Беларускі квір-гурт CHORNABROVA выпусціў новы альбом COMA

Міждысцыплінарны музычны квір-гурт CHORNABROVA сёння выдаў новы альбом COMA. Беларуская спявачка, акторка і рэжысёрка Паліна Дабравольская разам з партнёркай і аўтаркай музыкі Кацпер Словік-Дабравольскай стварылі незвычайны праект, у якім расповед ідзе ад імя штучнага інтэлекту.

Рэліз нарадзіўся як працяг спектакля COMA, які Паліна Дабравольская разам з партнёрамі ўпершыню рэалізавала ў снежні мінулага года ў Берліне. Зараз музыка да тэатральнай дзеі атрымала самастойнае гучанне.

Гэта мой першы альбом на англійскай мове. І першы, музыка да якога нараджалася ў пошуку разам з маёй партнёркай, жонкай Кацпер Словік-Дабравольскай, — распавяла пра новую плытку Reform.by Паліна. — Мне належыць канцэпцыя альбому, частка тэкстаў, драматургія асобных песень. Музыка — аўтарства Кацпер. Можна сказаць, што рэліз стаў плёнам нашага вольнага музычнага пошуку. Таму ён увабраў у сябе шмат розных стылістычных кірункаў.

Увогуле канцэптуальна рэліз — пра штучны інтэлект і пра тое, што значыць быць чалавекам, — працягвае распавядаць аўтарка. — COMA — штучны інтэлект — намагаецца разабрацца, што значыць быць чалавекам. І кожная песня ў альбоме — падымае асобную тэму, звязаную з людзьмі, чалавецтвам і асобай. Зямля, цела, мацярынства, экалогія, міграцыя.… Кожны трэк — гэта гісторыя пра стаўленне Комы да нашага свету. І, натуральна, гэтыя кампазіцыі не маглі быць у адной стылістыцы.

Паліна і Кацпер прыдумалі нават адмысловы кірунак, у якім створана плытка — B-pop (бі-поп). Беларускі, бісексуальны, задзірлівы (на англійскай blustery) поп.

Гэта пра разнастайнасць, ідэнтычнасць і даніну павагі K-popy. Беларусам даўно час стварыць нешта аналагічнае, — лічыць Паліна. — Нягледзячы на тэкставую складанасць, па структуры песні з плыткі падобныя да звычайных, скажам так, true кампазіцый — з прыпевам, куплетам, кодай. У адрозненне ад майго папярэдняга альбому «Сарматыя»тут хутчэй не музычны ландшафт, а аўдыяперфоманс. Драматургія плыткі складаецца такім чынам, што калі слухаць трэкі па парадку, можна назіраць, як змяняецца Coma і свет вакол яе».

Музыка і акторка дадае, што ў плане зместу альбом задае больш пытанняў, чым дае адказаў.

Якім паўстане чалавек вачыма COMA? Рэліз заканчваецца фразай «Ці сапраўды цяжка быць добрым?». Пытанне, якое чалавецтва можа задаць сабе цяпер, і ў мінулыя часы. Хоць для мяне адказ на паверхні — каб быць Чалавекам, варта быць уважлівым да іншага, да Зямлі, на якой мы існуем, да прыроды, людзей і спрабаваць быць найлепшым сабой у кожнай хвіліне, — кажа Паліна Дабравольская.

Нагадаем, што дзеля таго, каб зрабіць фізічную версію альбома, квір-гурт CHORNABROVA ладзіў краўдфандынгавую кампанію. Паліна каментуе гэты крок як адзін з магчымых шляхоў дасягнуць слухача ў актуальных варунках.

Гэта сёння рэчаіснасць не толькі беларускіх музыкаў у эміграцыі, — дзеліцца яна сваім поглядам на праблему рэалізацыі творцаў у новай краіне. — Усе творчыя людзі, калі яны не працуюць на карпарацыі, на жаль, вымушаны так выжываць. Тут мы выходзім на вялікую размову, як дзейнічаюць сёння механізмы дасягнення поспеху. У капіталістычных умовах калі ў цябе ёсць грошы — ты можаш прабіцца. Калі няма — гэта зрабіць у разы цяжэй, так і можаш застацца ў андэграўндзе. Гэта доўгая размова наконт ганарараў і заробка на тых самых платформах. Сёння Spotify робіць так, што калі ў цябе менш, чым тысяча праслухоўванняў трэку — ты нічога не атрымліваеш. З іншага боку, калі задумацца пра тое, што тысяча людзей цябе слухае, ці гэта не прыстойна, не? Але такія правілы. І тут, канешне, мы вельмі ўдзячныя тым, хто падрымаў выхад нашай плыткі.

19 красавіка ў Варшаве адбудзецца паказ перформансу COMA ў Instytut Teatralny im. Zbigniewa Raszewskiego. Квіткі — тут.

Слухаць альбом COMA можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!