Фота: minsknews.by.
Да Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах урачыста адкрылі арт-аб’ект, прысвечаны персанажам лірыкі народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. За афіцыйнымі рэпартажамі пра «свята паэзіі» ў сацсетках разгарэлася сапраўдная эстэтычная дыскусія. Чытачы звярнулі ўвагу на тое, пра што маўчаць афіцыйныя медыя: праблемы з анатоміяй, «іскарожанае» ліццё і закатаны ў плітку сквер.
Значнай падзеяй у праграме Дня беларускага пісьменства стала адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся». Арт-аб’ект вышынёй больш за два метры стварыў магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў.
Паводле задумы, манумент прысвечаны лірычным персанажам твора ўраджэнца Касцюкоўшчыны Аркадзя Куляшова (і ў першую чаргу — яго славутаму вершу «Алеся»). Галоўны лейтматыў бронзавай пары — спатканне, абдымкі і адкрытая кніга вершаў у руках юнака і дзяўчыны.
На паперы сюжэт выглядае паэтычна. Аднак як толькі ў сетцы з’явіліся першыя рэальныя фотаздымкі і відэа з блізкай адлегласці, у назіральнікаў узнікла маса прыкрых пытанняў.
Голас крытыкі ў каментарах звучыць выразна — менавіта допісы пра сумнеўную якасць працы збіраюць найбольшую падтрымку іншых карыстальнікаў:
«Першае, што ўзнікае пры першым поглядзе на скульптуру, гэта мноства пытанняў…» (24 лайкі)
«Красіва, але чаму такая непаўнавартасная, некачественная адліўка скульптур?» (35 лайкаў)
«Якасць выканання страшная, ідэя прыгожая. Гэты помнік горад не ўпрыгожыць», — адзначаюць у каментарах.
Асноўныя прэтэнзіі да арт-аб’екта можна падзяліць на тры асноўныя блокі.
Першы датычацца тэкстуры і ліцця. Помнік выглядае не як вытачаная мастацкая праца, а як неахайна апрацаваная нарыхтоўка. «Чаму яны такія шэршавыя? Быццам метал ад часу іскарожыла», — дзівяцца чытачы.
Другая прэтэнзія — страчаная пластыка і «смешная шляпа». Дэталі, якія мелі перадаць фальклорны каларыт, праз грубае ліццё страцілі першапачатковы сэнс. Скульптар задумваў на галаве ў Алесі купальскі вянок з палявых кветак. Аднак праз неахайную фактуру металу кветкавы арнамент зліўся ў бясформны масіў — у выніку карыстальнікі прынялі вянок за «дзіўную капелюшовую накладку»: «Смешная шляпа какая-то на Алесе… да и открытая книга к чему?».
Ды таксама беларусы не пакінулі без увагі і прастору вакол помніка. Замест зацішнага сквера для паэтычных шпацыраў Касцюковічы атрымалі чарговую брукаваную пляцоўку: «Сложно сказать что хуже — памятник или благоустройство вокруг. Лучше бы парк высадзили, а не в плитку все закатали» (11 лайкаў).
Калі афіцыйныя справаздачы рапартавалі пра «духоўнасць і пераемнасць пакаленняў», карыстальнікі ацэньвалі рэальны плён працы з горкай іроніяй.
«Ну теперь заживём!» — лаканічна пракаментаваў адзін з чытачоў адкрыццё арт-аб’екта.
А іншы карыстальнік, спрабуючы працытаваць класічнае купалаўскае «Мой родны кут», выдаў трапную фрэйдысцкую апіску: «Мой рудный кут». Трапней і не скажаш: у сухім астатку Касцюковічы атрымалі не паэтычны куток, а металічна-брукаваны манумент, які пакінуў у гараджан больш пытанняў, чым захаплення.
У сучасных рэаліях, калі шмат хто проста баіцца пакідаць крытычныя каментары пад афіцыйнымі інфаповадамі, такая шчырая рэакцыя паказвае: спроба замяніць сапраўднае мастацтва хуткаспелай манументальшчынай да даты сутыкнулася з простым фактчэкінгам ад жыхароў. Ідэю зразумелі і ацанілі, а вось за рэалізацыю — сорамна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram