«Чужой не запалі над намі зоркі!»: Уладзімір Някляеў прэзентаваў кнігу турмы і замежжа ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі

Прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Някляева «Без Айчыны» ў Музеі Вольнай Беларусі атрымалася аўдыявізуальнай. Паэт чытаў свае вершы, якія суправаджаліся жывой музыкай  Дзмітрыя Дуганава. А за іх спінамі ішло відэа ад мастачкі Аляксандры Канафальскай, на якім паказваўся працэс стварэння ілюстрацый для кнігі «Без Айчыны».

Кніга, як вынікае з назвы, пра «Айчыны ланцуг», які не адпускае, пра тое, што будзе з намі ў Айчыне, і што будзе з Айчынай у нас.

Уступ да кнігі аўтар пачынае вершам:

Я ўжо сабе не належу.
Лёс мой мяне перарос.
Вершы, вязніцы, замежжы
Склаліся ў лёс
Жаліцца?.. Дзякаваць Богу?..
Вершы, замежжы, турма
Склаліся ў шлях, у дарогу…

Гэты верш, напісаны ва ўнутранай турме КДБ напрыканцы 2010-га, раней не друкаваўся, таму што паэт лічыў арышты і змушаныя развітанні з радзімай — толькі эпізодамі свайго жыцця. А цяпер радкі выглядаюць прадбачаннем і шляхам, якім прайшлі многія.

Турма — не сцены.
Для турмы
Не камяні сабраны. Мы.

У паэме «Турма» Айчына становіцца турмой, а турма — Айчынай. Некалі ў «Лістах да Волі» Някляеў напісаў, што як толькі за ім зачыніліся турэмныя дзверы, то адчуў сябе абароненым. Замок камеры нібы хаваў яго ад турэмшыкаў: «Так яна прыручала мяне». У кнізе «Без Айчыны» аўтар нібы вяртаецца да свайго турэмнага досведу, піша, што новае выданне сталася своеасаблівым працягам «Лістоў да Волі», таму ў ім сумешчаны даўнія вершы з новымі, асабісты досвед з нацыянальнай трагедыяй, а да сюжэту турмы дадаліся сюжэты Страты і Сыходу.

Шмат у чым гэтая кніга пра дарогу — жыццёвую і шлях нацыі, пра спробу разабрацца, хто вінаваты. Бог, лёс, морак, чалавечыя здрады і аблуды? У паэме «Каляды» паэт, прайшоўшы зямное жыццё да нейкай важнай мяжы, апынаецца… не, не ў змрочным лесе, а ў прасторы калядных метамарфоз, дзе ўздымаецца дах і рассоўваюцца сцены ўтульнай хаціны, на столь і на сцены якой кладзецца Морак.

Паэма напісана ў перыяд паміж каталіцкімі і праваслаўнымі Калядамі, у няпэўны час, калі «яшчэ цячэ рака ў Ваўчыны лог. Жыццё і Смерць стаяць на раздарожжы». Адначасова гэта той час, калі Бог кладзе свет пад белы абрус, калі можна паверыць у цуды і з апошнім адчаем папрасіць: «Чужой не запалі над намі зоркі!».

Ілюстрацыі да кнігі выканала мастачка Аляксандра Канафальская. Хуткага погляду на экран ці кнігу было дастаткова, каб убачыць, што стылістычна выявы дакладна адпавядаюць вершам — надрывам формаў, зломам прасторы і падзеннем яе ў бясчассе.

Галоўным вобразам паэмы мастачка называе чалавека, які ідзе па свеце: «Згублены ў космасе, ён цяпер не толькі без Айчыны, без Беларусі, а нібыта без планеты Зямля». Гэтага чалавека мы бачым на вокладцы кнігі, яна паказвае яго на Ярылавай гары ў Крэве.

Аляксандра Канафальская звычайна стварае выявы пяском на падсвечаным шкле. Для гэтай кнігі пясок падаўся ёй занадта цёплым матэрыялам, таму яна ўзяла чорную фарбу і малявала ёй на тым жа шкле, ствараючы фактуры металічнай губкай.

Фактур у кнізе сапраўды шмат, і яны нам мала нагадваюць бачаныя намі ў рэальным жыцці. Праз іх мастачка паспрабавала перадаць той морак і набрыдзь, няпэўнасць, жах, адчай, якіх так шмат у паэме. Яны паглынаюць чалавечую постаць, дом, родны краявід.

Прачытаць кнігу «Без Айчыны» ў мастачкі атрымалася за тры падходы, перапынкі былі патрэбныя, каб ураўнаважыць эмацыянальны стан. «Кніга Уладзіміра Някляева для мяне касмічная, футурытычная, адначасова і вельмі балючая, і неверагодна прыгожая», — кажа Аляксандра Канафальская, ілюстратарка і фактычна — суаўтарка кнігі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!