Ад 22 да 25 лютага ў Вільні працуе Кніжны кірмаш, на якім жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм» арганізавала беларускі стэнд. Далучыліся і іншыя выдаўцы.
Выдавецтва «Янушкевіч» упершыню ўдзельнічае ў самай прэстыжнай кніжнай імпрэзе ў балтыйскіх краінах. На стэндзе выдавецтва можна набыць чацвёртую частку «Ведзьмара» Анджэя Сапкоўскага — «Час ганьбы» ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай. А таксама — свежыя перавыданні «Дзівосных гісторый на дабранач» Эрвіна Мозэра і цудоўнай кнігі «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль» Ганны Янкуты.
«Безліч кніг і выдавецтваў, на адкрыцці выставы прамаўляе прэзідэнт дзяржавы. Лагістыка і сэрвіс ідэальныя. Уваход на выставу платны, але кошт чыста сімвалічны», — падзяліўся Андрэй Янушкевіч уражаннямі ад адкрыцця.
«Святлана Аляксандраўна (Алексіевіч — reform.by) даслала сваю рэкамендацыю, што купіць на стэндзе «Пфляўмбаўм» 5.А11А на кніжным кірмашы ў Вільні, што зараз праходзіць ў LITEXPO. А мы знайшлі яе кнігу па-літоўску на стэндзе ў літоўскіх калег з выдавецтва «Kitos knygos». Тусім на кірмашы разам з выдавецтвам «Янушкевіч» да канца выходных, сустракаемся з чытачамі, сябрамі, віленскімі і замежнымі калегамі, прыходзьце і вы за кнігамі! Чакаем!», — такі допіс з’явіўся у сацсетках выдавецтва «Пфляўмбаўм».
Дарэчы, у суботу 24 лютага ў 18.00 у памяшканні Цэнтру беларускай супольнасці і культуры ў Вільні (Vilniaus g., 20) адбудзецца сустрэча з беларускімі незалежнымі выдаўцамі Андрэем Янушкевічам (выдавецтва «Янушкевіч», Варшава) і Сяргеем Шупам (выдавецтва «Вясна», Прага). Госці раскажуць пра выдавецкія навінкі і свае далейшыя планы, а таксама прадставяць свае апошнія выданні: кнігу Дзяніса Марціновіча «Слюнькоў», а таксама пераклад культавага раману Юргіса Кунчынаса «Туўла» (пераклад — Сяргей Шупа).
Кніжны кірмаш у Вільні працуе да 25 лютага.
Час: чц — з 10.00 да 19.00, пт і сб — з 10.00 да 21.00, нд — з 10.00 да 17.00 (час мясцовы)
Месца: LITEXPO, Laisvės pr. 5, Вільня. Нумар стэнда — 5.А11А.
Квіткі на кірмаш коштам 7 еўра можна набыць па спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram