«Яшчэ не тут, ужо не там»: Arsis Nova выпусціў новы аркестравы рэліз пра стан «паміж»

Варшаўская культурніцкая ініцыятыва Arsis Nova прэзентавала свой другі вялікі аркестравы рэліз — «Not Here Yet, Not There Anymore» («Яшчэ не тут, ужо не там»). У яго ўвайшлі два праграмныя творы сучасных беларускіх кампазітараў: Кацярыны Ланеўскай і Васіля Веляцінскага.

У цэнтры новага альбома — канцэпцыя лімінальнасці і стан экзістэнцыйнага парога: момант «паміж», калі мінулае ўжо засталося пазаду, а будучыня яшчэ не набыла выразных абрысаў.

Дзеля запісу больш за дваццаць прафесійных музыкаў (у асноўным беларусаў) сабраліся ў Варшаве і цягам трох дзён працавалі пад кіраўніцтвам дырыжора і сузаснавальніка Arsis Nova Івана Касцяхіна. Гукарэжысёрам запісу і мастэрынгу выступіў Дзмітры Фрыга.

Дзмітрый Фрыга і Іван Касцяхін падчас працы над альбомам.

Што ўвайшло ў рэліз?

Кацярына Ланеўская — «Прошча, або Пазамежжа» (музыка да будучага балета). Твор звяртаецца да беларускай міфалогіі і месцаў моцы, прасторы трансфармацыі. У рэлізе прадстаўлены тры нарысы: «Млын» як партал у іншасвет і вытокі Менска, «Пушча-дрымушча» з яе Пушчавікамі і Лоймамі, а таксама небяспечна-прыгожы свет «Русалчыных забаваў». Рэальнае і міфалагічнае тут суіснуюць і перацякаюць адно ў адно, ствараючы ўласную музычную геаграфію.

Васіль Веляцінскі — «Зіхценні карставага лабірынта». Кампазіцыя трактуе лабірынт як метафару памежжа паміж страчаным старым і яшчэ не знойдзеным новым. Асобныя блікі харала, народных найгрышаў і джазавых фрагментаў ствараюць калейдаскапічную карціну, дзе з хаосу нараджаецца імпульс да новага пачатку.

«Праекты такога кшталту — не толькі няпростая з прафесійнага боку і хвалюючая справа, але і вялікая асалода, — адзначае дырыжор Іван Касцяхін. — Ідэя павінна адгукнуцца слухачам, каб кожны з нас адчуў, як узнікла прастора, дзе захоўваецца мінулае, жыве сучаснае і паволі ствараецца будучае».

Менеджарка праекта Вольга Цяшкевіч падкрэслівае, што запіс будуе масты паміж рознымі пакаленнямі беларускіх кампазітараў і музыкаў, якія апынуліся па розныя бакі мяжы.

Партытура рэлізу «Not Here Yet, Not There Anymore».

Што варта ведаць пра Arsis Nova?

Культурніцкая ініцыятыва была заснаваная ў Варшаве дырыжорам Іванам Касцяхіным і культурнай менеджаркай Вольгай Цяшкевіч. Праект працуе з сучаснай беларускай акадэмічнай музыкай, ствараючы прастору для супольнай працы беларускіх аўтараў і прафесійных выканаўцаў.

У 2024 годзе Arsis Nova прадставіла свой дэбютны аркестравы рэліз «Hidden Place | Secret Life» — музычную рэфлексію пра пошук уласнага дома і ўнутранай прасторы чалавека. Калі першы альбом задаваў пытанне пра дом, то новы рэліз «Not Here Yet, Not There Anymore» засяроджваецца на самім моманце пераходу і знаходжанні паміж мінулым і будучыняй.

Азнаёміцца з альбомам і паслухаць рэліз на стрымінгавых платформах можна па спасылцы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram