Цэнтр эстэтычнага развіцця дзяцей плануюць адкрыць у адрэстаўраваным Палацы Чацвярцінскіх у Гродне

У гродзенскім парку Жылібера працягваецца капітальны рамонт Палаца Чацвярцінскіх — помніка архітэктуры XVIII стагоддзя. Гродзенскі парк атракцыёнаў, які набыў будынак у 2020 годзе за Br1,7 млн, не спыняецца ў намерах надаць новае жыццё комплексу і адкрыць там у 2025 годзе Цэнтр эстэтычнага развіцця дзяцей.

Будынак быў узведзены яшчэ ў XVIII стагоддзі, пры каралі Станіславе Аўгусце Панятоўскім. Архітэктарам палаца быў каралеўскі дойлід Джузэпэ дэ Сака, а прызначаўся комплекс для Каралеўскай медыцынскай акадэміі — першай вышэйшай навучальнай установы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Курыраваў працы гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз, а дырэктарам Акадэміі быў адмыслова запрошаны французскі вучоны Ж. Э. Жылібер.

Палац Чацвярцінскіх на малюнку Напалеона Орды. Другая палова ХIX стагоддзя.

Пасля страты ўплывовых пазіцый Антонія Тызенгаўза і пераезду Акадэміі ў Вільню будынак перайшоў да князёў Чацвярцінскіх, адкуль і пайша адна з яго назваў.

У розныя гады тут былі вайсковы інтэрнат, здымныя кватэры, ваенны суд і камендатура, якая пераехала адсюль у 2014 годзе. Пасля пакупкі палаца ў 2020 годзе Гродзенскі парк атракцыёнаў распачаў на аб’екце рамонтныя працы.

Па інфармацыі Grodno.in, рабочыя ўжо напалову замянілі дах асабняка, абтынкавалі і пафарбавалі некаторыя сцены. Але ў аб’екта ёсць складанасці.

Пад будынкам льюць ручаіны. І ніхто ня можа разабрацца, што з гэтым рабіць, — адзначае заснавальнік Гродзенскага парку атракцыёнаў Юрый Солтан. — Больш за тое, мы знайшлі нідзе не пазначаны склеп. Спрабуем яго захаваць на будучыню. Цяпер да аб’екта падключаны лепшыя розумы, спецыялісты Палескага інстытута меліярацыі. Першыя вынікі чакаем ужо восенню, — кажа ўласнік.

Пра намер адкрыць у адрэстаўраваным палацы крэатыўны цэнтр для моладзі каманда Гродзенскага парку атракцыёнаў казала і раней, але цяпер гаворка ідзе пра больш-менш акрэсленыя тэрміны.

Капітальны рамонт інвестары плануюць завяршыць да лета 2024 года. Далей — распачнецца новае будаўніцтва на тэрыторыі палаца, якое арыентавана завершыцца ў 2025 годзе.

Уся гісторыя Гродна прайшла праз гэты будынак. Мы хочам гэта захаваць, — кажа Юрый Солтан.

Ды дадае: тое, што яго каманда плануе зрабіць у адрэстаўраванай медакадэміі, будзе проста «бомбай».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.