«Шляхціц Завальня» ў Быдгашчы: спектакль беларускай рэжысёркі Жэні Давідзенкі пакажуць на міжнародным Фестывалі прапрэм’ер

Ужо ў гэту пятніцу, 30 кастрычніка, на міжнародным Фестывалі прапрэм’ер у Быдгашчы (Festiwal Prapremier w Bydgoszczy) пакажуць спектакль беларускай рэжысёркі Жэні Давідзенкі «У старым доме хтосьці яшчэ чакае» («W starym domu ktoś jeszcze czeka»), створаны паводле культавай беларускай класікі — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага.

Трапленне ў афіцыйную праграму юбілейнага, 25-га Фестывалю прапрэм’ер — гэта важнае прызнанне для беларускай рэжысёркі на высокім тэатральным узроўні.  Сёлетні юбілейны форум праходзіць пад слоганам «MIĘDZY INNYMI» («Між іншымі») і прысвечаны пошуку адказаў на пытанні пра адносіны да «іншасці» ў сучасным свеце, захаванне чалавечнасці ды ролю тэатра як вострава жывога кантакту паміж людзьмі і культурамі.

Сцэна са спектакля «У старым доме хтосьці яшчэ чакае». Фота: сацсеткі Тэатра Шэкспіра ў Гданьску.

 Пра што спектакль?

Прэм’ера пастаноўкі Жэні Давідзенкі адбылася ў Тэатры Шэкспіра ў Гданьску (Gdański Teatr Szekspirowski) ў верасні.
Падзеі  ў спектаклі адбываюцца ў апошні вечар года ў хаце, адрэзанай ад усяго свету снежнай бурай: Шляхціц Завальня сустракае вандроўнікаў і старых знаёмых.

З кожнай гадзінай прастора ажывае містычнымі паданнямі Полацкай зямлі, дзе рэальны свет сплятаецца з казачным, а старадаўнія мовы — з аповедамі пра ваўкалакаў, духаў, плачак і чароўныя травы. Гэты містычны свет дапаўняюць фантастычныя візуалізацыі Вольгі Зароўскай, створаныя па матывах традыцыйных ілюстрацый.

Самі стваральнікі і куратары фестывалю вызначаюць жанр спектакля як «чуллівы фолк-хорар» (zmysłowy folk-horror) — фармулёўка, у якую адразу закахаліся польскія рэцэнзенты. Гэтая пастаноўка працуе на ўсе органы пачуццяў: гэта гукавы авангард і стук у драўляныя сцены, белы спеў, пах кадзіла і «неспакойная» харэаграфія Патрыка Гацкага.

Спектакль ідзе адначасова на беларускай і польскай мовах без перакладу і экранаў з субтытрамі. Рэжысёрка свядома адмовілася ад іх, каб стварыць агульную прастору, дзе мова эмоцый і супольнага міфа зразумелая кожнаму глядачу без слоўніка.

Акрамя таго, гэта першая ў гісторыі Тэатра Шэкспіра ў Гданьску пастаноўка, якую граюць у драўляным падвесным фае. Глядацкі шлях пачынаецца яшчэ ў цёмных калідорах за кулісамі і вядзе ў замкнёную прастору, якая імітуе вясковую хату.

«Гэтая гісторыя нарадзілася са смутку па свеце, якога ўжо няма. Казкі і песні знікаюць, бо застаецца ўсё менш людзей, якія б іх перадавалі. Мы звяртаемся да іх, каб знайсці засцярогу і сэнс для сучаснага чалавека», — зазначае Жэня Давідзенка.

Сцэна са спектакля «У старым доме хтосьці яшчэ чакае». Фота: сацсеткі Тэатра Шэкспіра ў Гданьску.

Што адзначаюць польскія крытыкі?

Тэатральная крытыца Уршуля Каранкевіч (Urszula Korąkiewicz) у сваёй рэцэнзіі на партале gdansk.pl падкрэслівае, што ўнікальнасць гэтай працы — не проста маркетынгавы ход:

«Такой прэм’еры ў Гданьскім тэатры Шэкспіра яшчэ не было. І гэта не пусты маркетынгавы выраз. Яшчэ ні адзін спектакль не ставіўся ў драўляным падвесным фае — да таго часу, пакуль сюды са сваёй камандай не ўвайшла рэжысёрка Жэня Давідзенка, якая паходзіць з Беларусі і творыць у Гданьску. Гэта не першы яе гданьскі спектакль, але спектакль выключны: густы, змрочны, душны і адначасова гіпнатызуючы ды поўны чуллівасці».

Крытыца таксама адзначае моцную акцёрскую працу міжнароднай каманды: галоўны герой Янак у выкананні Мацея Бакі, глыбокая і гумарыстычная роля Пятра Срэброўскага (Шляхціц), а таксама моцная беларуская трупа (Сяргей Арцёменка, Кацярына Жалудок, Мікіта Чабатар і Святлана Цімохіна), дзе кожны стварае унікальную індывідуальную інтэрпрэтацыю  і містыкі.

Варта адзначыць, што пасля фэсту ў Быдгашчы спектакль вернецца на сцэну Гданьскага тэатра Шэкспіра на пачатку наступнага года — квіткі на паказы лютага 2027 года якраз паступілі ў продаж.

Сцэна са спектакля «У старым доме хтосьці яшчэ чакае». Фота: сацсеткі Тэатра Шэкспіра ў Гданьску.

Кантэкст

Рэжысёрка, актрыса і драматург Жэня Давідзенка — выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якая з 2022 года жыве і працуе ў Гданьску. Reform.news ужо не раз пісаў пра творчасць рэжысёркі, чые пастаноўкі і перфарматыўныя чытанні адрозніваюцца вострым сацыяльным кантэкстам. Сярод яе прац у Польшчы — спектакль пра вопыт палітычнай эміграцыі «Да дому наўпрост 10 гадзін язды» ў Гданьскім тэатры Шэкспіра, рэквіем «Расстраляныя» да Ночы расстраляных паэтаў, а таксама пастаноўка ў эстэтыцы сацыяльнага хорару «LITHOPEDION II» у сопацкім Teatr BOTO.

Фестываль прапрэм’ер у Быдгашчы (Festiwal Prapremier), заснаваны ў 2002 годзе Тэатрам Польскім у Быдгашчы, з’яўляецца адным з найбольш уплывовых міжнародных тэатральных форумаў краіны. Менавіта ў межах гэтага фэсту таксама ўручаецца міжнародная драматургічная прэмія горада AURORA. Сёлетняя яго 25-я юбілейная эдыцыя ладзіцца з 16 па 30 кастрычніка пад слоганам MIĘDZY INNYMI.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram