«На ўсход адсюль» — так называецца выстава ў прасторы Studio Hannibal у Берліне, у якой прымуць удзел творы дванаццаці мастакоў з усяго свету. Сярод іх — праекты двух беларусаў — Таццяны Ткачовай і Аляксандра Міхалковіча. Адкрыецца экспазіцыя 20 кастрычніка.
«Падчас халоднай вайны жалезная заслона была недвухсэнсоўнай лініяй разлому, якая падзяляла Усходнюю і Заходнюю Еўропу. Пасля распаду Савецкага Саюза і Варшаўскай дамовы гэты двухбаковы светапарадак распаўся. Калі былыя камуністычныя і сацыялістычныя дзяржавы пераходзілі да рынкавай эканомікі і дэмакратыі, цэтлік «Усход» у кантэксце Еўропы стаў менш відавочным, — адзначаецца ў анатацыі да праекта.
Пераход ад адной сістэмы да іншай быў зусім не лёгкім. Азмрочаныя вайной, памежнымі спрэчкамі, эканамічнай шокавай тэрапіяй і збядненнем, многія з гэтых грамадстваў усё яшчэ аднаўляюцца пасля хаатычных рэканфігурацый 90-х. […]
Групавая выстава East From Where пралівае святло на яшчэ незавершаны працэс пераходу, які адлюстроўваецца ў паўсядзённым жыцці. Маладыя людзі, якія не ведаюць, ці наступны дзень прынясе разбурэнне, ці рамантыку, маці і дочкі, падзеленыя фізічнымі і палітычнымі сценамі, месцы, якія не могуць пазбавіцца ад прывідаў былых рэжымаў, і ваенныя структуры, якія павольна пазбаўляюць індывідуальнасці, каб дасягнуць поўнай паслухмянасці…».
Куратары праекта: Герд Валішэўскі і Сяофу Ван.
Выстава ў Studio Hannibal (Pappelallee, 15) будзе працаваць да 27 кастрычніка.