Каманда беларускіх спецыялістаў запусціла праект Sonora, які мае на мэце глабальную ідэю — уратаваць мову ад лічбавага знікнення і навучыць AI размаўляць па-беларуску натуральна і жыва. Каб закласці для гэтага неабходную базу, каманда абвясціла збор сродкаў на платформе «Гронка».
З неабходных 13 000 € праекту ўжо ўдалося сабраць больш за 3 000 €, і рух працягваецца. Аднак арганізатары падкрэсліваюць: гэты збор — не пра куплю гатовага прадукту, а пра інвестыцыю ў падмурак, без якога беларуская мова рызыкуе апынуцца на ўзбочыне тэхналагічнага прагрэсу і выціснуцца з лічбавай прасторы будучыні.
Філасофія праекта: мова ў свеце, які будуецца вакол голасу
Сучасны свет імкліва пераходзіць на галасавое кіраванне, AI-асістэнты і інтэрактыўныя дадаткі. Калі мова не прадстаўлена ў гэтых тэхналогіях, яна паступова знікае з ужытку будучых пакаленняў. Ініцыятыва Sonora (Text-to-Speech мадэль) узнікала як адказ на гэты выклік: зрабіць так, каб беларуская мова гучала ў сучасных тэхналогіях — у дадатках, аўдыякнігах, адукацыі і штучным інтэлекце.
Без намаганняў з боку самой супольнасці глабальныя карпарацыі не будуць займацца развіццём беларускага AI, бо для іх гэты рынак камерцыйна невялікі. Менавіта таму стваральнікі Sonora прапануюць інвеставаць у першы і самы важны крок — стварэнне якаснага студыйнага аўдыа-датасэта (набору прафесійных запісаў, на якіх будзе вучыцца штучны інтэлект).
Робат ці жывы чалавек: чаму якасць вызначаецца зараз?
Ідэя праекта палягае не проста ў тым, каб навучыць машыну чытаць беларускія літары. Задача — захаваць жывую гаворку, яе меладычнасць, характар і эмоцыі. Менавіта на этапе стварэння датасэта вырашаецца, як менавіта будзе гучаць беларускі AI: ці будзе гэта сухі механічны голас робата, ці натуральнае чалавечае маўленне.
Дзеля гэтага над праектам аб’ядналася міждысцыплінарная каманда: AI-інжынеры, якія адказваюць за тэхнічную рэалізацыю і навучанне мадэлі; лінгвісты і эксперты (сярод якіх інжынер-лінгвіст Уладзіслаў), якія сочаць за моўнай дакладнасцю; спецыялісты па працы з гукам і праектныя менеджары (пад кіраўніцтвам Ганны Маклаковай).
Гэты сімбіёз навукі і тэхналогій дазволіць стварыць базу, якую потым зможа выкарыстоўваць любы распрацоўшчык для стварэння беларускамоўных праграм, навігатараў ці галасавых памочнікаў.
На што пойдуць рэсурсы?
Каб рэалізаваць праект цягам найбліжэйшых 3–5 месяцаў, камандзе патрэбна фінансавая падтрымка для аплаты працы спецыялістаў і арэнды абсталявання. Срокі будуць накіраваныя на:
«Падтырмліваючы Sonora, вы дапамагаеце не проста праекту — вы дапамагаеце беларускай мове загучаць у свеце, які ўжо будуецца вакол голасу і штучнага інтэлекту», — зазначаюць стваральнікі.
Дэталізаваную канцэпцыю і ідэю праекта можна вывучыць на сайце sonora.you/#idea, а падтрымаць лічбавую будучыню мовы — на старонцы збору.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram