудзецца прэм’ера легенды ў дзвюх дзеях «Ладдзя роспачы» паводле Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы Святланы Навуменка, паведамляюць на сайце тэатра.

Сцэна РТБД ператворыцца ў метафарычную прастору глыбінных сэнсаў, дзе пластычныя, візуальныя і музычныя рашэнні дапамогуць кожнаму гледачу судакрануцца з моцнай гісторыяй пра лёс чалавека, унутраную барацьбу і сілу духу, а значыць, з самім сабой.

«Што, калі пасля апошняга ўздыху нас чакае не спакой, а люстэрка? Люстэрка, у якім – усё наша жыццё: кожны погляд, кожнае слова, кожны выбар.

«Ладдзя роспачы» – гэта спектакль-роздум. Нашы радасці і нашы злачынствы, любоў і здрада, мужнасць і страх – усё гэта пляце нябачнае павуцінне нашага лёсу. Ці працягваецца яно далей за межы жыцця?..», — тлумачаць у анатацыі да спектакля галоўны канцэпт твора.

Рэжысёр Святлана Навуменка праз філасофскую прозу Уладзіміра Караткевіча распавядае пра ўнутраны свет чалавека, які стаіць на парозе паміж «тут» і «там». І пытае: мы – стваральнікі свайго лёсу ці толькі акцёры ў п’есе, якую хтосьці напісаў для нас?

Сапраўднай асновай і натхненнем спектакля сталі словы самога Караткевіча: «Ладдзя роспачы» — па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларусу, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не саступіць у барацьбе за іх».

Акрамя снежаньскіх спектакляў на сайце тэатра можна набыць квіткі на тры паказы ў студзені і два – у лютым.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!