Сёння ў лонданскім Royal Albert Hall прайшла адна з найвядомейшых тэатральных узнагарод свету — Olivier Awards. Беларускі Свабодны тэатр, які намінаваўся ў катэгорыі «Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве» за пастаноўку «Дзікае паляванне караля Стаха», не ўдалося ўзяць прэмію — яе атрымаў музычны кіраўнік Royal Opera House Антоніа Папана.
Англа-італьянскі дырыжор і піяніст Антоніа Папана быў адзначаны за яго кіраўніцтва Royal Opera House на працягу шматлікіх гадоў.
«За апошнія 22 гады Royal Opera House стаў маім домам і маім сэрцам, — перадалі словы пераможцы, які не здолеў прысутнічаць на цырымоніі, калегі. — І насычаныя ды глыбокія стасункі з аркестрам, з артыстамі хору, крэатыўнай камандай, публікай маюць для мяне вялікую ролю. Я даў мастацтву ўсё, і яно аддало мне сторыцай. Дзякуй за гэты цудоўны сюрпрыз, за вашу адданасць тэатру».
Трэцім намінантам у катэгорыі «Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве» вылучалася Марына Абрамовіч за яе канцэпцыю спектакля «7 смерцяў Марыі Калас».
Нагадаем, што прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» ў рэжысуры Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды паводле рамана Уладзіміра Караткевіча адбылася 15 верасня 2023 года на сцэне лонданскага «Barbican». Музыку да спектакля напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч. Дырыжор – Віталь Алексяёнак, харэографка – Марыя Сазонава.
Галоўныя ролі ў пастаноўцы выконвалі беларускія артысты Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна.
Узнагароды Olivier Awards сёння былі ўручаны ў 26 катэгорыях.
Вядучай шматчасавога шоу была брытанская актрыса Ханна Ўоддзінгем, вядомая сусветнай публіцы, у тым ліку, па ўдзеле ў брытанска-амерканскім серыяле «Тэд Ласа».
Паглядзець трансляцыю прэміі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram