«Prekupalle»-2022. Фота: Podlasian Council for Culture.
Адзін з самых панкаўскіх і разняволеных фэстаў беларускай культуры ў Польшчы — Prekupalle — абвясціў сваю праграму.
Падзея, якая іранічна пазіцыянуе сабе як «найгоршы фестываль на свеце», пройдзе сёлета ў польскай вёсцы Беньдзюга на Беласточчыне 15-17 жніўня.
Prekupalle — гэта мастацкі сацыяльны эксперымент самаабвешчанага прэзідэнта Рэспублікі Беньдзюга Януша Гаўрылюка. Культурны падзвіжнік, кінакрытык і кіраўнік кінафэсту «Бульбамуві» надаў падляшскай вёсцы асабівы статус па аналогіі з Рэспублікай Ужупіс у Вільнюсе — кварталам мастакоў і творчых асобаў. Незалежная Беньдзюга прапануе кожнаму рэзідэнту і турысту пераўтварыцца са спажыўца ў саўдзельніка падзеі.
Іранічны і «сцёбны» лозунг фэста «Музыка, кіно і ежа» — насамрэч прапанова ўключыцца ў самыя разнастайныя актыўнасці, ад прагляду кіно — да сумеснага гатавання.
«Форма рэспублікі, гулліва «незалежная» і адметная, — гэта іранічная форма бунту супраць умоўнасцей адміністрацыйных і культурных структур», — адзначае яго каманда.
Да якіх ініцыятыў і актыўнасці Prekupalle прапануе далучыцца гэтым разам — ужо ў пятай эдыцыі фэсту?
Чакаюцца: мастацкі пленэр ад Ларан Фанатуай (кажуць, што за гэтым імём хаваецца вядомы музыка), майстар-класы па традыцыйных беларускіх танцах, гастранаміі, лекцыі па беларускім кіно, музычныя выступы і прагляды бунтарскага кіно.
Напрыклад, у праграме заяўлена сустрэча з журналістам і пісьменнікам Аляксеем Дзікавіцкім з інтрыгоўнай назвай «Ці выратуе heavy metal палескую мову?».
У музычным лайн-апе канцэрты: Фёдара Жывалеўскага, Алеся Дзянісава, Tadzio Szczupak, дуэта NakaPiano, гуртоў Kurwadziki, «Кашлаты Вох», Wandraunik, Ultra Pultrа, чакаецца трыб’ют Ніка Кэйва і the Bad Seeds.
Prekupalle паўстае як дзіўная сумесь вольнага панкаўскага духу, падляшскай дасціпнасці і беларускай самадастатковасці.
«Прэкупалле — гэта бунтарскі фестываль, але яго бунт тонкі, іранічны і заснаваны на супольнасці. Гэта бунт супраць пасіўнасці, камерцыялізму і аўтарытарызму, які рэалізуецца праз мастацтва, супрацоўніцтва і альтэрнатыўныя формы жыцця», — даводзіць сваю пазіцыю Януш Гаўрылюк.
Заночыць на фестывалі можна будзе ў намётавым гарадку.
Падрабязней пра фэст можна дазнацца тут.
Падтрымаць «найгоршы фестываль на свеце» тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram