Павел Баркоўскі. Фота: t.me/CabinetBelarus
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі выступіў з заявай з нагоды прызнання рэжымам новых экстрэмісцкіх фармаванняў і пераследу людзей, звязаных з сацыяльна-культурнымі арганізацыямі.
Галоўная мэта пераследу – «стварыць плацдарм для экспансіі «рускага міра» і захавання абкарнанай народнай культуры ў выглядзе ансамбля «Харошкі» або праўладных творчых саюзаў», — мяркуе філосаф.
«Апошнімі часамі робіцца «экстрэмальна» заўважным, што ў Беларусі сілавыя ведамствы вядуць сапраўдную вайну супраць беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры, — адзначае Павел Баркоўскі. — Гэта выяўляецца ў іх жаданні забараніць беларусам не толькі карыстацца ўласнай гісторыяй і мовай — што ўжо робіцца рэальна небяспечным у таталітарнай краіне — але і проста карыстацца інфармацыяй і рэсурсамі, якія дапамагаюць развіццю беларускай тоеснасці па-за межамі дзяржаўнага кантролю і ў дыяспарах.
Рэжым Лукашэнкі ідзе нават на прамое парушэнне міжнароднага права і практыкуе трансгранічныя злачынствы, абвяшчаючы «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і «арганізацыямі» інстытуцыі, якія зарэгістраваныя і працуюць у краінах ЕС.
Прычым мэтай іх дзейнасці з’яўляецца нават не палітыка ў прамым сэнсе таго слова, а менавіта падтрымка мовы і культуры, як у выпадку з Беларускай радай культуры, або адукацыйна-даследчая дзейнасць, як у выпадку ЕГУ. Больш за тое, экстрэмісцкімі фармаваннямі абвяшчаюцца асобныя праекты, якія шчыруюць дзеля развіцця пэўных аспектаў гэтай культуры або дапамагаюць ёй рэсурсамі – гэта і праграма Магістратаў, і праграма падтрымкі Artpower, і праграма садзеяння рэформам адукацыі «Васьміног».
Відавочная мэта гэтых захадаў – цалкам адгарадзіць беларусаў, якія засталіся ў краіне, ад кантактаў з любымі незалежнымі культурніцкімі ініцыятывамі па-за межамі краіны, ператварыўшы Беларусь у плацдарм для экспансіі «рускага міра» і захавання абкарнанай народнай культуры ў выглядзе ансамбля «Харошкі» або праўладных творчых саюзаў. Тое, што паводзіны рэжыму не надта адрозніваюцца ад паводзін расійскай акупацыйнай адміністрацыі на захопленых тэрыторыях Украіны, ужо нават не патрабуе асаблівых доказаў. Больш за тое, адбываецца фізічны кантроль над тэрыторыяй: на жылых дамах вывешваюць расійскія сцягі, расіяне масава скупаюць кватэры ў нашай краіне.
З Беларусі ў інтэнсіўным парадку робяць той самы Крым, які спрабуюць «нармалізаваць» шляхам агрэсіўнай каланізацыі і вынішчэння свайго, мясцовага і нацыянальнага. Сілавыя ведамствы Беларусі наскрозь інфільтраваныя агентамі расійскага ўплыву, для якіх само існаванне беларускай нацыі, мовы і культуры з’яўляецца недарэчнасцю і пагрозай: яны б хацелі «вярнуць беларускія тэрыторыі ў родную гавань» і атрымаць расійскія афіцэрскія заробкі. Гэта абыякавасць да нацыянальнай гісторыі і незалежнасці вядзе Беларусь як дзяржаву да катастрафічнага сцэнару і набліжае паглынанне гэтай сістэмы больш моцнай і ваяўнічай таталітарнай машынай з Усходу.
Беларуская культура і тоеснасць сёння развіваюцца не дзякуючы, а насуперак дзеянням лукашэнкаўскай дзяржавы. Тое, што вымушае казаць пра захаванне беларускасці як такой, збольшага кладзецца цяпер на плечы дыяспары, якая вымушаная шукаць рэсурсы на падтрыманне таго, што ў нармальных дзяржавах кладзецца на грамадскі бюджэт.
Насуперак незаконным і гвалтоўным дзеянням памагатых рэжыму беларуская нацыя захоўвае рэсурс адраджэння, але менавіта як сістэмную дзейнасць беларускіх арганізацый і актывістаў, а таксама тых, хто падтрымлівае іх на палітычным узроўні і дапамагае з пошукамі фінансавання.
Галоўнае, пра што варта памятаць: сёння захаванне беларусаў як нацыі — гэта задача кожнага і кожнай з нас. Не дзякуючы, а насуперак. І на ўласным прыкладзе. Які можа пачынацца з размовы па-беларуску з сваімі дзецьмі, запіс іх у беларускія школкі і гурткі, слухання беларускай музыкі, чытання беларускіх кніг і фінансавай падтрымкі праектаў беларускіх дзеячаў культуры – квіткамі або данатамі.
Гэта тое, што дазволіць беларусам людзьмі звацца, а не рашчыніцца маўкліва між іншымі народамі. Гэта наш абавязак перад беларусамі будучыні, наш доўг перад самімі сабой».
Нагадаем, што праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што ў апошнія дні ў розных гарадах Беларусі адбываюцца ператрусы і затрыманні людзей, звязаных з сацыяльна-культурнымі арганізацыямі. Акрамя таго, стала вядома, што «Беларуская Рада культуры» і шэраг культурных ініцыятыў прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram