Фота: сацсеткі Паўла Севярынца.
Беларуская асацыяцыя палітвязняў «ДаВолі» адкрыла збор сродкаў на падрыхтоўку маштабнага святкавання 108-й гадавіны абвяшчэння БНР у Варшаве. Каб надаць акцыі асаблівы маштаб, арганізатары плануюць вярнуць на вуліцы польскай сталіцы легендарны 330-метровы сцяг, які зараз патрабуе складанага аднаўлення і прамысловай ачысткі.
Сімвал, які важыць тоны
330-метровы бела-чырвона-белы гігант — сапраўдны гонар беларускага шэсця ў Варшаве. Але за гады выкарыстання ён патрабуе сур’ёзнай рэстаўрацыі. Арганізатары тлумачаць: адмыць яго ўручную немагчыма, бо вага мокрай тканіны такой плошчы вымяраецца ў тонах.
«Каб на свяце ў Варшаве зноў узняўся наш вялікі сцяг, бачны здалёк і зразумелы кожнаму, патрэбныя спецыяльная тэхніка і рэсурсы», — адзначаецца ў паведамленні.
Акурат частка сродкаў збіраецца на працэдуру аднаўлення палатна. Другая — на мантаж і арэнду тэхнічнага абсталявання, гук і выраб банэраў.
Хто арганізуе свята?
Падрыхтоўку ўзяла на сябе Беларуская асацыяцыя палітвязняў «ДаВолі». Гэта супольнасць людзей, якія прайшлі праз турмы і пераслед, але не зламаліся.
«Мы ведаем цану свабоды і працуем, каб падтрымліваць тых, хто змагаецца за яе сёння», — кажуць стваральнікі асацыяцыі.
«Сёння, калі ўнутры краіны свята забароненае, наш абавязак — зрабіць так, каб голас беларусаў гучаў на ўвесь свет», — падкрэслівае «ДаВолі».
Што ў праграме 28 сакавіка?
У праграме сёлятніх урачыстацей: маштабнае шэсце праз горад ад Пляцу Трох Крыжоў (Plac Trzech Krzyży), а таксама вялікі канцэрт беларускіх музыкаў на Пляцу Замковым (Plac Zamkowy).
16:00 — збор на Plac Trzech Krzyży. Шэсце праз горад.
Plac Zamkowy — вялікі канцэрт беларускіх музыкаў, выступы палітыкаў і актывістаў.
Таксама адбудзецца святочны кірмаш, на якім можна будзе набыць вырабы беларускіх майстроў, кнігі, ды пакаштаваць знакамітыя «дранікі ад палітвязняў».
Падтрымаць збор можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram