Беларускія мастакі ўдзельнічаюць у міжнароднай выставе «Modeern freedom» у Нью-Ёрку

У Нью-Ёрку ў Інстытуце Пілецкага адкрылася міжнародная выстава, на якой прадстаўлены мастакі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У экспазіцыі прадстаўлена каля 100 карцін, графічных твораў, скульптур, інсталяцый і відэа, якія даследуюць спадчыну ХХ стагоддзя, досвед, перажыты пры таталітарных рэжымах, пастаяннае імкненне да свабоды і багацце культур, якія дзесяцігоддзямі заставаліся ўтоенымі за жалезнай заслонай.

Фота: facebook/wojtek.radtke
Польскі аўтар Гжэгаж Кламан выклаў надпіс „Solidarność” з некалькіх тысяч пластыкавых салдацікаў „Made in China”. Фота: facebook/wojtek.radtke

Аб’ядноўваючы прызнаных мастакоў старэйшага пакалення з маладымі творцамі, куратары выставы Пётр Франашак, Томаш Кудэла і Войтэк Радтке спрабуюць прааналізаваць, як вопыт вайны, таталітарнага гвалту, палітычнага ціску і сацыяльных зменаў уплывае на ідэнтычнасць, культуру і мастацкае выражэнне наступных пакаленняў.

Фота: facebook/wojtek.radtke

«Мы не паказваем Цэнтральна-Усходнюю Еўропу як перыферыю. Мы паказваем яе як месца, дзе паўстала адна з самых важных моў сучаснасці: мова памяці, супраціву і свабоды, – патлумачыў канцэпт куратар выставы і дырэктар нью-ёркскага Інстытута Пётр Франашак. Паводле яго слоў, «свабода — гэта не лозунг, гэта працэс, які трэба пастаянна аднаўляць, абараняць і перавызначаць».

«Блізняты» чэшскага мастака Йіржы Суруўкі (злева). Фота: facebook/wojtek.radtke

«Выстава прадстаўляе Цэнтральную Еўропу не як пастаянную геаграфічную прастору, а як візуальнае сведчанне – поле знакаў, у якім цывілізацыйныя напружанні праяўляюцца ў жэсце, у форме, у паверхні і цішыні, — дадаў куратар Томаш Кудэла. — Прадстаўленыя працы — як сучасныя, так і створаныя раней – не прапануюць толькі каментары да лакальных праблем, а ствараюць сэнсавыя пласты, у якіх можна ўбачыць больш глыбокія эканамічныя і сацыяльныя працэсы апошніх дзесяцігоддзяў: змены рытму працы, успрымання цела, рэжымаў памяці. Пры правільнай інтэрпрэтацыі выстава можа быць прачытана як візуальны архіў трывогі — і адначасова як відавочны заклік да пераменаў».

Відэа з перформансам Яны Шостак (справа). Фота: facebook/wojtek.radtke

У працы выставы прымаюць удзел тры мастакі з Беларусі. Андрэй Дурэйка выставіў шрыфтавую працу «Weissrussland», у якой гатычным шрыфтом і з наўмыснай памылкай напісана назва нашай краіны, Яна Шостак – відэафіксацыю свайго перформансу, а Антаніна Слабодчыкава — інсталяцыю «Стол перамоваў», у якой два сэрцы, якія выглядаюць як сапраўдныя, ляжаць на супрацьлеглых краях стала. Твор увасабляе зацягнуты працэс перамоваў.

Фрагмент інсталяцыі Антаніны Слабодчыкавай (на першым плане). Фота: facebook.com/wojtek.radtke

Выстава будзе працаваць да 31 жніўня.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!