«Грыбны сезон» — такую назву мае постмадэрнісцкі твор беларускага мастака Аляксандра Некрашэвіча, які быў абраны ў фінал італьянскай прэміі Arte Laguna. Малюнак пра ядзерную пагрозу з «Апакаліптычнай серыі» можна будзе ўбачыць на выставе фіналістаў конкурсу сучаснага мастацтва ў лістападзе гэтага года ў прасторы Arsenale Nord у Венецыі.
Італьянская прэмія візуальнага мастацтва Arte Laguna ладзіцца раз на два гады. Сёлета фіналістамі 18-й эдыцыі конкурсу сталі 120 мастакоў з усяго свету — міжнароднае журы ажыццяўляла адбор работ з 20 000 заявак. Яшчэ прымаюцца заяўкі на 19-ю эдыцыю конкурсу. Вынікам падсумавання дзвюх эдыцый стане калектыўная выстава ў прэстыжнай прасторы Arsenale Nord у Венецыі ў лістападзе-снежні 2024 года. Куратарамі гэтай экспазіцыі стануць Джулія Калеці і К’яра Каналі.
Сёлета адбор работ на фінальную выставу засяродзіўся не столькі на асобе мастака — калі аддаецца прыярытэт маладым аўтарам, а на практыцы, якую выкарыстоўваюць творцы — на арыгінальных стылях і новых мастацкіх мовах.
Аляксандр Некрашэвіч — аўтар слыннага манументальнага палатна «Чужыя»: кампазіцыйна адсылаючы да вядомага твора польскага жывапісца Яна Матэйкі, творца на карціне выяўляе бойку паміж персанажамі поп-культуры — Чужымі і Драпежнікамі. Гэтаксама беларускаму гледачу вядомы яго работы з цыкла «Багі і героі».
Мастак, які родам з Палесся, працуе на стыку такіх мастацкіх напрамкаў як гістарычны жанр, поп-арт і contemporary art. Цытаты з вядомых твораў мінулага спалучаюцца ў яго жывапісе з фантастычнымі выявамі іншапланетных прышэльцаў з будучыні.
На конкурс жа Arte Laguna Аляксандр Некрашэвіч прадставіў малюнак «Грыбны сезон» з «Апакаліптычнай серыі» — цыкла, які мастак распачаў яшчэ ў 2013 годзе. Серыя, якая выканана каляровымі алоўкамі, з’яўляецца алюзіяй на тэму апошніх палітычных падзей у свеце і адлюстроўвае страхі і перажыванні аўтара, звязаныя з перспектывай сучаснага свету. На выяве «грыбы» ад ядзерных выбухаў падымаюцца ў паветра на фоне ідылічнага ляснога пейзажу.
Калектыўная выстава фіналістаў прэміі Arte Laguna адкрыецца на пляцоўцы Arsenale Nord у Венецыі 16 лістапада.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram