Фота: bysol.org.
Менш чым за суткі неабыякавыя людзі сабралі 2047 еўра, каб падтрымаць таленавітага беларускага актора Мікалая Стоньку. Артыст, які ў 2020 годзе з звольніўся з тэатра на знак пратэсту, адкрыта прызнаўся, што знаходзіцца ў глыбокай дэпрэсіі і больш не мае сіл спраўляцца сам.
Мікалай Стонька восем гадоў іграў на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РЦБД). У лістападзе 2020 года, пасля забойства Рамана Бандарэнкі і хвалі рэпрэсій супраць калег, актор запісаў моцны відэазварот «Я выходжу», у якім заявіў, што больш не можа працаваць на дзяржаву, і звольніўся.
Ужо 15 снежня 2020 года Мікалай быў вымушаны тэрмінова з’ехаць з Беларусі. Праз два тыдні пасля ад’езду да яго мамы прыйшлі супрацоўнікі КДБ — тады стала зразумела, што шлях назад адрэзаны, а дома чакае турма.
У Польшчы Мікалай пяць гадоў спрабаваў будаваць жыццё наноў: далучыўся да незалежнай трупы «Купалаўцы», іграў у тэатральных праектах. Каб забяспечваць сябе і заставацца ў прафесіі, паралельна працаваў барыстам. Аднак эміграцыя, стрэс і перажытае далі пра сябе ведаць.
«Ужо каля двух гадоў я знаходзяцца ў стане глыбокай дэпрэсіі. Прымаю антыдэпрэсанты, але, на жаль, гэтага недастаткова. Мне складана выконваць нават базавыя штодзённыя задачы, не кажучы ўжо пра паўнавартасную працу і нармальнае жыццё», — шчыра прызнаўся актор у сваім звароце на BYSOL.
Зараз Мікалай прыняў складанае, але вельмі важнае рашэнне — пачаць інтэнсіўную двухмесячную псіхатэрапію. Заняткі са спецыялістамі праходзяць кожны дзень з панядзелка па пятніцу (з 8:30 да 15:00). Такі графік цалкам пазбавіў актора магчымасці зарабляць грошы, з-за чаго з’явіліся даўгі і ўзнікла рэальная пагроза апынуцца на вуліцы.
Мікалай Стонька адзначыў, што пяць гадоў у эміграцыі прынцыпова стараўся спраўляцца сам і ніколі не прасіў аб дапамозе. Але цяпер, апынуўшыся ў максімальна ўразлівым становішчы, ён вырашыў адкрыцца людзям.
Рэакцыя беларусаў была маланкавай. Сабраная сума ў 2047 еўра дазволіць актору спакойна аплаціць арэнду жылля, купляць ежу і бытавыя рэчы на час інтэнсіўнага лячэння. Але збор пакуль яшчэ не закрыты.
Падтрымаць артыста можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram