Больш за шэсцьсот чалавек на офлайн-паказах. Ці глядзяць беларусы фільмы фестываля «Паўночнае ззянне»?

15К праглядаў фільмаў зафіксавалі на online-платформе фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» — 10-ты, юбілейны, кінафорум на чале з Воляй Чайкоўскай зладзіў сёлета для сваіх глядачак і гледачоў кінамарафон працягласцю амаль у месяц з праглядамі фільмаў як online, так і offline. Кіно форуму анлайн часцей за ўсё глядзелі з тэрыторый наступных краін: Беларусь, Польшча, Германія, Літва, Грузія. А офлайн сеансы фэсту ў Вільні, Таліне і Варшаве наведала больш за 600 чалавек, падзялілася вынікамі каманда агляду.

Х эдыцыя «Паўночнага ззяння» была аб’яднаная агульнай канцэпцыяй пад слоганам: «Вярнуцца да каранёў». Кінафестываль, на якім было 46 карцін, заклікаў паразважаць праз кіно пра «карані» і «ідэнтычнасць».

Самым папулярным фільмам па колькасці праглядаў стаў нарвежскі дакументальны фільм «Песні Зямлі» Маргрэт Олін. Ён сабраў 761 прагляд на online-платформе кінафэсту.

Па словах каманды, публіка анлайн прысвяціла фільмам «Паўночнага Ззяння» 4416 гадзін. Агулам гэта 184 дні!

Варта адзначыць, што фільмы пра Беларусь змаглі ўбачыць не толькі беларусы, але і замежнікі. Дзякуючы калабарацыі «Паўночнага Ззяння» з PÖFF — Талінскім кінафестывалем «Чорныя ночы» — у Таліне прайшлі паказы фільмаў беларускіх рэжысёраў («Непажаданае сваяцтва», «Працэсы») і панэльная дыскусія «На мяжы дэмакратыі» пра тое, як фільммейкеры могуць рабіць сваю справу ў свеце войнаў, вымушанай міграцыі, (дэ)каланізацыі і цэнзуры.

У Вільні прайшлі паказы фільмаў «Песні Зямлі», «Працэсы», «Непажаданае сваяцтва», «Чамадан», «Скрозь святло», «Кут чужога шчасця», «Кроў і караоке» пры падтрымцы кінацэнтра Skalvija.

«Паўночнае ззянне» ў Вільні. Фота: сацсеткі фэсту.

У цэнтры польскай сталіцы адбылася варшаўская прэм’ера нашумелага фільма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», а таксама паказы стужак «Прамень» і «Хто, калі не мы? Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі».

Нагадаем, што сёлета на фестывалі ішло спаборніцтва ў трох конкурсах — Беларускі конкурс, Міжнародны конкурс дэбютаў і Конкурс кароткага метра SHORTCUT.

Так, пераможцай Беларускай праграмы стала стужка Мары Тамковіч «Пад шэрым небам»; спецыяльныя згадкі атрымалі фільмы «Непажаданае сваяцтва» Паўла Мажара і «Працэсы» Андрэя Кашперскага.

Найлепшым у Міжнародным конкурсе дэбютаў стаў фільм «Г — Гатсунда ў 21 дзеі» рэжысёра Лорана Баці. Спецыяльнай згадкай тут былі адзначаныя дзве стужкі: «Balomania» Сісэль Морэл Даргіс і «Палаючы рай» Мікі Густаўсона.

І ў конкурсе кароткага метра журы вылучыла «Лазневы дзень» аўтараў Ганны Хінтс і Тушар Пракаш. Спецыяльных згадак удастоіліся: «Умяшанне» Гуннур Марцінсдоўцір Шлютар і акцёрская праца Яна Гуннара Ройсэ («Нарвежскае патомства»).

«Паўночнае ззянне» ў Таліне. Фота: сацсеткі фэсту.

Пераможцай глядацкіх сімпатый стала стужка «Раб танца» — сюррэалістычны скетч, у якой вусаты юнак стараецца займацца справай, якую шчыра любіць.

Падтрымаць фестываль Паўночнага, Балтыйскага і Беларускага кіно, які сёлета адбыўся ўжо ў 10-ты раз, можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!