Афіша фестывалю. Фота: сацсеткі Barak kultury.
З 11 па 19 верасня ў Познані адбудзецца тэатральны фестываль «Другая спроба» (Druga Próba). Праграма аб’яднае артыстаў і творчыя калектывы з досведам эміграцыі з Беларуси, Украіны і Польшчы.
Фестывальная платформа, стварэннем якой апекуюцца познаньскія культурныя асяродкі — у тым ліку Barak Kultury і Teatr Ósmego Dnia пры падтрымцы мясцовых улад — узнікла як вольная прастора для мастакоў, прымушаных пакінуць свае краіны. Для многіх з іх гэта магчымасць атрымаць тое, што закладзена ў назве праекта: «другую спробу» працягнуць прафесійную дзейнасць, ствараць новыя спектаклі і асэнсоўваць дасведчаныя трансфармацыі на новай глебе.
Сёлетняя праграма ахоплівае шырокі спектр фарматаў: ад закрытай тэатральнай лабараторыі і перфарматыўных чытанняў да прэм’ерных паказаў і грамадска-палітычных дыскусій.
Фестываль распачнецца 11–13 верасня з закрытай тэатральнай лабараторыі, вынікі якой глядач зможа пабачыць 14 верасня на адкрытым фінальным паказе Лабараторыі дакументальнага тэатра ў Studio STA.
Афіцыйнае адкрыццё фестывалю прызначана на 15 верасня ў Teatr Ósmego Dnia. У гэты ж вечар адбудзецца прэм’ера спектакля беларускай рэжысёркі Наталлі Ляванавай «Пчала ў горле» (паказ прайдзе на польскай мове).
Сродкамі тэатра ўдзельнікі імкнуцца даследаваць актуальны сацыяльна-гістарычны кантэкст. Так, 16 верасня ў межах фэсту пройдзе дыскусія «Тэатр як адлюстраванне грамадска-палітычных працэсаў: Беларусь, Украіна, Польшча», пасля якой гледачам прэзентуюць прэм’еру спектакля «Цундоку» польскага рэжысёра Пшэмэка Прасноўскага.
Асобнае месца ў афішы займаюць перфарматыўныя чытанні п’ес сучасных аўтарак, якія пройдуць 18 і 19 верасня у Бібліятэцы імя Рачынскіх:
«Як пазбавіцца сораму» (аўтарка — Жэня Давідзенка, рэжысёрка — Юлія Шаўчук) — па-беларуску з польскімі субтытрамі;
«Рыжая вавёрка» (аўтарка — Хася Корніева, рэжысёрка — Вікторыя Ягорава) — па-польску;
«Баланс» (аўтарка — Аліна Сарнацкая, рэжысёрка — Вольга Грыгораш) — па-украінску з польскімі субтытрамі;
«Варвары цыбульнай масці» (аўтарка — Кацярына Пянькова, рэжысёрка — Аліна Касцюкова) — па-польску.
Сярод тэатральных паказаў чакаюцца прэм’ера спектакля тэатра Эмігрант «Выбар» (рэжысёрка з Украіны Вольга Грыгораш), спектакль украінскага пастаноўшчыка Астапа Юнько «Niemy świadek konfliktu», а таксама пастаноўка Андрэя Новіка з Беларусі «Бежанцы 1915», дзе выкарыстоўваецца шматмоўе — польская, беларуская, руская мовы і падляшскі дыялект.
На працягу ўсіх дзён фестывалю ў прасторы MY pod sceną будзе працаваць фатаграфічная выстава «Повязь пакаленняў» (Więź pokoleń).
Уваход на ўсе імпрэзы фестывалю вольны. Аднак на большасць спектакляў і чытанняў патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя праз электронную пошту арганізатараў (biuro@teatrosmegodnia.pl альбо michalina@barakkultury.pl).
Падрабязней пра праграму фэсту можна дазнацца тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram