Беларускі мужчынскі гурт «Kasary» прабіўся ў фінал прэстыжнага польскага фолк-фестывалю «Nowa Tradycja»

Беларускі мужчынскі гурт «Kasary» стаў фіналістам аднаго з самых аўтарытэтных польскіх конкурсаў — «Nowa Tradycja — Festiwal Folkowy Polskiego Radia». Музыкі паспяхова прайшлі адбор прафесійнага журы і будуць адзіным прадстаўніком Беларусі ў фінале гэтага значнага музычнага форуму.

Сёлета 27-ы Фолк-фестываль Польскага Радыё «Nowa Tradycja» пройдзе ў Варшаве з 21 па 24 мая. Пра свой поспех і выхад у фінал лідар гурта Сяргей Доўгушаў паведаміў на старонцы ў Facebook, заклікаўшы беларусаў прыйсці і падтрымаць іх у вырашальны дзень спаборніцтва.

Фэст «Nowa Tradycja» ладзіцца Нацыянальным польскім радыё з 1998 года і з’яўляецца галоўнай стартавай пляцоўкаю для эксперыментальнай этна-, фолк- і world-music музыкі ў рэгіёне. Конкурс вядомы сваімі высокімі патрабаваннямі: журы з ліку музыказнаўцаў і музычных журналістаў штогод адбірае фіналістаў з соцень заявак, ацэньваючы арыгінальнасць і ўменне актуалізаваць архаічныя карані. Выхад беларускага гурта ў фінал сведчыць пра высокі ўзровень выканання і ўнікальнасць беларускага матэрыялу для еўрапейскай экспертнай супольнасці.

Фота: сацсеткі Сяргея Доўгушава.

Конкурсны канцэрт з удзелам «Kasary» адбудзецца ў гэтую пятніцу, 22 мая, у канцэртнай студыі Польскага Радыё. Пераможцы конкурсу атрымаюць не толькі прэстыжныя ўзнагароды (у тым ліку Прыз імя Чэслава Немана), але і магчымасць запісу на дзяржаўным радыё. Агульны прызавы фонд складае 40 000 злотых, пераможца конкурсу таксама атрымае права выступіць на 28-м фестывалі ў 2027 годзе.

Час і месца сустрэчы: 22 мая (пятніца) а 17:00, Studio Koncertowe Polskiego Radia (імя Вітольда Лютслаўскага), Modzelewskiego 59, Варшава. Уваход — вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!