Быхаўскую скульптуру «Жанчыне-маці» перарабілі. Але мясцовыя ўлады задумаліся, што з ёй рабіць і… накрылі чорным пакетам

Скандальную скульптуру, якую нядаўна перарабілі пасля хвалі кпінаў у сацсетках і заўваг чыноўнікаў, паказалі абноўленай у эфіры праекта «Цік-Толк» на тэлеканале АНТ. Праўда, развіццё падзей аказалася нечаканым: мясцовыя ўлады так і не прынялі працу — вынік усё роўна адрозніваецца ад зацверджанага эскіза — і накрылі яе чорным пакетам. Больш за тое, неўзабаве ў вобласці мусяць замяніць яшчэ адну скульптуру таго ж аўтара Аляксандра Мінькова — «Алесь і Алеся».

Паводле вядоўцы праграмы, пасля нядаўняй пераробкі скульптура «пераўтварылася, прапрацавана шыя, дэталі». Сам аўтар помніка у інтэрв’ю АНТ заявіў, што рыхтуецца выставіць «Жанчыну-маці» на продаж:

«На гэту працу ўжо аўкцыён будзе, людзі мне пішуць асабіста», — распавёў ён.

Канкрэтную суму, якую прапануюць за скульптуру, аўтар не назваў, але на пытанне, ці большая яна за ганарар ад райвыканкама, адказаў: «Вядома!»

Скрыншот з відэа АНТ.
Перароблены выгляд скульптуры «Жанчыне-маці». Скрыншот з відэа АНТ.

Без конкурсу, без камісіі і мінус заказы

У перадачы таксама раскрылі, як праца з’явілася ў быхаўскім парку і якія наступствы скандал меў для скульптара.

Па-першае, помнік з’явіўся па ініцыятыве самога Мінькова і мясцовых «дэпутатаў раёна», сцвярджае вядоўца. Экспертную ацэнку Рэспубліканскай мастацка-экспертнай рады скульптура не праходзіла, а зрабіў яе аўтар прыкладна за паўтара месяца. Сам скульптар пацвердзіў: «Афіцыйнай камісіі ніякай не было. Прыязджалі, глядзелі, што быццам бы ўсё задавальняе. Вырашылі адкрыць».

Падчас праграмы стала вядома, што ў сувязі са скандалам у вобласці ў Мінькова ўжо забралі некаторыя заказы, а ў вобласці неўзабаве плануюць замяніць і ягоную другую скульптуру — «Алесь і Алеся», якую ён стварыў да Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах.

Так выглядаў эскіз скульптуры «Жанчыне-маці». Скрыншот з відэа АНТ.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Андрэй Васілеўскі ў каментары праграме адзначыў, што Мінькова прымалі ў саюз не як скульптара — ён скончыў віцебскі мастацка-графічны факультэт. Разам з тым Васілеўскі не выключыў, што «Жанчыну-маці» сапраўды могуць выкупіць: «Паколькі адмоўны піяр — гэта таксама рэклама, прычым бывае вельмі эфектыўная, не здзіўлюся, калі яе купяць. Праблем з замовамі ў яго, можа, ужо цяпер не будзе».

Раней Reform.news распавядаў, што пасля крытыкі ў інтэрнэце і заяваў мясцовых уладаў пра неадпаведнасць зацверджанаму эскізу Мінькоў пачаў перарабляць скульптуру. Тады ў эфіры СТБ ён тлумачыў праблемы з прапорцыямі і скрыўленай шыяй тым, што «пусціў адну касу сюды, другую туды» і павялічыў нахіл, а зрабіць ногі перашкаджала спадніца.

Адноўленая «Жанчына-маці» пад чорным пакетам. Скрыншот з відэа АНТ.

Пакуль жа пераробленая «Жанчына-маці» працягвае самотна стаяць у быхаўскім парку пад чорным пакетам — у чаканні, пакуль мясцовыя чыноўнікі вырашаць яе далейшы лёс або дойдзе чарга да абяцанага аўкцыёну.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram