Беларускі ПЭН выклаў маніторынг парушэнняў правоў у сферы культуры за чатыры гады. Паглядзелі, як рэпрэсіі паўплывалі на беларускую культуру

У кастрычніку 2019 года Беларускі ПЭН пачаў весці маніторынг парушэнняў правоў у сферы культуры і цяпер выклаў справаздачу за чатыры гады — з чэрвеня 2020 па чэрвень 2024.

Прачыталі маніторынг і прааналізавалі, як рэпрэсіі паўплывалі на беларускую культуру.

Творцы фізічна выключаюцца з культурнага працэсу

Станам на канец чэрвеня 2024 года ў Беларусі 1413 палітзняволеных, сярод якіх не менш за 105 чалавек – дзеячы культуры. Усяго ў зняволенні або ў стане абмежавання волі – на «хатняй хіміі» – знаходзяцца не менш за 164 працаўнікоў сферы культуры. Частка рэпрэсій застаецца па-за полем зроку праваабаронцаў і шырокай грамадскасці.

Таксама ёсць незваротныя страты: загінулі як мінімум 5 дзеячаў культуры. Няма падстаў не лічыць гвалтоўнымі смерці гісторыка, дырэктара ваўкавыскага музея Канстанціна Шышмакова ў жніўні 2020-га; мастака Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020-га; палітзняволенага актывіста і прамоўтара гісторыі Вітольда Ашурка ў траўні 2021-га. Асабліва жорсткае абыходжанне, неналежнае і несвоечасовае аказанне медыцынскай дапамогі ў месцах утрымання пад вартай прывялі да смерці палітзняволеных: культурнага менеджара, блогера Мікалая Клімовіча ў траўні 2023-га і мастака Алеся Пушкіна ў ліпені 2023-га.

Многія творцы не могуць паказваць вынікі сваёй дзейнасці

У краіне працягваюць дзейнічаць «чорныя спісы», многія дзеячы культуры трапілі (і трапляюць) пад цэнзуру і забарону на распаўсюд прадуктаў сваёй творчасці. Ёсць некалькі шляхоў у гэтай сітуацыі для творцаў у Беларусі: сысці ў падполле, не паказваючы свае працы шырокаму колу людзей, заняцца самацэнзурай, што не дапаможа, калі ты ў «чорным спісе», але дапамагае іншым творцам удзельнічаць у афіцыйных выставах. І трэці шлях — пакінуць краіну дзеля асабістай бяспекі.

Цэнзура

З 2022 года атрымала шырокае развіццё практыка задушэння іншадумства праз прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў дачыненні да апанентаў рэжыму. Пералікі асоб, нібыта датычных да экстрэмісцкай або тэрарыстычнай дзейнасці, спісы «экстрэмісцкіх фарміраванняў» і «экстрэмісцкіх матэрыялаў» рэгулярна папаўняюцца новымі прозвішчамі і найменнямі – рэжым пераследуе «на законных падставах».

Паводле падлікаў Беларускага Хельсінкскага камітэта, каб легалізаваць рэпрэсіі, толькі ў 2023 годзе ў краіне змянілі больш за 30 законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, у тым ліку і ў сферы культуры.

У 2022 годзе істотна абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, у якім быў відазменены кожны другі артыкул (126 з 257). У прыватнасці, дакумент паклаў пачатак стварэнню рэестраў арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў і Нацыянальнага рэестра экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, у атэстацыі якіх закладзены першапачаткова дыскрымінацыйныя механізмы.

На працягу 2023 года адбылося далейшае ўзмацненне заканадаўча замацаванай цэнзуры і дыскрымінацыі, якія закранулі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, рамеснікаў, уладальнікаў аграсядзіб, выдаўцоў, аматараў аэрафотаздымкі, ізноў арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Рэгуляванне працы апошніх добра ілюструе працэс усталявання кантролю над незалежным сектарам культуры і нарошчванне маштабу цэнзуры. Так, у жніўні 2023 года, праз год пасля ўвядзення «Рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў», у ім былі 706 арганізатараў (737 найменняў, з якіх 31 меў пазнаку «выключаны»), пасля ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў восенню 2023-га – 45 (56 найменняў і 11 «выключаных»). 45 дазволеных Міністэрствам культуры арганізатараў на краіну з больш чым 9-мільённым насельніцтвам.

Стыгматызацыя нацыянальнай культуры

Ва ўсіх сферах культуры назіраецца татальнае, санкцыянаванае і падтрыманае дзяржавай узмацненне расійскіх уплываў. Культурная палітыка дзяржавы праводзіцца на падставах антызаходніцтва. Напрыклад, у маніторынгу прыводзіцца красамоўны прыклад, калі ў красавіку 2023 года дзеянне пасведчання аб рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Змітра Коласа, дзякуючы якому за больш чым 30-гадовую дзейнасць выдавецтва «Зміцер Колас» кніжны рынак Беларусі папоўніўся сусветнай літаратурай у найлепшых беларускіх перакладах, было спынена на падставе пазову Міністэрства інфармацыі. Нагодай зрабілася кніга доктара гістарычных навук Аляксандра Смаленчука «Вызваленыя» і заняволеныя» – зборнік гістарычных дакументаў з дзяржаўных архіваў Беларусі. Выйшла яна ў 2021 годзе, нідзе не прадавалася, у 2023 годзе трапіла ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Інстытуцыянальны крызіс

Пачынаючы з паслявыбарчага перыяду 2020 года, у Беларусі ліквідаваны або вымушана пераехалі больш за дзясятак незалежных выдавецтваў; зачынены значныя арт-прасторы, міжнародныя цэнтры (Інстытут імя Гётэ, Польскі інстытут у Мінску, офіс Амерыканскага цэнтра ў Беларусі і іншыя), камерцыйныя крамы, якія будавалі свой бізнес на продажы тавараў з нацыянальнай (бел-чырвона-белай) сімволікай.

Ліквідавана кожная чацвёртая недзяржаўная арганізацыя, сярод якіх дзясяткі найстарэйшых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі. Так, 9 жніўня 2021 года быў прымусова ліквідаваны Беларускі ПЭН-цэнтр – арганізацыя, заснаваная яшчэ ў 1989 годзе, на момант ліквідацыі яе ўзначальвала нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч. Усяго, паводле маніторынгу «Lawtrend», на канец чэрвеня 2024 года страты ў грамадскім сектары складаюць ужо не менш за 1686 інстытуцыяналізаваных формаў некамерцыйных арганізацый, 1051 з якіх не стала ў выніку прымусовай ліквідацыі, у тым ліку 249 НКА, якія мелі дачыненне да развіцця сферы культуры Беларусі.

Дыскрэдытацыя і пераслед творцаў за мяжой

Улады Беларусі робяць захады для задушэння іншадумства як унутры краіны, так і за яе межамі. Практыка дыфамацыі і дыскрэдытацыі апанентаў рэжыму, якія выехалі з краіны і працягваюць выказвацца пра сітуацыю ў краіне, што мела месца ўжо ў 2020 годзе, дапоўнілася такімі формамі пераследу, як ператрусы на месцы прапіскі і разгромы кватэр, завядзенне крымінальных спраў і абвяшчэнне ў міжнародны вышук.

Таксама ў маніторынгу згадваецца ўзмацненне ціску на тых, хто з’ехаў, завочнае вядзенне ў дачыненні да палітычных эмігрантаў, немагчымасць абмяняць пашпарты, прызнанне дыяспар «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Цяжкасці перасячэння мяжы

З 2021 года беларусы, якія згаданы ў базе МУС пад назвай «Беспарадкі» (інфармацыя пра арыштаваных паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – былы 23.34 – і некаторых іншых), пачалі зазнаваць дастаткова зневажальную працэдуру дадатковага надгляду ў пунктах памежнага кантролю падчас перасячэння дзяржаўнай мяжы падчас вяртання ў Беларусь. У адных выпадках такі надгляд праходзіць досыць тактоўна, у іншых даходзіць да пераварочвання рэчаў і раздзявання таго, каго надглядаюць, дагала.

У пачатку 2023 года пачала з’яўляцца інфармацыя пра ўзмацненне праверак на мяжы – дадаліся «размовы» з прадстаўнікамі сілавых структур і праверка мабільнага тэлефона на прадмет падпісак на незалежныя СМІ і іншыя супольнасці, унесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»; вывучэнне спісу кантактаў у тэлефоннай кнізе, гісторыі браўзера, фотаздымкаў. Закранае такая праверка значна шырэйшае кола людзей. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у 2023 годзе пасля праверак на мяжы былі затрыманы не менш за 207 чалавек.

Творцам патрэбныя кантакты і камунікацыя, многія з іх адмаўляюцца ад удзелу ў міжнародных мерапрыемствах з-за праверак на мяжы.

Пошукі выйсця з крызісу

Вясной 2024 года Беларускі ПЭН падрыхтаваў рэкамендацыі ў супрацы з Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў і Грамадска-культурная кампанія «Будзьма беларусамі!» для ўладаў і арганізацый Беларусі і замежжа.

Напрыклад, для беларускіх уладаў рэкамендавана вызваліць усіх палітзняволеных дзеячаў культуры, спыніць практыку палітычнага пераследу дзеячаў і працаўнікоў культуры за законнае ажыццяўленне імі правоў і свабод чалавека, у тым ліку свабоды выказвання меркаванняў і свабоды творчасці; зрабіць неабходныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя і судовыя захады для забеспячэння бяспечных умоў рэалізацыі творчай дзейнасці і культурных праектаў і іншае.

Для міжнародных арганізацый, якія працягваюць працу ўнутры Беларусі, рэкамендавалася вярнуць у парадак дня выкарыстанне беларускай мовы ў сваіх публічных мерапрыемствах і камунікацыі. Пашырыць магчымасці падтрымкі культурных праектаў і ініцыятыў, дзеячаў культуры, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі і прасоўваюць дэмакратычны парадак дня. Пашырыць магчымасці падтрымкі культурных праектаў, якія знаходзяцца па-за Беларуссю.

Для міжнароднай супольнасці рэкамендавалася вылучыць беларусаў як асобную мэтавую група для маніторынгу, абароны і падтрымкі. Працягнуць ціск на беларускія ўлады дзеля неадкладнага спынення катаванняў, вызвалення палітычных зняволеных дзеячаў культуры і спынення практыкі пераследу дзеячаў культуры. Пашырыць магчымасці падтрымкі культурных праектаў і дзеячаў культуры, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі і трымаюцца дэмакратычнага парадку дня. Пашырыць магчымасці падтрымкі культурных праектаў, якія знаходзяцца па-за Беларуссю.

Цалкам рэкамендацыі можна ўбачыць тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.