Фота: Маўрыцы Станкевіч.
У пастаянную каманду Новага тэатра ў Варшаве прыняты актор, перформер, танцор і харэограф з Гомеля Ігар Шугалееў.
Артыст вядомы еўрапейскай, у тым ліку, і беларускай публіцы па ролях у спектаклях «375 0908 2334/ Цела, якому вы тэлефануеце, зараз недаступнае» ( 375 0908 2334 /The body you are calling is currently not available), «Мяне завуць спадарыня Трофеа» (Ich heiße Frau Troffea ) — абодва ў рэжысуры беларускага мастака Сяргея Шабохіна.
375 0908 2334 / The body you are calling is currently not available прапаноўваў гледачу адчуць сябе затрыманым і фізічна перажыць бяспраўе, з якім беларусы сутыкнуліся ў 2020 годзе і пазней. Пастаноўкі былі паказаныя на пляцоўках Германіі, Польшчы, Венгрыі, Літвы.
Таксама творцу можна ўбачыць у спектаклі Igor / Dawid, створанага сумесна з польскім рэжысёрам, акторам Давідам Жакоўскім.
«Цэнтральная тэма мастацкай практыкі актора — фізічнае цялеснае знясіленне, сімвалічная адсылка да сістэмнага прыгнятання чалавека. На міжнароднай арэне ён атрымаў прызнанне дзякуючы палітычнаму вымярэнню сваіх прац, у якіх закранаў такія тэмы, як пратэст, уплыў палітычных рэжымаў або асабістыя тлумачэнні свабоды. Яго перформансы былі прадстаўлены на найважнейшых еўрапейскіх фестывалях мастацтва. З 2021 года яны таксама ў рэпертуары Новага тэатра. Мы рады, Ігар Шугалееў, што ты з намі», — віншуе артыста з прыняццем у трупу каманда тэатра.
«Дзякуй Новаму тэатру за давер і новыя магчымасці, — напісаў творца ў сваіх сацсетках. — Для мяне гэта і вялікая радасць, і адказнасць. Да сустрэчы на сцэне ў новым сезоне!».
Ігар Шугалееў нарадзіўся ў Гомелі. Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «актор тэатра і кіно». Супрацоўнічаў з KARAKULI Dance Theatre, KorniagTHEATRE, HUNCHTheatre Belarus, TOKtheatre. З 2021 года жыве ў Польшчы.
Праект «Цела, якому вы тэлефануеце, зараз недаступнае», у якім іграў перформер, быў прэзентаваны 38 разоў у 10 краінах Еўропы. Сродкі, сабраныя ад выступаў, былі накіраваныя на дапамогу пазбаўленым волі ў Беларусі.
У 2023-м у Ігара Шугалеева здарылася траўма нагі. Ён прайшоў праз некалькі аперацый, доўгі курс рэабілітацыі, каб вярнуцца на сцэну. Прызнанне яго працы польскімі калегамі — безумоўны поспех і павага да таленту, волі і адданасці мастацтву беларускага творцы.
Новы тэатр (Nowy teatr) — адзін з перадавых тэатраў у Варшаве, у якім іграюць адны з найлепшых актораў Польшчы: Анджэй Хыра, Магдалена Цылецка, Барташ Біленя, Жыгмунд Малановіч, Яцэк Мондэй ды іншыя артысты. Рэжысёр тэатра — выбітная фігура еўрапейскага тэатра Кшыштаф Варлікоўскі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram