Вядомы па песні «Зялёная гарбата» ў 2010-х, малады сонграйтар Ілья Фаляжынскі нечакага выдаў новую кампазіцыю пасля некалькіх гадоў маўчання. «Kudy ty idzieš?» — так называецца новы сінгл аўтара, рэліз якога Ілья прымеркаваў да свайго дня нараджэння.
«Песні лепш за мяне ведаюць, калі ім трэба напісацца або калі іх трэба прэзэнтаваць. Канкрэтна гэтая цярпліва чакала пяць гадоў», – прызнаецца выканаўца, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Варшаве.
Трэк быў запісаны ў Менску ў 2020 годзе ў хатняй студыі Змітра Матуйзы, які стаў не толькі саўнд-прадусарам, але і адказаў за аранжаванне, звядзенне ды майстарынг. З ім беларускі аўтар працаваў таксама над папярэднімі альбомамі і EP.
У якасці вокладкі выступіла адна з першых карцінаў Ільі Фаляжынскага пад назвай «Куды ты ідзеш?». Як адзначае аўтар, спачатку гэта была толькі назва песні, але менавіта яна падказала пазней надаць карціне тую ж назву. Маляваць акрылам на палатне выканаўца пачаў у часы ізаляцыі ў тым жа 2020 годзе, што стала натуральным працягам ягонай творчасці.
«Гэтая песня — пра ўнутраны шлях, поўны сумневаў, болю і пошуку сэнсу, — дзеліцца сонграйтар. — Тэкст даследуе непакой і сутыкненне з нявызначанасцю, адкрываючы ўразлівасць чалавека перад самім сабой».
Плануецца, што трэк «Kudy ty idzieš?» распачне сезон новы рэлізаў выканаўцы, які ў свой час быў намінантам прэміі «Адкрыццё году» паводле парталу Tuzinfm.by.
Illa Falažynski (Ільля Фаляжынскі) – беларускі аўтар-выканаўца і мастак з Варшавы. Стаў вядомы ў 2015 годзе дзякуючы песні «Зялёная гарбата». Аўтар альбомаў «Схавацца ў туман» (2016) і «Navobmacak» (2019). У 2023 годзе ўзяў удзел у міжнародным трыб’юце Марку Болану з песняй «Dziŭnaje žyćcio» («Life is Strange»), якая выйшла на афіцыйным рэлізе брытанскага лэйблу Easy Action.
Слухаць новую кампазіцыю аўтара можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram