Адкрыццё гузіка ліхтаршчыка ў Брэсце. Фота: brestcity.by.
У цэнтры Брэста на вуліцы Савецкай нядаўна ўрачыста адкрылі новы арт-аб’ект — гіганцкі гузік ліхтаршчыка вагой у тону. Аднак жыхары горада помнік не ацанілі, заўважыла брэсцкае выданне BGMedia.
Прататып помніка належыць легендарнаму брэсцкаму ліхтаршчыку Віктару Кірысюку, які з 2009 года штовечар уручную запальвае газавыя ліхтары на Савецкай, чым радуе наведнікаў кавярняў і шматлікіх турыстаў. Лічыцца, што калі пацерці гузік на яго форме — здзейсніцца жаданне. Новы арт-аб’ект – паводле задумы — робіць гэты рытуал даступным для ўсіх у любы час.
Але ў каментарах пад навінамі і ў сацсетках помнік не ацанілі, яго назвалі пачварным, безгустоўным, а яшчэ прыкладам гігантаманіі.
Дызайн арт-аб‘екта сапраўды выклікае здзіўленне. Гэта — цыліндрычная дэталь з прымацаванымі да яе літарамі. Зразумець, што гэта гузік, без тлумачэнняў даволі цяжка. Матэрыялу пайшло шмат, але на мастаках вырашылі сэканоміць.
Да таго ж жыхары наракаюць на перагружанасць гарадской прасторы. Помнік гузіку з‘явіўся на скрыжаванні дзвюх ажыўленых вуліц — Савецкай і Дзяржынскага. Яго дыяметр — 3,4 метра, вага -1019 кілаграмаў (у гонар 1019 года заснавання горада).
«Прайсці на большай частцы вуліцы немагчыма. Нібы добрая ідэя, але нагрувашчанне лавачак, бардзюраў, арт-аб’ектаў, веранд кавярняў зрабілі вуліцу якой заўгодна, але ўжо не пешаходнай», — піша жыхар горада.
Тое ж выданне BGMedia пісала, як у лістападзе мінулага года Брэсцкі гарвыканкам закупіўся значкамі «гузік ліхтаршчыка» на 1800 рублёў, а 31 мая Брэсцкі гарвыканкам размясціў тэндар на закупку 10 партрэтных лялек брэсцкага ліхтаршчыка, які закрылі ў той жа дзень. На 10 лялек з гарадскога бюджэту выдаткавалі 3800 рублёў. Гэта значыць адна абышлася ў 380 рублёў.
«Падобна на тое, што Брэсцкі ліхтаршчык паступова ператвараецца не столькі ў захавальніка традыцыі, колькі ў камерцыйны брэнд. Вобраз, які калісьці натхняў сваёй шчырасцю, сёння ўсё часцей успрымаецца як зручны інструмент для піяру і асваення бюджэтаў», — піша BGMedia.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram