Фота: Reform.news.
«Беларускі пост-панк — ён не стаіць, а кшталту ляжыць, але намагаецца ўстаць», — такую думку выдаў на ўчорашнім канцэрце саліст і музыка гурта Peresadka v Stambule Ягор Бабоў. Іронія ў тым, што на самой справе вечар у варшаўскім клубе 2Koła атрымаўся проста феерычным — настолькі адрыўным, што ні пра якое «ляжанне» на сцэне не ішло і гаворкі. Нагодай сабрацца разам стала супольная прэзентацыя адразу трох новых альбомаў беларускіх праектаў: Carstva ад Serbski Nož, self-titled ад Peresadka v Stambule і Čorny śnieh ад Baisan.
Як распавёў лідар праекта Baisan Алесь Плотка, ідэя сабраць тры прэзентацыі ў адзін вечар не патрабавала ніякіх складаных прадзюсарскіх схем — усё склалася само сабой:
«Узнікла абсалютна гарманічна. Мы ўсе варымся ў адной тусе ў прынцыпе, і ў каго якія справы, якія планы — усе ведаюць. Усе ведалі, што ўвосень у «Сербскага нажа» плануецца альбом, што ў «Перасадкі» плануецца альбом, і ў «Байсана» таксама плануецца альбом. Гэта цалкам лагічна: тры альбомы — значыць, трайная прэзентацыя», — падзяліўся ён перад пачаткам канцэрту.
Тое, што гурты розныя па гучанні, Алесь лічыць галоўным плюсам падзеі — маўляў, ніхто не хоча цэлы вечар слухаць тры аднолькавыя каманды. У Baisan цяпер больш электроннага складніка, «Перасадка» сыходзіць у бок гітарнага рока, таму гледачам, паводле яго, элементарна весялей і разнастайней праводзіць час. А на пытанне, на чым увогуле «стаіць» яго гурт, музыка адказвае без лішняй філасофіі — на веры ў тое, што трэба ісці далей і рабіць новыя песні ў незвычайным фармаце.
Тое, што кожны з гуртоў-выступоўцаў мае сваё музычнае аблічча, было цікава абмяркоўваць. Baisan, у прыватнасці, — гэта дуэт неановай электронікі, у якім паэт і музыка Алесь Плотка стварае музыку разам з андэграўндным саўнд-прадзюсарам Frantisz.
Як прызнаўся Алесь, са сваім сутворцам, які знаходзіцца па той бок «жалезнай заслоны», ён ніколі не бачыліся ўжывую (толькі анлайн). І на актуальнай прэзентацыі таксама прысутнасць Frantisz замяняла «машына». Але нягледзячы на міфічны статус суаўтара, Алесь Плотка падчас выступу выдаў энергіі за дваіх ці за траіх — балазе, яму дапамагаў драмер з гурта «Перасадка ў Стамбуле».
Журналіст Reform.news заўважыў, што тым ці іншым бокам усё тры гурты маюць дачыненне да пост-панку, і вырашыў, закрыўшы вочы на пэўныя агаворкі, спытаць у герояў сённяшняга вечара, чым жа адметны беларускі пост-панк. Не сказаць, што пытанне ва ўсіх выклікала захапленне, але музыкі, прынамсі, пагадзіліся пагуляць у гэту гульню.
Так, на думку Алеся Плоткі ўсё трымаецца на калектыўным дыягназе:
«Напэўна, беларусы вяртаюць пост-панку яго сапраўднае аблічча, — адказаў ён на развагі, што звычайна пост-панку ўласцівыя трывожнасць і халоднасць. — Таму што ёсць багата трывогі, мы — трывожнікі ўсе па пашпарце, і не па пашпарце. І гэта вялікія спрэчкі ўвесь час сярод аматараў музыкі, што сапраўдны пост-панк, што несапраўдны. Ці там сапраўдны пост-панк Molchat Doma, ці гэта больш новая хваля? Але мы, сапраўды, ідэалагічна недзе больш да карней трымаемся, да гэтай трывогі. Ну, мы яе проста пражываем. Для беларусаў гэта сёння натуральны стан. Мы проста рэфлексуем гэтай музыкай. Яна нам максімальна рэзануе».
У выступе ўласна самога Baisan было шмат «уразлівай» экзістэнцыйнасці: гэта крык кудысьці ў пустэчу. І не выпадкова адну з песен Алесь Плотка прысвеціў блізкім, якія сышлі ад анкалогіі.
Калі апісываць альбом Čorny śnieh адной фразай, то гэта постапакаліпсіс на сняданак.
Наступнымі на сцэну выйшлі Peresadka v Stambule — праект музыкаў Serbski Nož, «Ковельскіх Псоў» і The Tranzistorz. Тое, што пачало адбывался на сцэне, іншым словам як «угар» назваць нельга. Публіка ўжо разагрэлася, і з ахвотай рынулася «слэміць» пад шчыльны гітарны рытм. Не сказаць, што ўсё словы песень удалося разабраць, але «Копеечку» крычылі хорам, ды нават выканалі два разы.
Але мы вырашалі пагаварыць з Ягорам Бабовым пра іншую кампазіцыю — Past Perfect.
Радкі з песні гурта «Нет больше водки за клубом, нет и самого клуба», як тлумачыць музыка, — гэта гісторыя пра любую зачыненую пляцоўку і вечны кругаварот беларускай сцэны:
«Сцена, к сожалению, постоянно сменяется. Потому что люди либо уходят, распадаются, и заводят свои семьи. Либо, как правило, бывает у нас в Беларуси — раз в 10 лет люди уезжают и начинают делать какую-то новую сцену. Места постоянно меняются, и, в общем то, «нет больше водки за клубом» — это любой клуб в вашем городе, который уже закрыт, которого больше нет, и, скорее всего, тех, кто в нем играл, уже тоже нет. Но остались прекрасные воспоминания, ностальгия и приколы», — распавёў пра песню музыка.
Не ўтрымаліся адпаведна спытаць пра творчую кухню наўмысна «сырых» тэкстаў гурта.
«Концепция такая, смотри. Мы в 12 дня открываем пиво и такие вот: что у нас там вот это болело в какой-то момент? И… я сижу просто на диване, слушаю музыку и пишу прямо текст. И в «Пересадке» это обычно у меня это быстро получается. <…> Но это типа вот 20 минут, и ты просто делаешь на определенную тему, которая вам вдруг заболела текст. Болит много… Честно, очень много прям», — быў шчырым Ягор.
Задалі яму пытанне і пра аблічча беларускага пост-панку, на чым ён стаіць, і…пачулі літаральна афарызм.
«Он вообще не стоит, он типа лежит и пытается встать. И получается это, мне кажется, редко, но типа если уже встали, то там условные «Молчат дома», там «Нюрнберг», вот эта вся история. А в основном, конечно, лежим, отдыхаем как бы, и думаем, что сделаем дела в следующий раз», — выдаў візаві.
Перавага гурта Peresadka v Stambule — у іх прастаце, абаяльнасці і, падаецца, бясконцай энергіі. Вось хто-хто, а яны дакладна маглі б іграць да самай раніцы.
Невялікая «пшэрва» і на сцэну ўрачыста выходзіць «Сербскі нож»— у яскравых галоўных ўборах, масках. Гурт, які дрэйфуе па гуку ад таго самага пост-панку да арт-року, ужо мае свайго сталага маладога слухача — яны вітаюць каманду воклічамі. «Carstva» — гэта ўжо трэці альбом музыкаў, які завяршае пэўнае складанае выказванне: у 2023 выйшла плытка «Яма», у 2025 годзе — альбом «Исход», і вось, нарэшце, здарылася «Царства», якое па пасланні нібыта прымярае музыкаў з рэчаіснасцю і самімі сабой. Цікавая рэч, што калі казаць пра пост-панк, то звычайна ў гэтай халоднай рэфлексіўнай прасторы не тое, што можна адшукаць Бога. Але ў творчасці «Сербскага нажа» рэлігійны складнік — ключавы. Яны ідэалагічныя ў пэўным сэнсе.
На канцэрце прагучала неверагодна моцная «Мама», якая можа прэтэндаваць на гімн новага пакалення (адчаю).
Натуральна, Reform.news спытаў саліста «Сербскага нажа» Сяргея Сасункевіча пра пазіцыі беларускага пост-панку. Сяргей лічыць, што варта спалучаць тое, што, падаецца, на першы погляд не спалучаецца.
«Сёння новая хваля, прынамсі беларускага пост-панку, сумяшчае ў сабе і пэўную агрэсіўнасць, і, адначасова, лірычнасць, — лічыць музыка. — То бок гэта спроба спалучэння таго, што немагчыма спалучыць. Прынамсі, мы намагаемся зрабіць так. Бо час спакойнага, халоднага пост-панку ўжо мінуў, і сёння мы прыўносім больш эмоцыяў, больш агрэсіі і больш асабістага перажывання трагедыі», — адказаў Сяргей.
Але на пытанне, што ж у такім разе разразае сам «Сербскі нож», Сасункевіч імгненна пераключаецца на суровую рэальнасць зносін са слухачамі: «Вось, дарэчы, цікавае пытанне. Мне падаецца, ён разразае апошнім часам хутчэй людзей, якія намагаюцца зразумець, чаму наш гурт так называецца».
Падчас выступу Сяргей вынес на сцэну лесвіцу («гэтэ мой stairway to heaven!»), ускараўскаўся на яе, і спяваў адтуль. Увогуле, у свой выступ гурт прыўносіць шмат сцэнічнага дзеяння, перформансу, гэта ў пэўным сэнсе казанне і танец, стварэнне супольнага слухання і перажывання.
Музыкантаў выклікаюць на «біс» і напрыканцы гучыць адзін з самых адчайных і адначасова вясёлых хітоў ад «Сербскага нажа» — «Мы никогда не вернемся домой!».
Гэты радок хорам спяваюць усе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram