У лістападзе 2025 года сітуацыя ў Беларусі будзе разгледжана ў межах Універсальнага перыядычнага агляду (UPR) ААН. Напярэдадні агляду Беларускі ПЭН, Міжнародны ПЭН (PEN International) і ПЭН Амерыка (PEN America) падалі ў ААН дакумент, які сведчыць пра выкліканы прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года і наступнымі масавымі пратэстамі ўсё мацнейшы наступ на свабоду выказвання, культурныя і моўныя правы.
У дакуменце паказваецца, як улады Беларусі бязлітасна душаць любое іншадумства і мэтава знішчаюць беларускую культуру і мову.
Са жніўня 2020 года Беларускі ПЭН зафіксаваў больш за 5800 выпадкаў парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
159 дзеячаў культуры, сярод іх 40 людзей слова, знаходзяцца пад вартай або пад хатнім арыштам праз надуманыя абвінавачанні. Сярод іх – пісьменнікі з кейс-ліста (case list) Міжнароднага ПЭНа Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Кацярына Андрэева (Бахвалава).
Пяць дзеячаў культуры памерлі ў зняволенні.
Прымусова ліквідавана больш за 1192 НДА, з якіх не менш за 250 – арганізацыі культуры.
Закрыта не менш за 5 незалежных выдавецтваў.
141 кніга забаронена як нібыта «патэнцыйна шкодная для нацыянальных інтарэсаў», 81 кніга прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі» разам з сотнямі іншых мастацкіх рэсурсаў і кантэнту ў сацыяльных сетках.
Культурныя ўстановы ператварыліся ў інструменты дзяржаўнай прапаганды. Закрыты значныя арт-пляцоўкі.
Дазволеныя рамкі культурнай дзейнасці звузіліся да мінімуму, незалежнае мастацкае самавыяўленне мусіла сысці ў падполле.
Хаця беларуская мова занесена ЮНЕСКА ў пералік патэнцыйна ўразлівых, улады Беларусі не забяспечваюць роўных правоў для яе выкарыстання. Пашыраная дыскрымінацыя прывяла да рэзкага скарачэння колькасці носьбітаў мовы. Кнігі па-беларуску трапляюць пад асаблівы кантроль дзяржаўных органаў.
Матэрыялы, што падтрымліваюць нацыянальныя меншасці, абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі». У школах забаронена навучанне на польскай і літоўскай мовах.
Беларускі ПЭН, Міжнародны ПЭН (PEN International) і ПЭН Амерыка (PEN America) заклікаюць улады Беларусі неадкладна спыніць практыку ізаляцыі арыштаваных і вызваліць усіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры, затрыманых выключна за мірнае выказванне поглядаў. Улады мусяць спыніць пераслед дзеячаў культуры як унутры краіны, так і за яе межамі, у тым ліку шляхам адмены «пашпартнага дэкрэта» і рэпрэсіўных змен у Закон аб грамадзянстве.
Арганізацыі заклікаюць прыняць таксама неабходныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя і судовыя меры для гарантавання бяспечных умоў пры ажыццяўленні творчай і культурнай дзейнасці, а таксама для захавання і развіцця беларускай культуры.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram