«Браслаўскіх зарніц» больш не будзе: улады афіцыйна ліквідавалі традыцыйны фэст з 60-гадовай гісторыяй

Браслаўскі райвыканкам скасаваў рашэнне аб арганізацыі і правядзенні Міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Гэта азначае фактычнае закрыццё аднаго з найстарэйшых культурных брэндаў Беларусі.

Дакумент аб ліквідацыі юрыдычнай асновы фэсту быў прыняты яшчэ 11 сакавіка і апублікаваны на Нацыянальным прававым партале ўчора, 16 красавіка, заўважыла Радыё Свабода. Рашэнне падпісана старшынёй райвыканкама Вячаславам Грышчанкам і ўзгоднена з Міністэрствам культуры.

Разам з асноўным фэстам скасоўваецца і папулярнае свята сярэднявечнай культуры, якое было візітоўкай рэгіёна «Меч Брачыслава».

Міжнародная свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» існавала з 1967 года. Першапачаткова фэст задумваўся як свята песні, танца і народных рамёстваў Паазер’я. Але ў 2009 годзе падзея атрымала афіцыйны міжнародны статус, і да 2020 года яго сталымі ўдзельнікамі былі калектывы з Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі, Украіны і Расіі. Браслаў быў цэнтрам «народнай дыпламатыі», дзе латвійскі Даўгаўпілс ці літоўскі Панявежыс штогод прадстаўлялі сваю культуру.

Галоўная «фішка» фэсту — выступ зводнага хору на гары Маяк ці на беразе возера Дрывяты. У пікавыя гады колькасць удзельнікаў дасягала 800–1000 чалавек. Гэта быў беларускі аналаг знакамітых балтыйскіх Святаў песні.

З 2012 года фэст сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» стаў неад’емнай часткай «Зарніц». На Замкавай гары разгортваліся рыцарскія лагеры, праходзілі бугурты (бітвы) і начныя фаер-шоу, якія збіралі аншлагі. У рэканструкцыі ўдзельнічалі дзясяткі клубаў з розных краін. Фэст спалучаў дух Сярэднявечча і аўтэнтычнасці.

Для Браслава гэта было не проста мерапрыемства, а сапраўдная падзея, якая давала жыхарам магчымасць дадатковага заробку. Раней на форумах жыхары Браслава часта пісалі, што «Зарніцы» — гэта адзіны час у годзе, калі горад «прачынаецца» і становіцца цэнтрам Еўропы.

Афіцыйна прычыны скасавання не называюцца, аднак эксперты звязваюць гэта з «аптымізацыяй» культурнай галіны. Ва ўмовах ізаляцыі міжнародны статус свята стаў намінальным, а маштабныя харавыя і рэканструктарскія імпрэзы патрабавалі значных выдаткаў, якія дзяржава больш не лічыць мэтазгоднымі для падтрымкі лакальных брэндаў.
Свята перажыло шматлікія змены эпох, але не вытрымала сучаснай культурнай палітыкі ў Беларусі.

Сёлета «Браслаўскія зарніцы» былі запланаваны на 22-24 траўня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!