Беларускі след на варшаўскай Ночы фатаграфіі: ад праекцый Атцецкага да спадчыны Булгака і памежнага быту

4 верасня ў Варшаве пройдзе чацвёртая «Ноч фатаграфіі» (Noc Fotografii 2026), зладжаная Цэнтрам фатаграфіі Музея Варшавы. Сёлетняй тэмай падзеі стала «Утаймаванне горада» (Oswajanie miasta) — развага пра тое, як мігранты, мастакі і жыхары будуюць свае адносіны з мегаполісам. У сёлетняй праграме і падрыхтоўцы фэсту выразна прасочваецца беларускі след — ад працы ў камандзе арганізатараў да імёнаў у праекцыях.

Свята распачнецца а 19:15 афіцыйным адкрыццём і ўручэннем дыпломаў пераможцам конкурсу «Утаймаванне горада». Адразу пасля гэтага, з 19:45 да 20:00, адбудзецца адзіны і эксклюзіўны прэм’ерны паказ прац лаўрэатаў. З 20:00 да 23:00 на вуліцах Старога і Новага Горада ў шасці розных лакацыях разгорнуцца асноўныя пленэрныя праекцыі.

Беларусы ў камандзе стваральнікаў

Сярод ключавых імёнаў у афіцыйным спісе каманды фэсту — два беларускія.

Аўтар практа «Плошча Пераменаў» Яўген Атцецкі падрыхтаваў для «Ночы фатаграфіі» мантаж вулічных праекцый для прац польскіх фатографаў: Рафала Мілаха і Зоф’і Рыдэт.

Рэжысёрка і выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў Ружана Кручкова выступіла каардынатаркай міжнароднага фотаконкурсу «Утаймаванне горада».

Беларускія паралелі

Цікава, што праекцыі, над мантажом якіх працаваў Яўген Атцецкі, звязваюць сусветнае мастацтва з беларускім кантэкстам.

Рафал Мілах — адзін з найбольш вядомых сучасных польскіх фатографаў, сябра прэстыжнага міжнароднага агенцтва Magnum Photos. Беларусам ён вядомы сваёй фотакнігай «The Winners» («Пераможцы») — глыбокім і рэфлексіўным даследаваннем беларускай ідэалогіі і рэчаіснасці 2010-х гадоў. Таксама спадара Рафал не аднойчы браў удзел у Месяцы фатаграфіі ў Мінску.

На Ночы фатаграфіі пакажуць праект Мілаха пра в’етнамца Ліна, знятага ў 2005 годзе на Стадыёне X-годдзя. Падчас маштабнага пажару на Марывільскай у 2024 годзе Лін страціў усё, у тым ліку 20-гадовы сямейны фотаархіў. Даўнія здымкі Мілаха з праекта «Ba Lan» сталі адзіным матэрыяльным слядам яго прошлага жыцця, які яны разам спрабуюць аднавіць праз успаміны.

Зоф’я Рыдэт — польская класік фатаграфіі, чый праект «Запіс соцыума» (Zapis socjologiczny) лічыцца грандыёзным антрапалагічным архівам. Пачынаючы з 1978 года (калі ёй было 67 гадоў), яна абыходзіла тысячы сялянскіх хат, фатаграфуючы жыхароў у іх прыватным інтэр’еры. Значная частка гэтых здымкаў зроблена на Падляшшы — на беларуска-польскім памежжы. На яе здымках поруч з польскімі святынямі часта бачныя праваслаўныя іконы з вышыванымі беларускімі ручнікамі-«набожнікамі» і аўтэнтычны быт, ідэнтычны вёскам Гродзеншчыны і Брэстчыны.

Фота: сайт Музея Варшавы.

Погляд на Варшаву вачыма Яна і Януша Булгакаў: ад паштовак даваеннага шарму да руін 1945 года

Асобным акцэнтам для беларускага чытача стане праекцыя «J&J Bułhak – 2 × Warszawa», якую пакажуць у аркадзе каля галерэй ZPAF на вуліцы Канонія. Аўтарам і куратарам гэтай прэзентацыі выступіў фатограф і рэжысёр дакументальнага кіно Войцех Валькевіч.

Сёлета спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Яна Булгака (1876–1950) і 120 гадоў яго сыну Янушу (1906–1977). Ян Булгак — ураджэнец Навагрудчыны, «бацька» ўсходнееўрапейскай краявідазнаўчай фатаграфіі, які ўвядоў сам тэрмін «фатаграфіка», і заснавальнік піктарыялізму. Яго мастацкая і педагагічная спадчына фарміравалася ў Мінску, Вільні, Гродне і Ашмянах, з’яўляючыся фундаментальнай часткай беларускай і польскай культурнай прасторы.

Дэталь, якая робіць яго постаць асабліва драматычнай: у 1944 годзе падчас баёў у Вільні ў пажары была знішчана яго майстэрня, дзе згарэла каля 30 тысяч негатываў — уся яго шматгадовая праца па фіксацыі беларускіх і літоўскіх краявідаў. Страціўшы ўсё, 69-гадовы фатограф разам з сынам Янушам прыехаў у руіны пасляваеннай Варшавы, каб пачаць з нуля.

На Ночы фатаграфіі глядач пабачыць унікальны кантраст фатаграфій, якія ў тыя часы выкарыстоўваліся для друку паштовак: спачатку даваенныя піктарыяльныя краявіды і здымкі з подпісам «fot. Jan Bułhak», а затым — пасляваенныя паштоўкі з руінамі горада 1945 года, падпісаныя «fot. J. Bułhak i Syn».

Што яшчэ варта пабачыць?

Праграма ахоплівае працы з фондаў Музея Варшавы, а таксама спецыяльны блок праектаў з Les Rencontres d’Arles — найстарэйшага і найбольш прэстыжнага фотафестывалю свету (французскага аналага Канскага кінафестывалю ў свеце фатаграфіі).

У суправаджальнай праграме таксама — сустрэчы з польскімі і замежнымі мастакамі, майстар-класы для дзяцей і дарослых, а таксама прэм’ера альбома «Аляксандр Мінорскі. Фатаграфія — гэта інтэрвенцыя» (Aleksander Minorski. Fotografia to interwencja).

Уваход на ўсе падзеі і пленэрныя паказы — вольны. Падрабязны расклад даступны на сайце Музея Варшавы.

Куратарка праекта — Юлія Станішэўска (Julia Staniszewska).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!