«Цуду не адбылося»: Кацярына Ваданосава просіць аб дапамозе ў цяжкі час для сваёй сям’і

Вядомая беларуская музыка, паэтка і тэлевядоўца Кацярына Ваданосава паведаміла пра цяжкі стан сваёй маці. Пасля раптоўнага інсульту, які здарыўся 23 снежня, жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Дактары прагназуюць незваротныя пашкоджанні мозгу.

Сітуацыя ўскладняецца сур’ёзнай праблемай з медыцынскай страхоўкай. Нягледзячы на тое, што маці Кацярыны знаходзіцца ў працэсе атрымання міжнароднай аховы ў Польшчы і па законе павінна быць застрахавана, з-за бюракратычнай памылкі яе дадзеныя не былі своечасова ўнесены ў базу Упраўлення па справах замежнікаў (Urząd do Spraw Cudzoziemców).

«Рахунак за аперацыю ды іншыя маніпуляцыі — ад дзесяткаў да соцень тысяч злотых… Не ведаю пакуль дакладна, але парадкі лічбаў такія. І мне трэба рыхтавацца да развітання. Самае страшнае — не мець моцы паўплываць хоць на штосьці», — напісала Кацярына ў сваім Facebook.

З-за калядных святаў дзяржаўныя ўстановы не працуюць да панядзелка, што робіць немагчымым тэрміновае выпраўленне памылкі. У сувязі з гэтым быў адкрыты экстраны збор сродкаў на платформе BYSOL для аплаты медыцынскіх рахункаў і падтрымкі сям’і ў гэты крытычны момант.

Кацярына Ваданосава падкрэсліла: калі атрымаецца дабіцца ад дзяржавы пакрыцця выдаткаў, усе сабраныя грошы будуць перанакіраваныя на іншыя дабрачынныя мэты.

Падтрымаць Кацярыну Ваданосаву можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!