Беларуская мастачка Цемра прайшла адбор з больш чым 1600 заявак і ўвайшла ў фінал прэстыжнага конкурсу ў Польшчы

Беларуская мастачка Цемра ўвайшла ў лік 32 фіналістаў мастацкай прэміі KAF Young Art Prize 2026. Міжнароднае журы абрала яе працы з-паміж 1 668 заявак з 38 краін свету.

KAF Young Art Prize — гэта міжнародны конкурс для маладых мастакоў з усёй Еўропы, заснаваны незалежнай арт-інстытуцыяй Krupa Art Foundation ва Уроцлаве. Конкурс падтрымлівае аўтараў на пачатку прафесійнай кар’еры ў галіне жывапісу, лічбавага мастацтва, скульптуры і інсталяцыі. Мэта прэміі — вылучыць выбітныя і наватарскія мастацкія пазіцыі, падтрымаць аўтараў, чый голас чуллівы да актуальных сусветных праблем, а таксама заахвоціць да эксперыментаў і смелых творчых рашэнняў.

Выстава фіналістаў пад назвай «No-Clip Dwelling» (куратаркі — Наталля Барчыньская і Моніка Лушпак-Скіба) адкрываецца 7 лістапада ў прасторы Krupa Art Foundation ва Уроцлаве. Імёны пераможцаў конкурсу стануць вядомыя напярэдадні адкрыцця.

Што мастачка пакажа ва ўроцлаўскай галерэі?

На выставе Цемра прадстаўляе дзве свае працы. «HOMELESS» (2026) — новы скульптурны малюнак, прысвечаны даследаванню страты стабільнасці і адчування свайго месца ды прыналежнасці. «ZIAMLIAČKA» — рэзанансны праект, які пасля паказаў у Аўстрыі (Грац) і Бельгіі (Генк) упершыню дэманструецца ў Польшчы.

Праца Цемры «HOMELESS». Фота: сацсеткі мастачкі.

«ZIAMLIAČKA»: гісторыя і новая форма

Праект «ZIAMLIAČKA» Цемры пачаўся ў лістападзе 2024 года як прыватны рытуал самавылячэння ад стомленасці выгнаннем і захавання памяці пра страчаную Радзіму.

Падчас першых выставаў у Аўстрыі і Бельгіі цэнтральным аб’ектам быў 225-кілаграмовы курган рэальнай зямлі, нелегальна прывезенай з роднай вёскі Міраны пад Гроднам. Ва Уроцлаве ж мастачка робіць адсутнасць глебы галоўнай часткай канцэпцыі — праект паўстане ў новай, яшчэ больш метафарычнай форме. Самой зямлі на выставе больш не будзе — замест масіўнага кургана глядач пабачыць толькі кратар і пустэчу.

Галоўным аб’ектам становіцца выдзьмутае ўручную шкляное насенне. У ім закансерваваны водар той самай беларускай зямлі (атрыманы старажытным метадам анфлеражу). Насенне вісіць у паветры над кратарам і імкнецца назад да долу, дзе больш нічога не засталося.

Гэта сімвалізуе новую фазу траўмы выгнання: рэальная зямля і дом страчаныя (засталася пустэча), але іх водар і дух захоўваюцца ў насенні як сімвал надзеі на новае жыццё і будучае вяртанне.

Так інсталяцыя «Зямлячка» выглядала ў Глеку. Фота: сацсеткі мастачкі.
Шкляное нясенне з водарам зямлі. Фота: сацсеткі мастачкі.

«Спадзяюся, сустрэнемся ва Уроцлаве»

«Я асабліва спадзяюся, што беларусы, якія жывуць у Польшчы, будуць мець магчымасць пабачыць гэтыя працы. Калі будзеце ва Уроцлаве, шчыра запрашаю наведаць», — адзначае мастачка.

Цемра (Cemra) — творчы псеўданім беларускай мастачкі Дар’і Сямчук (нарадзілася ў 1990 у Гродне). З 2022 года яна жыве і працуе ў Варшаве, куды мусіла з’ехаць праз рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У сваёй творчасці Цемра працуе з тэмамі нацыянальнай ідэнтычнасці, траўмы выгнання, страты дома, уразлівасці і стойкасці.

Выстава фіналістаў KAF Young Art Prize 2026 — «No-Clip Dwelling» адкрыецца 7 лістапада 2026 года ў Krupa Art Foundation па адрасе Rynek 27/28.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram