Аляксей Барысёнак. Фота: Крысціна Кулакова.
Адзін з самых прыкметных беларускіх арт-куратараў і даследчыкаў новага пакалення Аляксей Барысёнак абраны куратарам штогадовай выставы The Path / Takas («Шлях») у межах міжнароднага кірмашу сучаснага мастацтва ArtVilnius’26.
Вядомая падзея сучаснага мастацтва ArtVilnius абвясціла канцэпцыю сваёй 17-й эдыцыі, якая пройдзе з 1 па 4 кастрычніка 2026 года. Сёлета ў цэнтры ўвагі — дыялог паміж мастацкімі сцэнамі Вільні, Варшавы і Вены. Гэты рэгіянальны фокус закліканы ўзмацніць міжнародную бачнасць творчых практык і падтрымаць культурны абмен.
Куратарам ключавога спецпраекта кірмашу — выставы скульптуры, перформансу і інсталяцыі The Path / Takas — абраны Аляксей Барысёнак. Яго прызначэнне выглядае сімвалічным: беларускі куратар і даследчык, які жыве ў Вене і актыўна працуе з еўрапейскімі інстытуцыямі, як ніхто іншы пасуе для выбудоўвання сувязей паміж гэтымі трыма гарадамі.
Заўважым, што Аляксей вядомы сваёй працай на стыку мастацтва і палітыкі, а яго тэксты публікуюцца ў такіх прэстыжных сусветных выданнях, як e-flux Journal і L’Internationale Online. Ён быў стыпендыятам Vera List Center у Нью-Ёрку, а ў 2024 годзе выступіў сукуратарам біенале Matter of Art у Празе. Цяпер яго позірк будзе вызначаць аблічча адной з ключавых секцый ArtVilnius.
Што такое ArtVilnius?
ArtVilnius — гэта найбуйнейшы кірмаш сучаснага мастацтва ў краінах Балтыі і адна з самых значных арт-падзей ва Усходняй Еўропе, якая штогод збірае дзясяткі галерэй і сотні мастакоў з усяго свету. Гэта велізарная пляцоўка, якую наведваюць больш за 20 000 чалавек — ад выпадковых турыстаў да буйных міжнародных калекцыянераў і музейных куратараў.
Секцыя «The Path» (Takas) — гэта адмысловая, некамерцыйная частка кірмашу. Калі ў асноўных павільёнах галерэі прадаюць карціны, то «The Path» — гэта прастора для эксперыментаў, вялікіх інсталяцый і перформансаў. Сёлета яна пройдзе ўжо ў 16-ы раз.
Арганізатары ўжо адкрылі прыём заявак для мастакоў. Падаваць свае працы ў азначаных накірунках можна да 1 чэрвеня.
Сёлетні кірмаш сучаснага мастацтва пройдзе з 1 па 4 кастрычніка ў віленскім выставачным цэнтр Litexpo.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram