Беларускі ПЭН адкрывае новы сезон Перакладчыцкай майстэрні

Беларускі ПЭН разам з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам абвяшчае новы сезон Перакладчыцкай майстэрні.

Праект існуе больш за дваццаць гадоў, майстэрня з’явілася ў пачатку 2000-х як частка навучальнай установы «Беларускі калегіюм». Яго кіраўнік-мадэратар – паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Сёлета майстэрня адбудзецца ў анлайн-фармаце, да яе можна будзе далучыцца з любой мясціны і краіны.

Перакладчыцкая майстэрня – гэта творчая прастора, дзе перакладчыкі і перакладчыцы мастацкай літаратуры збіраюцца разам, дзеляцца спробамі перакладу, абмяркоўваюць узніклыя праблемы і, знаходзячы рашэнні, набываюць неабходныя ў сваёй працы веды і навыкі. Бонусам такога падыходу з’яўляюцца наладжаныя сувязі паміж удзельніцамі ды ўдзельнікамі і стварэнне прафесійнай супольнасці.

Майстэрня займаецца перакладамі на беларускую мову з любой мовы і ў любым жанры (падборка вершаў, апавяданне, эсэ, фрагмент рамана, нон-фікшн і гэтак далей). Удзельнікамі і ўдзельніцамі праекта штораз стаюць як дэбютанткі і дэбютанты, так і спецыяльна запрошаныя майстры і майстрыні, якія дзеляцца сваім творчым досведам. Апроч перакладання на беларускую, гаворка пойдзе і пра пераклад нашай літаратуры на замежныя мовы, а таксама пра тое, як у сённяшняй няпростай сітуацыі апублікаваць перакладзены твор.

Сярод запланаваных гасцей – перакладчык і выдавец Сяргей Шупа, пісьменнік і перакладчык Альгерд Бахарэвіч, пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута, нямецкі перакладчык Томас Вайлер, паэтка і перакладчыца з іспанскай і на іспанскую Анхела Эспіноса Руіс ды іншыя вядомыя творцы.

Працягласць майстэрні – два месяцы. Сустрэчы будуць адбывацца анлайн на платформе ZOOM у жніўні – верасні, раз на тыдзень чацвяргамі, а 19:00–21:00 беларускага часу, хоць асабліва цікавыя дыскусіі могуць зацягнуцца і надаўжэй.

Удзел у майстэрні бясплатны. Колькасць месцаў абмежаваная, таму заахвочваюць усіх, хто жадае далучыцца да майстэрні, пісаць шчырыя і творчыя матывацыйныя лісты.

Падаць заяўку можна тут.

Дэдлайн: 5 жніўня (уключна).

Пра гісторыю майстэрні можна прачытаць тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!