Юргіта Яспаніце-Буракене. Фота: facebook.com/literaturos.vertejai.
Саюз перакладчыкаў Літвы (LLVS) абвясціў лаўрэатку прэміі імя Дамінікаса Урбаса за 2026 год. Ёй стала паэтка і перакладчыца Юргіта Яспаніце-Буракене за пераклад рамана Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» („Ko ateini, vilke?“).
Кніга, якая ўжо паспела стаць знакавай для сучаснай беларускай літаратуры, цяпер афіцыйна прызнана культурнай падзеяй і ў Літве.
Камісія прэміі адзначыла надзвычайную складанасць працы з арыгіналам і высокі ўзровень выніку. Згодна з рашэннем Саюза перакладчыкаў Літвы, узнагарода прысуджана:
«За выдатна і плаўна перакладзены з беларускай мовы вельмі сакавіты, густы тэкст, за майстэрскае адлюстраванне культурных і гістарычных рэалій, прымавак, народнай мудрасці, за старанна адабраныя дыялектызмы, фальклорныя адценні і тэрміналогію, якая адлюстроўвае апісаны перыяд — міфічнае і гістарычнае светаўспрыманне рамана, — пры гэтым захоўваючы ўнікальны голас пісьменніцы Евы Вежнавец; а таксама за нататкі перакладчыцы, якія дапамагаюць чытачу пазнаць звычаі беларускага народа, міфічныя вобразы і рэаліі савецкага часу».
Юргіта Яспаніце — вядомая літоўская паэтка, аўтарка трох паэтычных кніг; яна працуе з украінскай, беларускай і рускай мовамі. Да гэтага часу Юргіта была вядомая пераважна як перакладчыца паэзіі. Раман Евы Вежнавец стаў яе паспяховым дэбютам у перакладзе буйной беларускай прозы. Таксама яна займаецца перакладам міфічных тэкстаў народаў Сібіры і Далёкага Усходу.
Прэмія імя Дамінікаса Урбаса — адна з самых значных узнагарод у галіне перакладу ў Літве. Яна была заснавана ў гонар выдатнага літоўскага рэдактара, перакладчыка і лексікографа Дамінікаса Урбаса. Узнагарода традыцыйна ўручаецца за лепшы пераклад мастацкай літаратуры на літоўскую мову, вызначаючыся высокімі патрабаваннямі да захавання стылістыкі і духу арыгінала.
Цырымонія ўручэння дыплома Юргіце Яспаніце-Буракене адбудзецца 28 красавіка а 16:00 у Вільні (Pamėnkalnio g. 34).
Таксама камісія вырашыла адзначыць ганаровай граматай пачаткоўку-перакладчыцу Іеву Перэднене за пераклад «Літоўскіх гісторый» Эрнста Віхерта з нямецкай мовы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram