«Беларускі рэжым не спыняецца анідзе»: Павел Баркоўскі прааналізаваў, якія катэгорыі кніг трапляюць пад рэпрэсіі

Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, вылучыў 7 катэгорый кніг і аўтараў, якія трапляюць пад рэпрэсіі.

Міністэрства інфармацыі папоўніла «экстрэмісцкі спіс» новымі творамі, у лік якіх увайшлі: кніга Цімаці Снайдэра «Пра свабоду», кнігі Валянціна Акудовіча «Код адсутнасці» і «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым», а таксама тры нумары часопіса «Беларусь i свет». А таксама беларускае ведамства ўчора далучыла 32 кнігі беларускіх і замежных аўтараў у спіс, забаронены для распаўсюджання ў Беларусі. Нагадаем, што цяпер у краіне нельга набыць «Слон» і «Красный крест» Сашы Філіпенкі, ажно дзесяць кніг Ірвіна Уэлша — ад «На ігле» да «Порна», «Аголены сняданак» Уільяма Бэроўза, «Страх і агіда ў Лас-Вегасе» Хантэра С. Томпсана, ды іншыя кнігі.

«На жаль, у сваім імкненні да татальнай ідэалагічнай цэнзуры і прамыўкі мазгоў беларусам беларускі рэжым не спыняецца анідзе», – адзначыў Павел Баркоўскі.

Палітык і філосаф прааналізаваў творы, якія рэжым забараняе па прычыне нібыта абароны нацыяльных інтарэсаў, вылучыўшы 7 катэгорый.

  • Разнастайнасць стасункаў

Гэта тыя аўтары і аўтаркі, якія распавядаюць пра жыццё і ўзаемныя стасункі ва ўсёй разнастайнасці іх праяў: ад палавой адукацыі дзяцей да згадак пра аднаполыя рамантычныя стасункі. Агулам, як і за савецкімі часамі, табуюецца тэма сэксуальнасці і ўводзіцца прымусовая «традыцыйная цнатлівасць».

  • Тэма смерці і невылечных хвароб

Кнігі для дзяцей, дзе закранаецца тэма смерці і невылечных хвароб, на думку складальнікаў спісу, вядуць да суіцыдальных думак. Але гэтыя кнігі вучаць дзяцей ранняму асэнсаванню вопыту смерці і прыняццю складанасці жыцця. Смерць, якая культывавалася ў літаратуры савецкіх часоў, дазваляецца толькі гераічна-патрыятычная, за дзяржаву і партыю, але не праз экзістэнцыяльныя рэчы.

  • Фізіялагічныя працэсы

Кнігі аўтараў, якія абражаюць «эстэтычныя пачуцці» складальнікаў спісу. Сюды трапляюць творы «нізкіх жанраў», якія ў камічнай форме спрабуюць размаўляць з дзецьмі пра фізіялагічныя працэсы, якія таксама — частка чалавечага жыцця. Але трагічны пафас складальнікаў спісу матэрыялаў прадугледжвае толькі сур’ёзныя і партыйна правільныя выказванні, дзе немагчыма казаць «пра пукі» ці пра тое, «хто нагадзіў кроціку на галаву».

  • Наркатычныя рэчывы і спробы іх ужывання персанажамі

Кнігі, дзе распавядаецца пра наркатычныя рэчывы і спробы іх ужывання персанажамі, хай сабе і ў мастацкіх мэтах, літаратурна апрацаваныя. Гэта, па сутнасці, тая ж патрыярхальная спроба прыхаваць гэтую старонку жыцця чалавека і такім чынам нібыта выявіць змаганне з распаўсюдам наркатычнай залежнасці сярод моладзі. Але, на жаль, яна расце не столькі праз кнігі, колькі праз вялікую прапанову і неперакрытыя каналы паставак, а таксама праз нізкую пісьменнасць саміх дзяцей, якія не разумеюць небяспекі ўжывання і не рэагуюць на інфармацыю міліцыі і ідэолагаў.

  • Ідэйныя апаненты рэжыму

Самая вялікая група — ідэйныя апаненты рэжыму. Гэта пісьменнікі і пісьменніцы, якія разважаюць пра свабоду, нацыянальную гісторыю і мысленне, барацьбу з таталітарызмам і аўтакратыяй — ад міжнародных зорак накшталт Тымаці Снайдэра, да беларускіх карыфеяў накшталт Акудовіча, Смаленчука ці Філіпенкі. Тут усё збольшага зразумела: моладзі нельга вучыцца нацыянальнаму, разумнаму і ўсяму таму, што супярэчыць вопыту таталітарнай дыктатуры.

  • Сапраўдная тэрарыстычная дзейнасць

Група аўтараў, якія пішуць тэксты на тэму сапраўднай тэрарыстычнай дзейнасці, рэабілітуюць ідэі нацызму ці рэлігійнага фундаменталізму. На жаль, іх у спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — заўважная меншасць, якая ўсё больш размываецца ў патоку забароны кніг пра гендар, сэкс, смерць і свабоду.

  •  Беларуская анлайн-бібліятэка Kamunikat

Асобна трэба падкрэсліць залучэнне ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў старонкі беларускай анлайн-бібліятэкі Kamunikat, якая зʼяўляецца, без перабольшання, найвялікшым зборам кніг на беларускай мове, даступных для спампоўвання ў сеціве. Гэта яшчэ раз падкрэслівае той факт, што менавіта незалежныя выданні на беларускай мове — галоўны ідэалагічны апанент гэтай «улады» і асноўная мэта пераследу і рэпрэсій.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!