Ці разарвецца «Пятля» – насуперак усеагульнай прыхільнасці?

Reform.news працягвае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў паспрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы.

Сёння публікуем рэпартаж-рэцэнзію крытыка (які пажадаў застацца ананімным) з канцэрта беларускага гурта «Пятля Прыхільнасці» ў Вільні. На выступленне слынных постпанкаў у межах развітальнага тура аўтар паехаў абходным шляхам з Беларусі. Тым больш каштоўным для нас з’яўляецца гэты водгук, які не толькі пазначае феномен бэнда ў культавым складзе — з вакалістам і аўтарам Іллём Чарапко-Самахвалавым, але задае сістэму каардынат, мапу беларускай «разарванай рэальнасці», у якой, пераадольваючы кіламетры, межы і рызыкі, сустракаюцца беларускія музыкі і іх слухачы.

***

У беларускай рок-музыцы ўжо сфармавалася завядзёнка: любы паспяховы праект немінуча павінен самаразваліцца, прычым пажадана ў зеніце кар’еры. І абавязкова пад уплывам не якіхсьці няўмольных абставінаў, а менавіта ўнутраных фактараў, малаўцямных для людзей старонніх.

Распачатую «N.R.M» і «Ляпісамі» традыцыю годна працягнуў гурт «Пятля прыхільнасці». Канцэртам у Вільні стартаваў яго развітальны тур, які ахоплівае 23 гарады ў 15 краінах.

Арлы ў няволі?

Шчыра кажучы, бэкграўнд гэтай падзеі не надта натхняў бегчы па квіткі. Калі даты тура ўжо былі аб’яўленыя, вакаліст Ілля Чарапко-Самахвалаў раптоўна заявіў пра cыход з гурта ды ўдакладніў, што гастролі пройдуць без яго ўдзелу. Гэта выглядала б не менш арыгінальна за дыскатэку без музыкі… Што аўтаматычна азначала: гастролі не адбудуцца наогул. Потым Ілля ўсё ж пагадзіўся паехаць у тур: маўляў, іначай няўстойкі яму ніколі не выплаціць…

Паколькі «арлы ў няволі не размнажаюцца», чакаць ад канцэрту чаду і катарсісу, здавалася б, не выпадала.

Пагатоў, я добра памятаю найлепшыя мінскія канцэрты «Пятлі» – у тым ліку і фінальны, які адбыўся ў «Рэпабліку» ці не ў апошні дзень 2020 года. Болей у «Рэпабліку», здаецца, нічога цікавага і не адбывалася. Нават не ведаю, ці існуе дасюль гэты клуб, хаця жыву насупраць. Як тут наогул існаваць клубам, калі нельга амаль усё?

Адпаведна, мне было з чым параўноўваць. І расчароўвацца не хацелася. Тым болей, каб патрапіць на канцэрт, мне было ўжо замала перайсці дарогу ад дома да клуба ці сесці на метро. Цяпер для мінчука паход на «Пятлю» – гэта яшчэ і падарожжа ў нейкае іншае вымярэнне, як палітычнае, так і культурнае.

Але акурат нагода падыхаць іншым, не такім стэрылізаваным паветрам, стала апошнім аргументам «за», і квіток на канцэрт усё ж быў набыты – зразумела, з замежнай карткі сябра. Агледзеўшы развітальным позіркам родныя для нас з «Пятлёй» мінскія панэлькі, я сеў у таксоўку і выправіўся на аўтавакзал.

Шлях ішоў праз Польшчу – Літва акурат напярэдадні закрывала мяжу, тады яшчэ ненадоўга. Да ўсяго, хацелася заблытаць сляды: раптам «Пятлю» прызнаюць нейкім «няправільным» гуртом…

Канцэрт «Пятлі прыхільнасці» ў Вільні ў межах развітальнага тура. Фота: @yerchak, сацсеткі гурта

Але рызыка, вядома, заставалася. Раптам нейкім «няправільным» на беларускай мяжы прызнаюць цябе. І замест таго, каб дзяжурным рухам працягуць праштампаваны пашпарт, каменны твар памежніка ў кабінцы прамовіць: «Адыдзіце ў бок і пачакайце, зараз вас паклічуць на размову».

Са мною такое здаралася толькі па вяртанні ў Сінявокую, але я заўсёды хвалююся і на выездзе. Ды што тут казаць: кожная сустрэча з чалавекам у пагонах для нас – гэта стрэс. Раптам твае думкі ўжо выкрытыя і далучаныя да пратаколу.

Зрэшты, каму я гэта распавядаю? Мабыць, вельмі многія шчаслівыя ўладальнікі шэнгенскіх візаў перасякаюцць айчынную мяжу менавіта з такім пачуццём. Аднак, пагадзіцеся, перажыты страх у выніку адно ўзмацняе рэзкі прыступ эйфарыі: цяпер можна пару дзён не карыстацца VPN і не сачыць за «базарам» у бары…

Польшча сустрэла восеньскім сплінам і капіталістычным загніваннем лісця. Але калі мы на машыне сябра – ён прызнаўся, што паехаў на канцэрт з Беластока найперш з павагі да гурта – прышвартаваліся ля віленскага вакзала, у твар раптам нечакана патыхнула вясною.

На тле падрыхтоўкі да свята Дажынак, якая несупынна дзеіцца ў Мінску, напаўняючы яго вуліцы свежымі шэдэўрамі аграгламуру, Вільня здзіўляе сваёй нязменнасцю. З года ў год бачыш там адны і тыя самыя выбоіны ў старой плітцы. У Мінску бы яе разоў дзесяць ужо паспелі памяняць, і выбоіны шторазу былі б новымі (Дажынкі, як вядома, не спрыяюць якасці будаўнічых работ).

Але ж Вільня не імкнецца выглядаць настолькі ж бездакорна, як актывіст БРСМ на ўрачыстай лінейцы. Яна сама сябе не саромеецца — і не хавае сваіх недахопаў. На яе целе мноства ландшафтных складак ды розных іншых малапрыкметных закуткоў. Адзін з іх — лофтавы клуб «Mello» – мы акурат і спрабуем знайсці. Дапамагае не столькі мапа, колькі інтуіцыя.

Канцэрт адбыўся!

Нецярпліва пасёрбваючы піва (пачатак затрымліваўся), публіка дзялілася апошнімі навінамі і плёткамі. Зрэшты, навін ні ў кога не было, толькі плёткі. Прычына распаду «Пятлі» так і засталася таямніцай для грамадскасці.

Піва ў куфлях таяла, час ішоў, нічога не адбывалася… Каб зараз нехта абвесціў, што ўсё адмяняецца «па тэхнічных прычынах», я б не надта здзівіўся…

Ды ўрэшце святло згасла, музыканты з’явіліся на сцэне. І тут амаль адразу стала зразумела: гэта менавіта тая «Пятля», якую мы ўсе любім! Адзіны арганізм, які жывіцца агульным канвульсіўным дыханнем. У яго эпіцэнтры – сціплага выгляду чалавечак, які торгаецца ля мікрафона, часам адчайна ўздымаючы рукі ўгару. Яго рукі – гэта нібы працяг музыкі.

Мабыць, кожны свой канцэрт гэты гурт грае як першы і/або апошні. Але ж пры ўсёй эмацыйнасці музыкантам не бракуе і зладжанасці, уласцівай прафесіяналам. У гэтым гукавым палатне кожны мазок на сваім месцы, і ствараецца яно калектыўнымі высілкамі кожнага з пяці ўдзельнікаў «Пятлі».

Мала каму вядомы клуб «Mello», які месціцца ў лофтавай прасторы ля вакзала, быў забіты бадай пад завязку. З вентыляцыяй там праблемы – што разам з рухавай музыкай прымусіла твары прысутных пакрыцца здаровым румянцам. Затое гук на пляцоўцы аказаўся наздзіў добрым. Магчыма, некаторым панк-гуртам гэта было б толькі на згубу – але не «Пятлі», якая вынаходзіць новыя вымярэнні гітарнага саўнду. Пад гэтую не надта мудрагелістую, здавалася б, музыку можна не толькі слэміць – у яе прыемна таксама і ўслухоўвацца, адзначаючы цікавыя дэталі.

Канцэрт «Пятлі прыхільнасці» ў Варшаве ў 2024 годзе. Фота: Дар’я Каляда

Ніякіх сюрпрызаў у рэпертуары не было (што, зрэшты, прадказальна для развітальнага канцэрта). Гурт ахвотна спраўджваў чаканні прыхільнікаў, паслядоўна выстрэльваючы ў залу адным хітом за другім. Эмацыйнай кульмінацыяй, вядома, стаў «Груз” – у гэты момант часам здавалася, што энергія, якая выпраменьвалася са сцэны, можа нарэшце раструшчыць стары прамысловы будынак, які праз даравізну яго арэнды і быў пераўтвораны ў лофт.

Амстэрдам замест Саратава

Яшчэ зусім нядаўна «Груз» выглядаў ці не найлепшым саўндтрэкам для той прасторы, дзе ён нарадзіўся. Здавалася, што «Пятля» адназначна належыць да музыкі постсавецкай. Ды што там – яна ўпаяная ў постсавок намёртва! Бо менавіта ў гэтых геаграфічных каардынатах жыве яе непрыкметны лірычны герой, з вакна кватэры якога адкрываецца «превосходный вид на ТЭЦ». Ён разважае пра антычных багоў, седзячы ў адной з бетонных ячэек безаблічнага мікрараёна, дзе аддушыну можна знайсці хіба ў алкаголі і «веселой жести».

Гэты лірычны герой нечым падобны да Пана Когіта (alter ego Збігнева Герберта) – хаця, вядома, мае зусім іншую прапіску. Гэты негераічны герой – трохі асацыяльны інтэлектуал, бязвольны перад лёсам і сваімі слабасцямі, аднак здатны ўсё ж абіраць уласны лёс. Ілля Чарапко-Самахвалаў так удала ўвасабляе яго вобраз не толькі праз свой акцёрскі бэкграўнд. Без сумневу, гэта не проста акцёрства.

Такі вобраз аказаўся блізкім для многіх. Гурт рэгулярна рассякаў неабдымныя постсавецкія прасторы, збіраючы поўныя клубы «бытанаўтаў» што ў Кіеве, што ў Маскве. Даязджаў і «до самых до окраин». Памер постсаўка дазваляў рабіць вялікія гастрольныя трасы.

Канцэрт гурта ў Таліне ў межах развітальнага тура. Фота: Marharyta Lakcievič-Iskryk, сацсеткі гурта

Зразумела, цяпер сітуацыя змянілася. Але вось што дзіва: гастрольны графік гурта застаўся настолькі ж насычаным, як і раней. Гэта калі не ўнікальны, дык прынамсі вельмі рэдкі выпадак для беларускіх музычных рэлакантаў.

Толькі цяпер у маршруце трасы значацца не Гомель, Казань і Саратаў, а Цюрых, Парыж, Берлін, Лімасол…. Апошні тур налічвае два тузіны канцэртаў, і гэты спіс гарадоў куды большы за пералік звыклых хабітатаў беларускай дыяспары. У Амстэрдаме вунь ужо здарыўся першы солдаўт…

Параўнальна з сусветным поспехам іншых (шчыра кажучы, менш цікавых) постпанкавых песняроў панэльнага будаўніцтва – «Molchat Doma» – яно, вядома, выглядае сціпла. Але ж феномен гэтых хлопцаў з мінскіх мікрараёнаў здаецца мне настолькі неспасцігальным, што яго варта наогул пакінуць за дужкамі. Пагатоў, такое дакладна не паўтараецца. Нават не спрабуйце.

«Пятля» ў Еўропе – з’ява не модная, а нішавая. Гурт грае ў невялікіх клубах з праплочанай арэндай, куды прыходзіць толькі свая публіка. Але прыходзіць!

І тут у «таварыша маёра» немінуча ўзнікне пытанне. Чаму свая публіка знаходзіцца ў дваццаці з гакам гарадах? Як гурт здолеў «канвертавацца» для зусім іншай геаграфічнай прасторы?

Збор бытанаўтаў

Зразумела, галоўныя адказы навідавоку. Па-першае, у гурце грае выбітны букінг-менеджар, здатны наладзіць усю справу як след. Па-другое, немалая частка старой публікі ў звязку з вядомымі падзеямі перабралася  ў краіны з лепшым кліматам – у розных сэнсах слова.

І сапраўды, ані літоўскай, ані англійскай мовы на віленскім канцэрце «Пятлі» я не пачуў. Не выпадае сумнявацца, што нават у Літве абсалютная большасць яе публікі – гэта экспаты, а не аўтахтоны. Адпаведна, тут яшчэ ўключаецца дадатковы фактар настальгіі па родных панэльках і ТЭЦах, які падахвочвае набыць квіточак…

Вядома, у Вільні да іх дадаліся і рэдкія ўладальнікі шэнгенскіх візаў кшталту мяне. Яны гучна абмяркоўвалі, ці здолеюць вярнуцца дахаты з прычыны ўсіх гэтых шароў. Спойлер: я не паспеў і ехаў дахаты зноў праз Польшчу.

Аднак пры гэтым мы былі яўна больш шчаслівымі за сярэднестатыстычных віленчукоў: усё ж вырваліся!

Канцэрт «Пятлі прыхільнасці» ў Варшаве ў 2024 годзе. Фота: Дар’я Каляда

Пераканаўчая сіла мастацтва

Зрэшты, толькі гэтымі прычынамі поспех «Пятлі» наўрад ці можна патлумачыць. Сведчаннем таму – размаітасць публікі, якая сабралася ў віленскім клубе. Тут табе і «экстрэмісцкі» бацюшка (зразумела, не ў расе, а ў фірмовай майцы гурта), і скандальна вядомы моўны актывіст, і паспяховыя айцішнікі, і інтэлігентная пенсіянерка, якая ведала на памяць словы ўсіх песень…

Наўрад ці ўсе прысутныя на канцэрце разумеюць, што такое паміраць зраніцы «ад весялосці», і рэгулярна адчуваюць на сваёй шкуры і псіхіцы ўвесь далейшы ход абстынентнага сіндрому. З лірычным героем «Пятлі» ім досыць цяжка сябе атаясаміць праз банальную асінхроннасць жыццёвага досведу.

Але ж штука ў тым, што мастацтва (добрае) мае ўніверсальны характар. Яго пераканаўчая сіла не ведае не толькі сацыяльных ды нацыянальных межаў – яна перасягае таксама і межы індывідуальныя. Экзістэнцыйны досвед і энергія са сцэны накіроўваюцца ў нейкі плавільны кацёл – і ўжо адтуль, як пры камунізме, усё гэта раздаецца кожнаму паводле патрэбы. Адгукаючыся ў кожнай свядомасці па-свойму.

Вось гэты алхімічны працэс можна (яшчэ пакуль) заспець на канцэртах «Пятлі прыхільнасці». Таму спяшайцеся.

У чаканні смерці

Цягам усяго канцэрта – а доўжыўся ён недзе гадзіну сорак – балючая тэма распаду музыкантамі не ўздымалася. І толькі напрыканцы Ілля абвясціў, што гэты канцэрт «Пятлі» будзе ў Вільні апошнім: гурт па завяршэнні тура скончыць сваё існаванне. «Смерць – гэта не канец, гэта пачатак чагосьці вельмі цікавага. Мабыць, гэта новы віток…» – аптымістычна дадаў ён на добрай беларускай мове.

Яшчэ напярэдадні тура Ілля казаў, што збіраецца распачаць новы праект. Зрэшты, і раней музычная палігамія была для яго ўласцівай. Працягвае сваё існаванне «Кассиопея», не так даўно выйшаў добры альбом трохі менш вядомага трыа «Polyn»… І адказ на пытанне, чаму нельга плённа сумяшчаць усе магчымыя эманацыі творчага эга, мабыць, ведае толькі сам Ілля.

Пагатоў, для ўсіх, хто прысутнічаў на канцэрце, стала відавочна: «Пятля» сябе зусім не вычарпала і памірае не ад стомленасці сабою. Зрэшты, нават тыя, хто не дайшоў да «Mello», маглі ў гэтым пераканацца яшчэ раней.

Канцэрт гурта ў Таліне ў межах развітальнага тура. Фота: Marharyta Lakcievič-Iskryk, сацсеткі гурта

Плён беларусізацыі

Пакуль у навакольным свеце здараліся розныя пертурбацыі, сама «Пятля” таксама не тапталася ў паспяхова абранай аднойчы нішы. Здавалася, літаральна летась яе шлях набыў новую нечаканую траекторыю. Новы этап… «Петля пристрастия» стала «Пятлёй прыхільнасці». І гэта не проста рынэймінг.

Яшчэ зусім нядаўна было цяжка паверыць, што зацятыя касмапаліты і нігілісты некалі заспяваюць па-беларуску. Але гэта здарылася.

Што сталася таму прычынай? Тут да бабкі хадзіць не трэба. Вельмі многія жыхары Беларусі ў адзін год адчулі сябе беларусамі.

Выхад альбома «Суперпазіцыя» здзівіў многіх прыхільнікаў – і не толькі з прычыны мовы. Так, пераход на беларускую пазбавіў гурт пэўнай долі здаровага цынізму – як гэта ў свой час здарылася з «Neuro Dubel». Спрадвечная туга стала больш пафаснай, крыху рамантычнай, і ў ёй нават з’явіліся аптымістычныя ноткі. Гітарны «шчыльняк» разбавіла тонкая электроніка, а драйву і «раскаўбасу» значна паменела. Тэксты сталі больш наіўнымі і па-дзіцячы шчырымі, а музыка – наадварот, больш дарослай, далікатнай і вытанчанай.

Нейкі гісторык постпанку, мабыць, адзначыў бы, што гэта непазбежны этап эвалюцыі  – паступовы дрэйф да нью-ўэйву. То-бок, кожны «Joy Division» рана ці позна мае стаць «New Order».

Ды ёсць і іншая прычына: калі неафіт пераходзіць на беларускую, яму адразу хочацца гаварыць пра нешта ўзнёслае і светлае… Нават абноўленая назва гурта – «Пятля прыхільнасці» (менавіта яна фігуруе на выпушчаным да тура мерчы) – гучыць куды цяплей і чалавечней за «Петлю пристрастия», метафару, запазычаную з нейкага плаката пра шкоду алкаголю.

Але паколькі на папярэдніх шасці альбомах згаданая тэма была адлюстраваная шматбакова і грунтоўна, новы этап у творчасці гурта стаў прынамсі нялішнім. Прычым прыхільнікі ацанілі метамарфозы станоўча. Пасля кожнай беларускамоўнай песні на канцэрце публіка гучна скандзіравала «Дзякуй!».

Канцэрт гурта ў Таліне ў межах развітальнага тура. Фота: Marharyta Lakcievič-Iskryk

***

…Карацей, не выпадае сумнявацца, што калі гурт па нейкай прычыне перадумае паміраць, людзі ўспрымуць такую навіну з радасцю і без сарказму. Мабыць, «Пятлю» нават ніхто не будзе параўноўваць са «Scorpions», чые развітальныя туры сталі ўжо завядзёнкай.

Вярнуўшыся ў родны для музыкантаў горад, у якім іх сёння афіцыйна няма і не можа быць, я падумаў таксама і пра фатальны сыход «Пятлі прыхільнасці». Думкі мае пасля такой вандроўкі былі аптымістычнымі – насуперак навакольнай слоце і змесціву афішных тумбаў, якое ў нас заганяе ў дэпрэсію нават болей за надвор’е.

Гурт, без сумневу, зойме сваё месца ў пантэоне беларускага року – як адзін з самых гарэзлівых і неадэкватных яго насельнікаў, недзе побач з «Нейра Дзюбелем». Іллю Чарапко-Самахвалава наўрад ці назавуць «голасам эпохі»: ён не пра эпоху спявае. Але ж, магчыма, будуць казаць пра харктэрны для яе прыклад трансфармацыі лірычнага героя, які зрабіў крок за парог – з уласцівай для постсавецкіх спальнікаў утульнай пазачасавасці ў падуладную ўсім вятрам гісторыю.

Герою там некамфортна, але ён трымаецца. І назад не хоча.

***

Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

 

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!